Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 красавіка – 19-я гадавіна чарнобыльскай катастрофы


Алесь Дашчынскі, Менск 26 красавіка – Дзень чарнобыльскай катастрофы. З часу выбухаў на атамнай станцыі спаўняецца 19 гадоў. Чаму ў беларускім грамадзтве паменшала ўвагі да чарнобыльскай праблематыкі? Што кажуць пра гэта вядомыя ў краіне асобы? Наш карэспандэнт гутарыў на гэтую тэму зь Юрыем Бандажэўскім, Аляксандрам Вайтовічам, Сьвятланай Алексіевіч і іншымі.

Дэпутатка Марыя Худая скардзіцца, што нягледзячы на яе намаганьні сёлета ў парлямэнце адмянілі слуханьні ў гэтым пытаньні. Аднак было б вельмі карысна дэпутатам паехаць у чарнобыльскі рэгіён і там абмеркаваць гэтую праблему. Складана дамагчыся нейкіх вынікаў і ў іншых пытаньнях, зьвязаных з наступствамі чарнобыльскай катастрофы.

(Худая: ) “Праблема была, ёсьць і будзе існаваць, толькі цяпер, можа, мяняюцца крытэры падыходу. Ня вырашаны да гэтага часу пытаньні вода- і газазабесьпячэньня, іншыя сацыяльныя пытаньні, зьвязаныя з псыхалягічнай настроенасьцю людзей, забесьпячэньнем працоўнымі месцамі, новымі тэхналёгіямі ў галіне сельскай гаспадаркі, бо вырабляць брудную прадукцыю, гэта, бясспрэчна, нават злачынна. Гэтай праблеме павінны надаваць увагу ўрад і парлямэнт, працаваць з насельніцтвам, зь мясцовымі органамі ўлады.

Робіцца многа, але ці заўсёды яно эфэктыўна выкарыстоўваецца? Мы кажам "бясплатнае дзіцячае харчаваньне", але ж трэба глядзець, чым мы кормім дзяцей! Грошы, якія ўкладаюцца, павінны даваць найбольшую аддачу, быць больш эфэктыўнымі і эканомнымі. Гэта не азначае, што мы павінны эканоміць сёньня на дзіцяці. Гэтая праблема харчаваньня застаецца. Як бы мы ні казалі, што сёньня ў Гомельскай вобласьці нельга грыбы зьбіраць у асноўным, але зьбіраюць, ня ведаюць якім шляхам гэтыя радыёнукліды выводзіць.

Трэба праводзіць прафіляктычную і адукацыйную працу сярод людзей, а сілай кожнага не прымусіш. Я, да прыкладу, падымала пытаньне на Савеце міністраў, што сёньня нельга дазволіць вырошчваць цукровыя буракі ў Хойніках і вазіць яе на Гарадзейскі цукровы завод. У выніку быццам і ўрад падтрымаў, а цяжка сказаць, ці будуць яны сеяць. Зямля забруджаная радыёнуклідамі, стронцыем. Навошта нам расьсяваць стронцый ледзь не па ўсёй рэспубліцы?"

Мне ўдалося зьвязацца з прафэсарам Юрыем Бандажэўскім, які адбывае пакараньне ў калёніі-пасяленьні. Нагадаю, былы рэктар Гомельскага мэдычнага інстытуту быў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўленьня волі быццам бы за хабарніцтва. Аднак многія адмыслоўцы лічаць, што прафэсар пакараны найперш за тое, што ягоныя дасьледаваньні ў галіне радыяцыйнай мэдыцыны разыходзіліся з афіцыйнай пазыцыяй. Чым ён тлумачыць малую цікавасьць да чарнобыльскай тэмы ў грамадзтве?

(Бандажэўскі: ) "Апатыя ў грамадзтве – гэта дрэнна і адносна здароўя чалавека, і грамадзянскай пазыцыі. Гэта сьведчыць наагул пра ступень сьпеласьці ўсяго грамадзтва. Чарнобыль, як лякмусавая паперка, якая ад пачатку праявіла адносіны да ўсяго, што адбываецца. Калі ў 1990-м годзе я прыехаў у Гомель, у суседняй Украіне мяне ўразіла актыўнасьць украінцаў на міжнароднай арэне, як яны змагаліся за навуковыя, міжнародныя праекты, і ім дапамагалі тады вельмі актыўна. Хаця мы пацярпелі больш, цяжка нам, але застаецца схільнасьць да замоўчваньня, а на тое была дзяржаўная ўстаноўка, пачынаючы з 1986-га году. Адносіны грамадзтва да таго, што зь ім адбываецца, праяўляецца праз Чарнобыль. У астатнім тое ж самае, таму я не зьдзіўляюся: усё, што нас акружае і што цяпер мы назіраем – гэта вынік грамадзкай апатыі”.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Юры, на што цяпер неабходна зьвярнуць найпершую ўвагу, што вас найбольш хвалюе ў гэтай тэматыцы?"

