Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускую апазыцыю задавальняе рэжым Лукашэнкі: ёй пры ім жывецца няблага”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значную частку пошты Беларускай Свабоды складаюць лісты, аўтары якіх спрабуюць адказаць на пытаньне: чаму Беларусь аказалася адзінай краінай ва Ўсходняй Эўропе, дзе ня толькі не адбыліся дэмакратычныя зьмены, але наадварот — аўтарытарны рэжым за апошнія гады яшчэ больш умацаваўся? Многія слухачы абвінавачваюць у гэтым дэмакратычную апазыцыю. З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову.

Сьвятлана Нямко з Горадні піша:

“Упершыню пачула вас улетку 2001 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Былі надзеі, былі спадзяваньні. А цяпер, у 2005-м, нічога няма. У нешта сьветлае амаль ня верыцца. Так, пры такім становішчы краіны, пры такім рэжыме цяжка дамагчыся перамогі. Але гэта трэба зрабіць. Украіна змагла — бо хацела. А мы гэтага ці сапраўды хочам? Чым займаецца наша апазыцыя, акрамя таго, што езьдзіць за мяжу на сустрэчы? Ці здольная яна на нешта сур’ёзнае? Ці, можа, яе ўсё гэта задавальняе? Можа, ім і так добра?

Напэўна, дзяржаўнае тэлебачаньне справядліва кажа, што нашы апазыцыянэры адрабляюць замежныя грошы. Я думаю, што ў барацьбе за свабоду і сапраўдную Беларусь трэба паспрабаваць усе спосабы. Трэба больш працаваць зь людзьмі, якім ад 30 да 55 гадоў. Моладзь і так хоча пераменаў, а пэнсіянэраў ужо не пераробіш. Трэба ісьці тым жа шляхам, што і рэжым. Перакупіць палову выбарчых камісіяў і так далей. Паглядзіце, што улады робяць зь няўгоднымі апанэнтамі. Чаму б і апазыцыі не даваць на гэта адэкватны адказ? Так, гэта вельмі жорстка, але ж мы хочам беларусамі звацца і адчуваць сябе людзьмі у сваёй роднай краіне”.

Не пагаджуся з вамі, Сьвятлана: ня ўсе спосабы годныя ў барацьбе за ўладу. Да таго, хто выкарыстоўвае гвалт, подкуп, няпраўду, усё гэта немінуча вернецца, нават калі і ўдасца дасягнуць жаданай мэты. І вельмі сумнеўна, што дэмакратыі і справядлівасьці можна дамагчыся, робячы стаўку на недэмакратычныя і несправядлівыя мэтады. Адказ на вашыя пытаньні, на маю думку, ёсьць у вашым жа лісьце. “Украіна змагла — бо хацела. А мы гэтага ці сапраўды хочам?” — пішаце вы. І гэта ёсьць асноўным пытаньнем для беларускага грамадзтва. Калі большая яго частка захоча зьменаў і будзе гатовая адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю, толькі тады гэтыя зьмены ў Беларусі і могуць адбыцца. Незалежна ад таго, якую тактыку выкарыстоўвае апазыцыя і ад якіх унутраных супярэчнасьцяў яна пакутуе.

Наш пастаянны слухач Ільля Копыл зь Менску зьвярнуў увагу на тое, што ўсё больш аўтараў лістоў на “Свабоду” баяцца падпісвацца сваімі сапраўднымі прозьвішчамі.

