Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра — 19 гадавіна аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі


Ганна Соусь, Менск У гэты дзень прадстаўнікі апазыцыі плянуюць правесьці шэраг акцыяў — жалобны мітынг ля Чарнобыльскай капліцы, перадачу заяваў Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем канкрэтных захадаў у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы і наведваньне ўрочышча Курапаты.

26 красавіка ў 19-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай станцыі прадстаўнікі аргкамітэту “Чарнобыльскі шлях” зьбіраюцца правесьці ля адміністрацыі прэзыдэнта перадачу пісьмовых зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі з наступнымі патрабаваньнямі: адсяліць людзей з моцна забруджаных тэрыторыяў, забясьпечыць лекамі і лячэньнем інвалідаў Чарнобылю, спыніць вытворчасьць харчаваньня на забруджаных тэрыторыях, адмяніць абмежаваньні на гуманітарную дапамогу чарнобыльцам з-за мяжы і на выезд дзяцей на аздараўленьне, а таксама спыніць прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў у чарнобыльскія раёны.

Арганізатары “Чарнобыльскага шляху” распаўсюдзілі ў Менску каля 100 тысяч узораў такіх заяваў і плянуюць, што людзі заўтра прыйдуць да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і перададуць падпісаныя звароты. Пасьля чаго ўдзельнікі акцыі накіруюцца да Чарнобыльскай капліцы, што ў раёне вуліцы Карастаянава, і там адбудзецца жалобны мітынг. Менскія ўлады далі дазвол на яго правядзеньне.

У склад сёлетняга аргакамітэту “Чарнобыльскага шляху” ўваходзяць прадстаўнікі кааліцыі дэмакратычных сілаў, гэтак званай дзясяткі — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, “Маладога фронту”, Партыі свабоды ды іншых арганізацыяў. Сябра аргкамітэту “Чарнобыльскі шлях” Віктар Івашкевіч распавядае Радыё Свабода пра адметнасьць сёлетняй акцыі:

(Івашкевіч: ) “Цяпер трэба прыцягваць увагу людзей да пытаньняў, агучаных у заяве. Таму што ў апошнія гады мы вельмі палітызавалі пытаньне Чарнобылю, калі замест пытаньняў чарнобыльскай праблемы крычалі “Далоў Лукашэнку!” і больш нічога. Сёлета мы хочам зьвярнуць увагу менавіта на чарнобыльскія пытаньні”.

У чарговую гадавіну чарнобыльскай катастрофы сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ прыйдуць ва ўрочышча Курапаты, месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Перашпачаткова сябры партыі падалі заяўку на правядзеньне жалобнага мітынгу ў сквэры імя Янкі Купалы, але ўлады вызначылі для гэтага плошчу Бангалор, ад чаго сябры КХП БНФ прынцыпова адмовіліся. Гаворыць намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) “Чарнобыльская трагедыя — гэта адзін з пасьлядоўных крокаў дзейнасьці расейскай камуністычнай імпэрыі. Гэта працяг 1937—1941 гадоў, ГУЛАГаў”.

І таму заўтра сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ запаляць у Курапатах сьвечкі па ахвярах чарнобыльскай трагедыі.

Аляксандар Лукашэнка ў чарговую гадавіну чарнобыльскай катастрофы 26 красавіка наведае Гомельшчыну — пацярпелыя ад аварыі Гомельскі і Веткаўскі раёны. А Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сёлета вырашыла адмовіцца ад традыцыйных парлямэнцкіх слуханьняў у праблемах ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, патлумачыўшы гэта тым, што “асноўныя сілы ўраду і парлямэнтараў накіраваныя на падрыхтоўку да 20-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі ў 2006 годзе”.
XS
SM
MD
LG