Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы мусіць вызначыцца наконт меры стрыманьня Клімава


Любоў Лунёва, Менск Андрэя Клімава трымаюць за кратамі ізалятара часовага ўтрыманьня. Гэтым разам супрацоўнікі Сьледчага камітэта падазраюць яго ў арганізацыі масавых беспарадкаў у часе апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Акцыя праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. У выніку разгону дэманстрацыі амонаўцы затрымалі некалькі дзесяткаў чалавек. Амаль усіх пакаралі арыштамі ад трох да пятнаццаці сутак. Андрэя Клімава тым часам пачалі судзіць за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Справа дагэтуль знаходзіцца ў судзе Першамайскага раёна. Сёньня мусіць адбыцца чарговае паседжаньне. Невядома, самастойна прыйдзе ў суд Андрэй Клімаў ці яго прывязуць пад аховай.

На якой стадыі знаходзіцца судовая справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку? Хутчэй за ўсё, прысуд у ёй вынесены ня будзе. Справа ў тым, што першае паседжаньне адбылолся 6 красавіка. Паводле рашэньня суду, яно праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Прагучалі цытаты з кніг Андрэя Клімава. Ён настойваў, што напісаў свае творы ў жанры палітычнага памфлета.

На наступны дзень усе чакалі, што выступіць пракурор і ў спрэчках вызначыць пазыцыю пракуратуры наконт пакараньня. Але паседжаньне перанесьлі на 25 красавіка. Пракурор патлумачыла, што ёй неабходна сабраць дадатковую інфармацыю.

Андрэя Клімава затрымалі ў пятніцу перад выходнымі паводле новай крымінальнай справы за падзеі 25 сакавіка. Сёньня а 13 гадзіне сьледчы Ігар Прахарэнкаў мусіць вызначыцца наконт меры стрыманьня. Сам ён казаў, што паседжаньне ў Першамайскім судзе магчыма перанясуць на іншы тэрмін. У іншым выпадку Андрэя Клімава ў суд прывязуць пад аховай.

Андрэй Клімаў ужо правёў чатыры гады ў папраўчай калёніі. Прайшло тры гады, і цяпер – дзьве крымінальныя справы і ізаляцыя. Як яго сваякі ставяцца да гэтага? Я размаўляла з жонкай Андрэя Таццянай. Вось, што яна казала на гэты конт:

(Клімава: ) “Мне вельмі крыўдна. Няма за што было яго садзіць. Чаму грамадзтва не можа выйсьці на плошчу і выказаць сваё стаўленьне да ўладаў? Чаму чалавек у нашай краіне не можа напісаць палітычны памфлет? Чатыры гады ўся сям’я хвалявалася – пікеты, звароты ў міжнародныя арганізацыі, паездкі – усё гэта вельмі цяжкая і марудная праца. А цяпер гэта ўсё зноў”.

Крымінальная справа Андрэя Клімава – трэцяя па ліку, якую распачаў Сьледчы камітэт за вулічныя дэманстрацыі. Хутка будуць судзіць лідэра сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевіча і маладафронтаўца Паўла Севярынца за вулічныя дэманстрацыі 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму. На думку Міколы Статкевіча, крымінальныя справы сьведчаць аб тым, што ўлады намагаюцца нэўтралізаваць актывістаў вулічных выступленьняў.

(Статкевіч: ) “Гэты выпадак сьведчыць пра панічны страх уладаў перад магчымымі дэманстрацыямі грамадзянаў Беларусі. Яны папросту праводзяць “зачыстку” патэнцыйных лідэраў гэтых дэманстрацыяў. Асабліва гэты страх павялічваецца ад таго, што міжнародная супольнасьць зьвярнула ўвагу на Беларусь. Як казала Кандаліза Райс: “Нельга спадзявацца, што ты сядзіш у сваім ціхім кутку і можаш там фальсыфікаваць выбары і рабіць, што захочаш”. Ужо зараз Лукашэнка рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Я думаю, што гэта не апошняя пасадка патэнцыйных лідэраў народнай рэвалюцыі”.

Cёньня ў другой палове дня стане вядома, адпусьцяць Андрэя Клімава пад падпіску аб нявыезьдзе ці будуць трымаць яго пад вартай да суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG