Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ”: “Акадэмікі не здаюцца”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

У смаргонскіх вэртыкальнікаў – настальгія па савецкіх часах. Паколькі сельскія клюбы амаль паўсюль пазакрываліся, мясцовы кінапракат адрадзіў так званыя “кінаперасоўкі”, якія езьдзяць па вёсках і круцяць у школах ці сельсаветах фільмы. Пачалі з паказу беларускага блёкбастэру “Вам – заданьне”, паводле сцэнара Мікалая Чаргінца. А ў 20-ці школах раёна адноўленыя атрады юных інспэктараў руху, паведамляе “Смаргонскі выпуск “Местной газеты”.

Газэта піша і пра тое, як былы зяць прыехаў да цешчы “на бліны” і скраў у вэтэрана працы, знакамітай даяркі, Залатую зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароду прадаў на маладзечанскім рынку за 180 даляраў. Прысуд злодзею – 5 месяцаў арышту і выплата былой цешчы 600 даляраў за маральную шкоду.

“Белорусская деловая газета” некалькі матэрыялаў прысьвячае беларуска-расейскім стасункам: “Саюзная дзяржава: дыстанцыйны курс выжываньня”, “Тры саюзныя стопары”, “Перасьпелы лёс”. Стану справаў у лясной галіне прысьвечаны артыкул “Лес рубяць – шчэпкі ляцяць”.

Дзякуючы стойкасьці і прынцыповасьці прэзыдыюму Акадэміі навук зноў не ўдалося ўнесьці зьмяненьні ў Статут акадэміі, што тычацца працэдуры выбараў і ўзроставай квоты на вакансіі акадэмікаў і член-карэспандэнтаў – артыкул у “БДГ” называецца “Акадэмікі не здаюцца”.

“Витебский курьер” у аўторкавым нумары распавядае, што адразу тры амбасадары Нямеччыны ў Беларусі (самы першы, цяперашні і папярэдні) наведалі Віцебск, Міжнародны фэстываль клясычнай музыкі імя Салярцінскага. Спадар Райнхард Краус, цяперашні генэральны консул у Санкт-Пецярбурзе, першы ў найноўшай гісторыі амбасадар ФРГ у Беларусі і да таго ж – прафэсыйны музыка, выступаў у складзе квартэту. Марцін Гэкер і Гельмут Фрык наведалі фэстываль у якасьці аматараў рэдкай музычнай клясыкі. Дыпляматы пабывалі ў рэдакцыі “Витебского курьера”, наведалі музэй Марка Шагала.

Віцебскі гарвыканкам прадаў на аўкцыёне помнік архітэктуры ў прыватную ўласнасьць. Пачатковы кошт продажу – 53,5 мільёны рублёў, але прэтэндэнтаў на помнік архітэктуры ХІХ стагодзьдзя было два, у выніку канчатковая продажная цана пераваліла за 575 мільёнаў. Пасьля завяршэньня гандлю пераможца па гэтым лоце выкарыстаў права не разгалошваць інфармацыю пра будучага ўладальніка, а што да пэрспэктываў – абмежаваўся заўвагай, што гэтае пытаньне не ў ягонай кампэтэнцыі, паведамляе “Витебский курьер”.

У аўторкавым нумары “Комсомольской правды” в Белоруссии” – добрая навіна для жадаючых паступіць у ВНУ: на некаторых факультэтах абітурыенты змогуць выбраць спэцыялізацыю ўжо пасьля экзамэнаў. Часьцяком учорашнія школьнікі, якія мараць стаць кампутаршчыкамі альбо, да прыкладу, гісторыкамі, ужо ў прыёмнай камісіі пачынаюць мітусіцца – якую спэцыяльнасьць абраць: тую, на якую конкурс меншы, альбо больш прэстыжную? Пра новыя правілы паступленьня піша “Комсомолка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG