Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 красавіка нарадзіўся Зянон Пазьняк, 25-га – Олівэр Кромвэль


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 і 25 красавіка

Спачатку – пра гістарычныя даты ўчорашняе нядзелі.

24 красавіка 1996 году супрацоўнікі КГБ Беларусі арыштавалі паэта і журналіста газэты “Наша Ніва” Славаміра Адамовіча. У рэдакцыі газэты з гэтай нагоды быў праведзены ператрус. Чэкісты шукалі матэрыялы, зьвязаныя з аўтарам гратэскнага верша “Убей президента”. За гэты твор Адамовіч 10 месяцаў правядзе за кратамі.

24 красавіка 1997 году выйшаў у сьвет першы нумар адноўленай “Газэты Слонімскай”. Папярэдніца гэтай папулярнай сёньня газэты была заснаваная ў Слоніме ў 1938 годзе.

Сярод славутых людзей

, што прыйшлі на сьвет 24 красавіка ў розныя гады, згадаем сёньня амэрыканскага пісьменьніка расейскага паходжаньня Ўладзімера Набокава, беларускага паэта Аркадзя Моркаўку, вядомую кінаакторку і сьпявачку Барбару Стрэйзанд і беларускага палітыка і культуроляга Зянона Пазьняка, якому ўчора споўніўся 61 год.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

25 красавіка 1794 году, калі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага разгортвалася паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, у Вільні быў пакараны сьмерцю Сымон Касакоўскі. Касакоўскі – былы дзяржаўны дзеяч Княства, які здрадзіў незалежнасьці, перайшоў на бок Расеі і разам з расейскім войскам узяў удзел у інтэрвэнцыі. За гэты ўчынак паўстанцы прысудзілі Касакоўскага да сьмяротнае кары. Ён быў павешаны ў Вільні на вулічным слупе.

25 красавіка 1863 году паўстанцы Каліноўскага на чале з Баляславам Калышкам церпяць паразу ад рэгулярнага расейскага войска ў бітве пад Біржамі. У выніку схоплены ў палон Калышка будзе празь дзень публічна павешаны на Лукіскай плошчы ў Вільні.

Сярод сусьветных славутасьцяў, што нарадзіліся 25 красавіка ў розныя гады, – правадыр ангельскай рэвалюцыі лорд Олівэр Кромвэль, італьянскі кампазытар Руджэра Леанкавала і амэрыканскі кінаактор Аль Пачына.
XS
SM
MD
LG