Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзеліся 90 тысяч даляраў Міхаіла Марыніча?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 26 красавіка – дакладна год з таго дня, як у Менску быў арыштаваны былы амбасадар і міністар Міхаіл Марыніч. Зараз ён адбывае пакараньне ў калёніі. Паводле судовага рашэньня – нібыта за выкраданьне кампутараў... Які лёс 90 тысячаў даляраў, знойдзеных падчас арышту ў спадара Марыніча?

Міхаіл Марыніч лічыцца арыштаваным з 26 красавіка 2004 году, хаця гісторыя ягонага затрыманьня пачалася на некалькі дзён раней. Позна ўвечары інспэктар менскай дарожнай службы спыніў аўтамабіль Марыніча нібыта за перавышэньне хуткасьці. Цікава, што пратакол аб парушэньні хуткаснага рэжыму Марынічам гэтак і ня быў складзены. Інспэктар адразу запатрабаваў паказаць багажнік аўтамабіля і выклікаў па рацыі дапамогу.

Ужо праз колькі хвілінаў пад’ехаў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам КГБ і адвёз Марыніча з асабістымі рэчамі на агляд. Працэдуру агляду зьнялі на відэа і 26 красавіка стужку ўбачыла ўся краіна. Галоўныя месца ў сюжэце займалі 90 тысяч даляраў, якія чэкісты знайшлі ў кейсе экс-міністра. Пракуратура абвясьціла, што частка даляраў фальшывыя, а таму Марыніч будзе затрыманы, пакуль разьбяруцца, адкуль у яго гэтыя грошы.

Сапраўды: як у былога міністра і амбасадара, чалавека вельмі вядомага ва ўладных колах Беларусі, Расеі, заходніх краінаў, аказаліся фальшывыя даляры? Сыны Марыніча перакананыя: фальшыўкі бацьку падкінулі супрацоўнікі КГБ, і ня выключана, што гэта адбылося яшчэ да таго, як ён сеў у свой аўтамабіль.

(Павал Марыніч: ) "Калі яго затрымалі, ён жа ехаў са свайго гаража, і за ім сачылі ад гаража. А сьведкі потым распавялі, што каля гаража бачылі нейкіх людзей падазроных. Потым з гэтым кейсам з грашыма яго і затрымалі. Атрымліваецца, што частку грошай раней падмянілі на фальшывыя".

А што казаў пра тое сам Марыніч? З паходжаньня 90 тысяч “зялёных” сакрэту ён не рабіў, паведаміў: сябры ў Расеі далі на перадвыбарчую кампанію. На сьледзтве выказваў вэрсію – фальшыўкі падкінулі. Між тым, суд над Марынічам, які адбыўся праз 8 месяцаў пасьля ягонага арышту, фінансамі наагул не займаўся. Былога міністра абвінавацілі ў выкраданьні кампутараў, а эпізод з фальшыўкамі вылучылі ў асобную справу, паводле якой ён лічыўся сьведкам. Сьведкаў, згодна зь беларускім законам, з матэрыяламі крымінальнай справы знаёміць нельга, таму Міхаіл Марыніч і дагэтуль ня ведае, адкуль узяліся фальшыўкі, ці сапраўды яны былі.

Ігар Марыніч кажа, што нумары падробленых банкнотаў ужо сустракаліся ў беларускай судовай практыцы.

(Ігар Марыніч: ) "У нас ёсьць дадзеныя, па якіх крымінальных справах гэтыя купюры праходзілі. Прычым у некаторых справах супадаюць і колькасьць купюр, і нумары. Таму мы мяркуем, што КГБ працягвае гэтую апэратыўную працу".

Што ж урэшце сталася з 90 тысячамі даляраў, з улікам і фальшывых? Гаворыць абаронца Марыніча адвакат Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) ”Частка прысуду была ў тым, што ў Марыніча канфіскуецца ўся маёмасьць, таму ўсе грошы, якія тады ў яго адабралі, канфіскаваныя. Такім чынам, гэтыя 90 тысяч даляраў Марыніч бачыў апошні раз год таму. У тым ліку канфіскавалі грошы, якія не былі фальшывыя. Яшчэ да суду Марыніч шмат разоў хадайнічаў, каб іх вярнулі, але яму адмовілі, прычым неабгрунтавана”.

Нагадаем, больш за год знаходзяцца за кратамі гарадзенскія прадпрымальнікі Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў, якіх пакаралі за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Ужо амаль 5 гадоў у турме знаходзіцца прафэсар Юры Бандажэўскі. Як і Міхаіл Марыніч, яны таксама прызнаныя ў сьвеце вязьнямі сумленьня. Адвакаты сумняюцца, што да іх будзе выкарыстаная будучая амністыя. Затое, паводле неафіцыйных звестак, яна будзе прымененая адносна былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай, якая за крадзеж 3 мільёнаў даляраў атрымала 3,5 гады зьняволеньня, але ў турму не патрапіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG