Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Землякі ў Беларусі смуткуюць па Эзэру Вэйцману


Вячаслаў Кулік, Менск 26 красавіка ў Ізраілі адбудзецца пахаваньне экс-прэзыдэнта гэтай краіны Эзэра Вэйцмана. Ён памёр ва ўзросьце 80 гадоў. Нябожчык меў беларускія карані.

Эзэр Вэйцман пакінуў гэты сьвет у галоўнае юдэйскае сьвята Пэйсах. У вёсцы Моталь на берасьцейскім Палесьсі людзі выказваюць словы спачуваньня. Паводле тамтэйшай жыхаркі Вольгі Мацкевіч, бацька Эзэра Вэйцмана нарадзіўся ў Моталі. “Адсюль паходзіць таксама і дзядзька нябожчыка – першы прэзыдэнт Ізраіля Хаім Вэйцман. Ён памятаў пра сваю малую радзіму і наведваў яе”, кажа землячка прэзыдэнтаў Вэйцманаў.

(Мацкевіч: ) “Маталяне, пачуўшы, што памёр пляменьнік Хаіма Вэйцмана, з жалобаю ўспрынялі гэтую вестку і смуткуюць з нагоды ягонай сьмерці”.

Паводле Вольгі Мацкевіч, у былым габрэйскім мястэчку Моталь да цяперашняга часу захаваўся драўляны дом сям''і Вэйцманаў.

(Мацкевіч: ) “Збудаваны ён вельмі даўно. Дрэва на гэты дом везьлі з Белавескай пушчы. Габрэі закупілі там цэлую дзялянку”.

Цяперашняя гаспадыня былога дома Вэйцманаў Сафія Цішына мае 82 гады веку. Жанчына гаворыць, што ў 1946 годзе гэтыя сьцены далі прытулак сіротам вайны. Пасьля сюды засяліліся калгасныя сям''і. Па словах кабеты, зараз гэта звычайны падворак са сьлядамі, так бы мовіць, вечнага рамонту. Ніякай удзячнай шыльды Вэйцманам на іхным былым доме няма. “Госьці з замежжа шукаюць сьцяжынку да яго парога толькі дзякуючы роспыту вяскоўцаў”, кажа бабуля Цімошына.

(Цішына: ) “І цяпер былі, гэтага року. Расказваю. Ды яны і самі бачаць. Тут перабудавалі гэту хату. А вайна выгубіла габрэяў у Моталі”.

Паводле загадчыца музэю Беларускай габрэйскай суполкі Іны Герасімавай, Беларусь зьяўляецца радзімай прэзыдэнтаў Ізраілю Хаіма і Эзэра Вэйцманаў, а таксама Залмана Шазара. Тут нарадзіліся і правялі дзяцінства палітычныя дзеячы Ізраілю Мэнахім Бэгін, Іцхак Шамір, Шымон Пэрэс. Па словах спадарыні Герасімавай, ніхто з гэтай вядомай усяму сьвету плеяды не атрымаў да цяперашняга часу годную памяць у Беларусі.

(Герасімава: ) “На вялікі жаль. Адзінае, што нам удалося, гэта калі было 125 гадоў Хаіму Вэйцману, то ў Пінску на будынку, дзе ён вучыўся, была прымацаваная памятная дошка. Эзэр Вейцман быў у той час прэзыдэнтам Ізраіля”.

Як мяркуе зьбіральнік гістарычнай спадчыны з мястэчка Радунь Воранаўскага раёну Іван Фясенка, “цяперашняя ўлада здольная ўважыць памяць пра юдэяў, калі ёсьць падстава для гандлю”. Так, па словах суразмоўцы, дом габрэйскага філёзафа Хафэца Хайма, быў перавезены ў Ізраіль у абмен на аўтамабіль “хуткай дапамогі”...

(Фясенка: ) “Пакуль ва ўладаў дойдуць рукі да такіх помнікаў, то, як яны гавораць, пройдзе 30 – 40 гадоў. Мы разумеем, што гэта нашыя агульныя каштоўнасьці. А дзяліць, напрыклад, што гэта габрэйскае, тое– татарскае, а гэта – беларускае, так нельга. Гэта каштоўнасьці нашага беларускага народа”.
XS
SM
MD
LG