Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч выйшаў пераможцам у Горадні


Сяргей Астраўцоў, Горадня У нядзелю 24 красавіка ў Горадні адбылася абласная канфэрэнцыя для абраньня прэтэндэнтаў, якія на Кангрэсе дэмакратычных сілаў будуць прэтэндаваць на ролю адзінага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Найбольш галасоў атрымалі гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч—57 і Станіслаў Шушкевіч—49. У Сяргея Калякіна 32 галасы, у Анятоля Лябедзькі—25. Астатнія—Арцішэўскі, Грыцук і Бусьнюк атрымалі адпаведна—9, 7 і 2 галасы. Са 101 дэлегата ў канфэрэнцыі ўдзельнічалі 86, а бралі ўдзел у галасаваньні—83.

Дэлегаты не былі абраны ў трох раёнах вобласьці, дзе няма партыйных структураў. Трох дэлегатаў у нядзелю раптам выклікалі ў міліцыю, а ашмянскага прадпрымальніка Івана Сташкевіча—у падатковую інспэкцыю. Аднак ён прыехаў і нават выступіў на канфэрэнцыі, хаця ў нядзелю міліцыянты затрымалі ягоны мінібус, якім зьбіраліся ехаць у Горадню разам зь ім паплечнікі па Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Меркаваньне Івана Сташкевіча адносна працы на адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў:

(Сташкевіч: ) “Мы разумныя людзі, мы будзем зьбіраць за адзінага кандыдата, якога абяруць, і ніякіх рознагалосьсяў у нас ня будзе. Калі ня будзе Лябедзька адзіным, мы будзем працаваць, аддаваць усе сілы, каб быў адзіны кандыдат, і трэба быць вельмі неразумным чалавекам, каб рабіць па-іншаму”.

На гарадзенскай канфэрэнцыі далі аднолькавы час для выступаў ня толькі прадстаўнікам ад 10+, але і незалежным—Аляксандру Вайтовічу, Уладзіміру Коласу і Валерыю Фралову. А потым прамаўлялі Станіслаў Шушкевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Станіслаў Багданкевіч—за адсутнага Анатоля Лябедзьку, дацэнт зь Менску Валеры Арцішэўскі і Сяргей Калякін.

Ці апраўдаліся спадзяваньні сталічных палітыкаў на вынікі галасаваньня на гарадзенскай канфэрэнцыі? Станіслаў Шушкевіч заклікаў галасаваць не за тых, хто падабаецца, а за тых, хто больш моцна выглядае, як патэнцыйны кандыдат. Дарэчы, канфэрэнцыя ў Горадні адбылася на наступны дзень пасьля магілёўскай, спадар Шушкевіч іх параўнаў:

(Шушкевіч: ) “Я веру ў вынікі кангрэсу, я ніколі не працую на тое, ува што я ня веру. У нас ёсьць, скажам, ідэалягічныя і арганізацыйныя цяжкасьці пэўныя, але я сёньня ўжо гаварыў, што мы фактычна прапанавалі аб’яднаньне, якое прайшло выпрабаваньне і выпрабаваньне тут—Гарадзеншчынай, і засталося аб’яднаньнем умацаваным. У адрозьненьне ад учорашняй канфэрэнцыі, дзе, я думаю, людзі разышліся можа больш разьяднанымі, чым аб’яднанымі. Сёньня, мне здаецца, тут ніхто не разьяднаўся, згуртаваньне будзе больш шчыльным”.

Сяргея Калякіна непакоіла: ці будуць на Гарадзеншчыне галасаваць за яго іншыя дэлегаты, апроч камуністаў? І вось што ён гаворыць:

(Калякін: ) “Я задаволены вынікамі, таму што сёньня на гэтай канфэрэнцыі прысутнічалі 9 прадстаўнікоў маёй партыі, тым жа часам за мяне прагаласавалі 32 чалавекі—у чатыры разы больш. Гэта гаворыць аб тым, што прадстаўнікі іншых партый таксама гатовыя працаваць на мяне на Гарадзеншчыне, калі я буду абраны адзіным кандыдатам”.

Спадар Калякін зазначыў: гарадзенская канфэрэнцыя паказала, што існуюць рэальныя магчымасьці для сумеснай працы на месцах розных партый. Дэлегаты абмяркоўвалі магчымыя тэрміны і месца правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Прадстаўніца Аб’яднанай грамадзянскай партыі гаварыла пра суседнія краіны, але астатнія былі за тое, каб Кангрэс абавязкова адбыўся ў Беларусі. Меркаваньне Сяргея Калякіна:

(Калякін: ) “І цалкам магчыма, што нам давядзецца праводзіць гэты зьезд у напаўлегальных умовах, але я перакананы, што гэта будзе на тэрыторыі Беларусі. І мы яго правядзем нават супраць жаданьня і пры процідзеяньні ўладаў. Тут многае будзе весьціся ва ўмовах кансьпірацыі”.

Удзельнікі канфэрэнцыі разглядалі магчымасьць правесьці кангрэс пад адкрытым небам, у правінцыі, у такім часовым палатачным гарадку. Сяргей Калякін гаворыць:

(Калякін: ) “Я думаю, вельмі абмежаваная колькасьць людзей павінна ведаць, дзе гэта будзе рыхтавацца. Гэта ўсё можна зрабіць, выкарыстоўваючы ў тым ліку досьвед КПЗБ і досьвед партызанаў. Але я пакуль думаю, што мы зможам дамагчыся ад уладаў, каб яны легальна дазволілі правядзеньне такога мерапрыемства”.

На канфэрэнцыі была размова і пра тых праэтэндэнтаў, якія хочуць праводзіць уласную кампанію. Адзін зь іх, Валеры Фралоў, заклікаў дэлегатаў галасаваць за Аляксандра Мілінкевіча. Вось меркаваньне Валерыя Фралова:

(Фралоў: ) “Да кангрэсу, я думаю, усім будзе ясна—хто сапраўды мае нейкі шанец. Канфэрэнцыі абласныя, на мой погляд, не адлюстроўваюць таго становішча, якое існуе ў дзяржаве. Думаю, што ёсьць тры чалавекі, зь якімі я гатовы працаваць, я думаю, што яны, хутчэй за ўсё, ня будуць абраныя на кангрэсе. Таму што тая кандыдатура, якая будзе на кангрэсе, пры ўсёй маёй павазе – гэта будзе непрахадная фігура”.

Аднак, калі Кангрэс вылучыць чалавека, якому давярае спадар Фралоў, ён адкіне свае амбіцыі і будзе працаваць на яго.

Дэлегат канфэрэнцыі Мікола Маркевіч прапанаваў правесьці кансультацыі, так бы мовіць, з прэтэндэнтамі-аднаасобнікамі.

(Маркевіч: ) “Я проста перакананы, што людзі, якія робяць памкненьні заявіць пра сябе як пра будучых кандыдатаў, яны сапраўды ня маюць магчымасьці набраць сто тысяч подпісаў дзеля таго, каб фармальна выступіць у гэтай ролі. Але размова сёньня ідзе пра стварэньне ня проста кааліцыі 5+ ці 10+, размова ідзе пра стварэньне шырокай народнай кааліцыі супраць дыктатара, і ў гэтым працэсе, я глыбока перакананы, нават адзін голас мае вельмі вялікае значэньне”.
XS
SM
MD
LG