(Бандажэўскі: ) "Я проста перажываю за тое, што мы прапускаем вельмі важны пэрыяд, калі трэба прадпрымаць актыўныя дзеяньні адносна здароўя людзей. Для гэтага трэба працаваць, а ня проста казаць, што мы нешта робім. І калі гэта ўсё згорнута, калі колькасьцю лякарняў спрабуем ліквідаваць захворваемасьць, мы яе ніколі не ліквідуем. На жаль, губляем час для вывучэньня, каб нешта рабіць, трэба зразумець прычыны і наступствы захворваньня, а ня проста так аб''яўляць чарговыя лёзунгі ці нейкія кампаніі".

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч зьвяртае ўвагу на тое, што малая цікавасьць да чарнобыльскай праблематыкі зьвязана з адсутнасьцю інфармацыі. Пра гэтую трагедыю згадваюць хіба толькі ў сувязі зь яе гадавінай.

(Вайтовіч: ) “Створана такая сытуацыя, што большасьць сродкаў масавай інфармацыі – гэта дзяржаўныя сродкі, і яны найбольш уплываюць на грамадзкую думку, таму што вялікія наклады газэт і ўсё тэлебачаньне, радыё. А ў іх гэта амаль не гучаць праблемы, зьвязаныя з чарнобыльскай катастрофай. Таму і грамадзтва так вось ставіцца да гэтага. Яно ня мае інфармацыі дакладнай”.

Ці адчуваюць у пацярпелых рэгіёнах недахоп увагі да сябе? Старшыня Чачэрскага райвыканкаму Васіль Максіменка цьвердзіць, што цікавасьць да чарнобыльскай праблематыкі ёсьць, і пра гэта, у прыватнасьці, сьведчаць наведваньні кіраўніком краіны пацярпелых рэгіёнаў. Чакаецца, што сёньня Лукашэнка прыедзе ў Веткаўскі раён, а гады два таму ён быў у Чачэрскім раёне.

(Максіменка: ) “Таму я не сказаў бы, што малая. Можа, недастаткова сродкаў сёньня дзеля таго, каб зрабіць усё, што хацелі б мы тут. Так, сапраўды ёсьць такая праблема. А тое, што зусім мала ўвагі ўдзяляюць, то гэта ня так. Сёньня турбуюць пытаньні асфальтаваньня населеных пунктаў, бо практычна цягам апошніх гадоў грошы на гэта практычна не выдзяляюцца, не хапае іх нам, не хапае грошай для будаўніцтва жыльля, не хапае абсталяваньня мэдычнага. Я тут 19 гадоў пражыў – і ніколі сродкаў не хапала".

Вядомая пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч – аўтар кнігі “Чарнобыльская малітва”, дарэчы, так і ня выдадзенай афіцыйна ў Беларусі. Але яна выйшла ў 19 краінах сьвету, у тым ліку ў Кітаі. У Францыі па ёй пастаўлены спэктаклі, здымаецца кінафільм. Чаму ж у беларускім грамадзтве малая цікавасьць да чарнобыльскай тэматыкі?

(Алексіевіч: ) "Мы апынуліся ня ў стане асэнсаваць тое, што адбылося. Чарнобыльская катастрофа асэнсавана толькі на антыкамуністычным, антырасейскім і такім мэдычным узроўні, наколькі гэта магчыма, паколькі Бандажэўскі зьняволены і ёсьць пэўны перасьлед прафэсара Несьцярэнкі. Трагедыя аказалася вышэй за нас. У нашай культуры няма такіх напрацовак, каб мы маглі асэнсаваць гэта, увайсьці з гэтым у кантэкст сусьветнай культуры, бо гэта насамрэч рэпэтыцыя будучых страхаў чалавецтва. А наша філязофія, літаратура вельмі павярхоўна ўсё гэта асэнсавала. У гэтым праблема: немагчыма ж зьбіраць людзей і спадзявацца, што яны пакажуць сваё процістаяньне толькі на палітычным роўні. Усё тыя ж самыя ідэі, колькі я чую людзей, якія ў гэты дзень выступаюць, гэта, канешне ж, надакучыла ўсім і нецікава. А ідэй новых няма, таму што не асэнсавана. У гэтым праблема: людзі ўмеюць хутчэй, чым нашая эліта.

Палітыка наша ня думаю што нашмат далей, чым літаратура ці мастацтва. Наша сёньняшняя палітыка – і афіцыйная, і апазыцыйная – у ранейшых пастках мінулых формаў процістаяньня, ранейшага разуменьня рэчаў. Я думаю, мы апынуліся бясьсільнымі перад гэтым, нельга ж цягам амаль 20-ці гадоў паўтараць адно і тое ж, тым болей такія павярхоўныя рэчы палітычныя. Палітыкі наагул ня ведаюць, што з гэтым рабіць, яны ў свой час выкарысталі гэта ў першыя гады, а цяпер яны наагул ня ведаюць, што рабіць..."
XS
SM
MD
LG