Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лячэньне – не раўнуючы як зь фільму жахаў.


Юрась Бушлякоў, Прага Іх здольнасьць загойваць заражаныя раны вядомая з даўніх стагодзьдзяў. Аднак пасьля зьяўленьня антыбіётыкаў мэдычнае выкарыстаньне мушыных лярваў, або, іначай кажучы, лічынак, звузілася. Праўда, у нашыя дні дактары ўсё часьцей пагаджаюцца, што “лічынкавая тэрапія” патрэбная ў мэдыцыне.

Марыя Пэрэс мае праблемы. У Марыі на шчыкалатцы хранічная інфэкцыяваная рана, і дактары прызначылі незвычайныя лекі – лічынкамі. (Пэрэс: ) “Яны забіваюць інфэкцыю – маленькія чарвячкі”.

Лячэньне – не раўнуючы як зь фільму жахаў.

Дактары бяруць лічынкі і прыкладаюць іх Марыі Пэрэс да раны, і забінтоўваюць. На працягу некалькіх наступных дзён, калі ўсё пойдзе добра, лічынкі будуць есьці мёртвую тканку, ачышчаючы рану й спрыяючы яе загойваньню. Гэта натуральны, прыродны спосаб лячыць раны, вядомы ўжо сотні гадоў назад. Вайсковыя дактары заўважылі, што параненыя салдаты папраўляюцца хутчэй, калі ў іхных ранах кішаць лічынкі.

“Лічынкавая тэрапія” стала папулярнаю ў мінулым стагодзьдзі, але ў 1940-я гады яе выціснулі антыбіётыкі й новыя хірургічныя мэтодыкі.

Робэрт Кірснэр – доктар у Маямі, ён лечыць Марыю Пэрэс.

(Кірснэр: ) “Лічынкі гадамі выкарыстоўваліся для загойваньня ранаў. У 1930-х іх выкарыстоўвалі даволі шырока, але яны выйшлі з ужытку. Прычына ў псыхалягічных праблемах людзей, якім да ранаў прыкладалі лічынкі”.

Мушыныя лічынкі робяць сваё, выдзяляючы фэрмэнты, якія ператвараюць мёртвую тканку ў такі своеасаблівы “суп”. І гэты “суп” лічынкі пасьля ядуць, не парушаючы здаровай тканкі пацыента. Прыхільнікі лячыць лічынкамі кажуць, што гэта ідэальны спосаб у тым разе, калі раны не рэагуюць на антыбіётыкі. Летась амэрыканскае Ўпраўленьне кантролю за харчаваньнем і лекамі зацьвердзіла мэдычнае выкарыстаньне мушыных лічынак, разьведзеных у стэрыльных умовах. Лічынкі ўсё часьцей выкарыстоўваюць і ў іншых краінах, перш за ўсё эўрапейскіх. Гаворыць Робэрт Кірснэр:

(Кірснэр: ) “Адна з прычын, чаму лічынкі становяцца ўсё больш папулярнымі, – гэта зьяўленьне устойлівых, рэзыстэнтных бактэрыяў. Мушыныя лічынкі зьядаюць мёртвую або зьмярцьвелую тканку. Пры гэтым яны зьядаюць таксама усе бактэрыі, незалежна ад таго, устойлівыя гэтыя бактэрыі да антыбіётыкаў ці не. І яшчэ лічынкі не прычыняюць болю”.

Усё гэта можа пацьвердзіць Марыя Пэрэс. Праз колькі дзён яна вяртаецца ў шпіталь здымаць лічынкі – перш як тыя стануць мухамі.

(Пэрэс: ) “Няма болю – толькі козыт. Яны робяць сваё, і ты адчуваеш, быццам яны поўзаюць”.

А як тым часам яе рана?

(Пэрэс: ) “Рана выглядае чыстаю”. (Кірснэр: ) “Мёртвая або зьмярцьвелая тканка сышла, і тут цяпер толькі здаровая тканка”.

Выглядае, чарвячкі зрабілі сваё. І ўсё адно, цяжкавата зьмірыцца з думкаю, што лічынкі ядуць вашую нагу. Пэрэс прызнаецца: пакуль што яна яшчэ не зусім гатовая на чарговы этап “лічынкавай тэрапіі”.
XS
SM
MD
LG