“Можа, і ня маю рацыі, але мне здаецца, што, калі баісься падпісацца пад уласным лістом, то ці маеш маральнае права абвінавачваць апазыцыю, што яна слабая і неактыўная, што пасіўнае насельніцтва, — піша слухач. — Насельніцтва — гэта ж мы і ёсьць: рашучыя і баязьлівыя, мэтанакіраваныя і пасіўныя, пакорлівыя і незалежныя, сумленныя і махляры… Як жа нас, такіх розных, аб’яднаць, калі ў апазыцыі няма ні тэлебачаньня, ні радыё, ні газэт, ні памяшканьняў, калі супраць яе скіраваны ўсе сілавыя, карныя структуры? У мяне адказу на гэта няма. Дзяржаўныя мэдыі нас запэўніваюць, што мы жывем някепска, і нават лепш, чым у суседніх краінах. І многія прымаюць на веру гэту хлусьню. Вы ж чулі, што ў Кіргізіі пэнсія ўсяго 9 даляраў. Няўжо мы адважымся на зьмену ўлады толькі тады, калі “дагонім” Кіргізію?

Калі летась у кастрычніку я займаўся агітацыяй за кандыдата ад БНФ, да мяне падыходзілі многія старыя людзі, каб паразмаўляць. І ад многіх я чуў: “На лепшае жыцьцё не спадзяюся. Дачакацца б зьмены дыктатарскага рэжыму, тады можна зь лёгкай душой і памерці”. А што да псэўданімаў, то аднойчы сустрэўся мне мой даўні знаёмы, як і я, пэнсіянэр, маёр у адстаўцы. “Учора слухаў “Свабоду”, — кажа, — чуў твой ліст, і свой таксама”. Я зьдзівіўся, бо яго прозьвішча ў перадачы не гучала. “Дык я лісты на “Свабоду” падпісваю псэўданімам”, — адказаў ён на маё зьдзіўленьне. А які псэўданім — не сказаў мне, пабаяўся. Хоць працавалі мы ў адным калектыве, і ён нават быў маім начальнікам”.

Наўрад ці, спадар Копыл, варта дакараць людзей за гэты страх. Многія ж нават удакладняюць, што баяцца не за сябе, а за сваіх блізкіх: за ўнукаў, якіх могуць выключыць з унівэрсытэту, за дзяцей, што апасаюцца страціць працу… Страхі гэтыя небеспадстаўныя: прыклады, калі людзі ў Беларусі церпяць з прычыны сваіх палітычных перакананьняў, ёсьць, і іх нямала.

У аглядзе пошты “Свабоды” 4 красавіка прагучаў фрагмэнт ліста Міколы Віцязя з гораду Белаазёрску Бярозаўскага раёну. Слухач даслаў вершаваны твор пра Зянона Пазьняка, якога лічыць нацыянальным героем і геніяльным палітыкам, а таксама дакараў “Свабоду” за тое, што дае слова апанэнтам спадара Пазьняка. У лісьце фігуравала, у прыватнасьці, імя Аляксандра Фядуты — палітоляга і журналіста, які ў 1994 годзе быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, некаторы час узначальваў управу адміністрацыі прэзыдэнта, але на пачатку 1995 году добраахвотна сышоў у адстаўку. Мікола Віцязь пісаў:

“Гэта той Фядута, які дапамагаў Лукашэнку ўзабрацца на ўладны трон, які ня выступіў супраць русіфікатарскіх ганебных рэфэрэндумаў”. Калі я наведваў Народны ўнівэрсытэт у горадзе Бярозе, які арганізаваў спадар Голубеў, то аднаго разу ў 2001 годзе Фядута амаль паўтары гадзіны абліваў брудам Пазьняка, гэтага нацыянальнага барацьбіта супраць антыбеларускага рэжыму”.

На гэтыя абвінавачаньні Міколы Віцязя адрэагаваў Аляксандар Фядута. У сваім электронным лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Шчыра шкадую, што з паўтарагадзіннай гутаркі спадар Віцязь вынес толькі крыўду на свайго куміра Пазьняка, якому было прысьвечана ўсяго хвілінаў пяць (у выглядзе адказу на пытаньне). Таму хацелася б канкрэтызаваць. Існуе Зянон Пазьняк — гістарычны дзеяч, які адным зь першых сказаў праўду аб Курапатах, аб Чарнобылі, аб становішчы беларускай культуры. Яго нельга не паважаць за гэта, і я яго паважаю. Але існуе і Зянон Пазьняк — аўтарытарны палітык, для якога любое іншадумства ёсьць прыкметай варожасьці ды антыбеларускасьці. Як я магу пагаджацца зь ім? Гэта ж — тое, з прычыны чаго я сышоў у студзені1995 году ад Лукашэнкі.

