Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Партызанская школа" атрымала прыз


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дакумэнтальны фільм “Партызанская школа” вядомага рэжысэра зь Беластоку Юркі Каліны, прысьвечаны лёсу Беларускага гуманітарнага ліцэю, атрымаў прэстыжную ўзнагароду штогадовага конкурсу аб’яднаньня эўрапейскіх рэгіянальных тэлебачаньняў “Circom Regional”.

Журы конкурсу, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі тэлевізійных станцыяў з 14 краінаў, палічыла фільмы “Партызанская школа” беластоцкага аддзелу Польскага тэлебачаньня і “Security Wars” шатляндзкай філіі ВВС лепшымі ў катэгорыі “Бягучыя здарэньні”.

Юрка Каліна здымаў свой фільм у Беларусі ў 2003-м і 2004-м гадох. Рэжысэр паказвае, як пасьля закрыцьця ліцэю ліцэісты змушаныя вучыцца практычна ў падпольлі – на вуліцы ці ў прыватных кватэрах – але, ня гледзячы на гэта, працягваюць адстойваць сваё права на адукацыю на роднай мове.

Адметна, што ўзнагароду аб’яднаньня эўрапейскіх грамадзкіх рэгіянальных тэлебачаньняў Юрка Каліна атрымаў ужо другі раз. У 2001 годзе быў адзначаны ягоны рэпартаж зь Беларусі “Чарнобыльцы”.

Летась у Польшчы фільм “Партызанская школа” атрымаў узнагароду Саюзу польскіх журналістаў.
XS
SM
MD
LG