Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок не дазваляе Польшчы даведацца імёны ахвяраў Катыні


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сакратар Польскай дзяржаўнай рады памяці змаганьняў і пакутніцтва Анджэй Пшавозьнік заявіў нашаму радыё, што пазыцыя беларускіх уладаў не дае магчымасьці Польшчы ўстанавіць прозьвішчы ўсіх ахвяраў Катынскай трагедыі.

Анджэй Пшавозьнік кажа, што ў Беларусі супрацоўнікамі НКВД маглі быць расстраляныя каля 3 тысячаў палякаў.

(Пшавозьнік) “Імёны гэтых людзей мы, аднак, ня ведаем. Ніякіх дакумэнтаў, дзе гаварылася б пра іхныя імёны, мы не пабачылі”.

Сакратар дзяржаўнай рады памяці змаганьняў і пакутніцтва кажа, што імёны ахвяраў сталінскага тэрору нельга ўдакладніць з прычыны пазыцыі беларускіх уладаў.

(Пшавозьнік) “Мы пачалі размаўляць зь беларуcкім бокам яшчэ на пачатку 90-х, і нейкія вынікі сапраўды былі. Але потым, калі прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка, усё зьмянілася і цяпер ніякага супрацоўніцтва ўвогуле няма”.

Анджэй Пшавозьнік кажа, што асабіста пачуў ад прадстаўнікоў беларускіх уладаў, што палякаў, якія ляжаць у Курапатах, расстралялі немцы.

(Пшавозьнік) “Несумненна, што калі паглядзець на тое, што мы сёньня ведаем пра генацыд польскага народу, які завецца Катынскай трагедыяй, дык тут ёсьць толькі адна пляма, калі гаворка йдзе пра Беларусь”.
XS
SM
MD
LG