Што да словаў спадара Віцязя пра тое, нібы я не выступаў супраць рэфэрэндумаў, названых ім “русіфікатарскімі”, то гэта — безумоўная хлусьня. І перад сваімі выбарцамі ў Горадні ў 1995 годзе, і як журналіст, працуючы ў газэце, я быў пасьлядоўным апанэнтам Лукашэнкі, у тым ліку і па гэтых пытаньнях. Я лічыў і лічу неапраўданай зьмену дзяржаўнай сымболікі ў 1995 годзе. Я лічу, што выправіць перагібы ў палітыцы беларусізацыі можна было і без рэфэрэндуму, і без фактычнай адмовы ад статусу дзяржаўнай мовы для мовы беларускай. Гэта ёсьць у маіх артыкулах у “БДГ” за 1995—1996 гады.

Іншая рэч, я лічу, што ў поўнай ступені адказнасьць за тое, што адбылося (а рэфэрэндум 1995 году я вымушаны лічыць выйграным уладай — няхай подла, але выйграным) павінны несьці і найбольш неўтаймоўныя зь беларусізатараў. Таму што надта добра памятаю адну з публікацыяў у “Народнай газэце”, аўтары якой пералічвалі нацыянальны склад супрацоўнікаў майго роднага Гарадзенскага ўнівэрсытэту і толькі што не патрабавалі правесьці люстрацыю паводле нацыянальнай ды моўнай прыкметы. Такія як яны — і як Пазьняк — ледзь не на сваіх плячах унесьлі Лукашэнку на вяршыню ўлады. І ступень іх адказнасьці прынамсі роўная маёй. З той толькі розьніцай, што я свае памылкі прызнаю, раскайваюся ў іх і спрабую выправіць, а яны, мяркуючы па заявах спадара Віцязя, на сваіх упарта настойваюць”.

Ня думаю, Аляксандар Іосіфавіч, што ў Беларусі нехта ўсур’ёз пацярпеў ад беларусізацыі, якую, згадаем, пачалі яшчэ ў 1989 годзе зусім не Зянон Пазьняк і не яго аднадумцы, а чыноўнікі ды прызначаныя ў ЦК КПБ дэпутаты тагачаснага Вярхоўнага Савету БССР. Пачалі яны яе вымушана, без асаблівага жаданьня. Гэтак жа і праводзілі: непасьлядоўна і супярэчліва, дыскрэдытуючы саму ідэю сваімі нязграбнымі дзеяньнямі. Што здарыцца зь беларускай мовай і з нацыянальнымі сымбалямі, калі да ўлады прыйдзе Лукашэнка — было відавочна задоўга да рэфэрэндуму 1995 году — яшчэ ў 1993-м, калі старшыня парлямэнцкай антыкарупцыйнай камісіі толькі пачынаў змаганьне за галоўную пасаду ў краіне. Уласна, ён ужо тады не хаваў сваіх мэтаў.

Нельга не пагадзіцца з вамі ў тым, што тагачасная дэмакратычная апазыцыя павінна несьці адказнасьць за лёсавызначальную паразу на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Але адказнасьць гэтая, на маю думку, за больш значныя хібы і пралікі. Прэтэндуючы на ўладу, маючы рэальныя шанцы на перамогу, займаючы гэтую нішу ў палітыцы, яны ці то ня ведалі, ці то ведалі, але ня ўлічвалі рэальных настрояў у грамадзтве, грамадзкія спадзяваньні, ілюзіі і расчараваньні беларусаў. А перамог той, хто гэта ведаў, улічваў і выкарыстаў дзеля ўласных палітычных мэтаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG