Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава адмаўляецца ўтрымліваць дзяцей-сіротаў


Галіна Абакунчык, Менск 26 красавіка Палата прадстаўнікоў разгледзіць унёскі ў Кодэкс аб шлюбе й сям''і, якія мусяць узмацніць адказнасьць бацькоў, што ўхіляюцца ад выхаваньня сваіх дзяцей. Адпаведнае распараджэньне зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас штогадовага звароту да Нацыянальнага сходу. Паводле кіраўніка краіны, гэтыя бацькі будуць “ня проста працаваць, а “пахаць” і плаціць за ўтрыманьне ўласных дзяцей, колькі належыць”. Што менавіта чакае такіх бацькоў?

Парлямэнцкая камісія ў справах сям''і й моладзі прапаноўвае ў названы закон дзьве, але істотныя папраўкі. Да сёньня з гэткіх бацькоў утрымлівалі заробак у памеры выплатаў элемэнтаў. Гэта значыць – 25% на дзіця й ня больш за палову ад усяго заробку. Зараз жа яны будуць кампэнсаваць дзяржаве выхаваньне сваіх дзяцей на 100%. Прычым ня толькі да 18-гадоў, але і ў часе іхнага навучаньня ў сярэдне-спэцыяльных ці вышэйшых навучальных установах.

Што пра гэта думаюць шараговыя грамадзяне краіны? Вось адказы менскіх мінакоў:

(Спадар: ) “Я лічу, што калі ня ўмееце выхоўваць дзяцей самі, то дзяржава павінна самым жорсткім спосабам спаганяць гэтыя грошы на ўтрыманьне дзяцей”.

(Спадарыня: ) “Канечне, зь іх павінны браць грошы на ўтрыманьне іхных дзяцей. Бо дзяржаве цяжка ўсё ахапіць: і пэнсіянэраў у нас шмат, і іншых катэгорыяў грамадзянаў-ільготнікаў. Канечне, яны павінныя несьці адказнасьць за свае адносіны да дзяцей”.

(Спадар: ) “Канечне, адказнасьць такіх бацькоў павінная быць. Пытаньне пастаўлена правільна, цалкам падтрымліваю меркаваньне, што менавіта яны павінныя несьці ўвесь цяжар адказнасьці за сваіх дзяцей і ня кідаць іх”.

(Спадарыня: ) “Павінна быць так, бо ў дзяржавы хапае такіх, каго яна павінная падтрымліваць. А калі яны мелі сьмеласьць нарадзіць дзяцей, то яны павінны й навучыцца іх выхоўваць, альбо плаціць за гэта дзяржаве ўсе неабходныя сродкі”.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, сёньня ў Беларусі амаль 33 тысячы дзяцей-сіротаў. Кожны год гэтая лічба павялічваецца на 3 тысячы. У мінулым годзе беларускія сем''і ўсынавілі ўсяго каля 360 малых, а грамадзяне замежных краінаў каля 700.

Як дзяржаўныя чыноўнікі ставяцца да распараджэньня Аляксандра Лукашэнкі зьвесьці да мінімуму замежнае ўсынаўленьне, і як ва ўладных структурах бачаць вырашэньне праблемы сацыяльнага сіроцтва? Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі й іншых дзяржаўных ведамстваў стараюцца замоўчваць усялякія афіцыйныя лічбы і ўнікаюць размоваў на гэтую тэму. Але, як паведамілі ва Ўправе сацыяльнай і выхаваўчай працы, яны згодныя з заявай кіраўніка краіны, што дзяржава сама здольная выхаваць сваіх дзяцей. А як яны бачаць вырашэньне праблемы сацыяльнага сіроцтва, у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў кіраўнік управы Георгій Бутрым:

(Бутрым: ) “Да прыкладу, толькі за тры гады – Беларусь у гэтым сэнсе трымае рэкорд – мы адкрылі 145 прытулкаў сацыяльных. А мэта стварэньня сацыяльнага прытулку – паўплываць на перадухіленьне сацыяльнага сіроцтва. І ўжо ў мінулым годзе каля 800 дзяцей, якія прайшлі праз сацыяльны прытулак, былі назад вернутыя ў сям''ю. Іншае, калі сям''ю не ўдалося захаваць, трэба ўладкаваць дзяцей у сем''і, якія заменяць біялягічныя: усынаўленьне, апякунства, а таксама гадоў пяць, як пачаў разьвівацца інстытут прыёмнай сям''і, па кантракту”.

Ці пагаджаюцца з такім падыходам да вырашэньня праблемы сіроцтва прадстаўнікі грамадзкасьці? І як яны лічаць: што стаіць за ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі прымусіць бацькоў цалкам аплочваць выхаваньне сваіх дзяцей у дзяржаўных установах?

Па-першае, яны лічаць, што адміністрацыйнымі ці рэпрэсіўнымі сродкамі асацыяльныя сем''і наўрад ці можна перавыхаваць. Па-другое, ня ўсе бацькі ўхіляюцца ад выхаваньня сваіх дзяцей: многія фізычна ня ў стане іх утрымліваць і таму вымушаныя пакідаць пад апекаю сацыяльных службаў. І па-трэцяе, выкараняць сацыяльнае сіроцтва трэба не праз стварэньне дадатковых дзіцячых прытулкаў, а праз умацаваньне сем''яў да тае пары, пакуль яны сталі ў шэрагі “праблемных”. Гэта й дапамога ў жыльлёвых праблемах, працаўладкаваньні й г.д. Да прыкладу, вось што кажа адна зь лідэраў беларускага жаночага руху Людміла Пеціна:

(Пеціна: ) “Ёсьць розныя абставіны. Канечне, ёсьць асацыяльныя бацькі, але ёсьць і адзінокія маці, якія ня ў стане ўтрымліваць дзяцей. І для такіх бацькоў гэта будзе вялікая праблема. Мне падаецца, што дзяржава хоча зьняць з сябе адказнасьць і замест таго, каб дапамагаць у сакавіку былі зьнятыя ільготы на другое й трэцяе дзіця. Гэткім чынам, бацькі адмаўляюцца ад дзяцей, бо на першым пляне стаяць эканамічныя праблемы. Калі б была лепшая падтрымка сям''і, то й гэткіх сацыяльных праблемаў у дзяржаве было б значна менш”.

Як паведамілі нашаму радыё у адпаведнай парлямэнцкай камісіі, зараз у Міністэрстве працы й іншых ведамствах разглядаюцца мэханізмы спагнаньня з бацькоў сродкаў на ўтрыманьне дзяцей у дзяржаўных сацыяльных прытулках. Сярод іншага мяркуецца, што бацькі, якія ўхіляюцца ад выплатаў, могуць быць пакараныя абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі ад двух да пяці гадоў.
XS
SM
MD
LG