Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як пераадолець "чорную паласу"


Натальля Судлянкова, Прага Любая кар’ера, як і любое жыцьцё – гэта ланцуг уздымаў і падзеньняў. Такія цыклі бываюць і ў глябальнай эканоміцы, і ў прыватным жыцьці кожнага чалавека. Як навучыцца рухацца наперад, ад вяршыні да вяршыні, што казаць сабе, калі ў жыцьці пачалася чорная паласа? Аб гэтым – у чарговай праграме цыклю “Беларусы за мяжой”.

Героі нашых праграмаў часьцяком самі ня лічаць сябе вельмі пасьпяховымі людзьмі, калі мець на ўвазе посьпех як нейкі матэрыяльны дабрабыт або кар’ерныя дасягненьні. Але іх можна сапраўды назваць пасьпяховымі, таму што яны здолелі перамагчы самі сябе, свае страхі, і ўпарта рухаюцца наперад, ад адной вышыні да другой.

Ігар Лазоўскі зь Менску жыве й працуе ў ізраільскім горадзе Хайфа. У Беларусі Ігар працаваў перакладчыкам, але пасьля пераезду знайшоў працу настаўніка ангельскай мовы і кампутараў на прыватных курсах. Але на гэтым ён не спыніўся.

(Лазоўскі: ) “Таксама я там арганізаваў дзіцячы клюб, ангельскі дзіцячы клюб. Там расейскамоўныя дзеці вывучаюць ангельскую мову ў гульні”.

Ігар цяпер загадвае гэтым клюбам, а інструктарам працуе 14-гадовы хлопчык. Выкладаньне ангельскай мовы вядзецца паводле спэцыяльнай мэтодыкі.

(Лазоўскі: ) “Папросту ў адной маёй знаёмай, якая вучылася разам са мной, ёсьць спэцыяльная гульнёвая мэтодыка выкладаньня. І я ў яе атрымаў права працаваць паводле гэтай мэтодыкі”.

Апроч клюбу, Ігар яшчэ зьяўляецца тэхнічным рэдактарам газэты, якую выпускае фірма, дзе ён працуе. Цяпер ягонае жыцьцё цалкам запоўненае. Але так было не заўсёды.

(Лазоўскі: ) “У мяне былі перапынкі перад тым, як я знаходзіў працу. Часам і месяц, і больш за месяц даводзілася не працаваць”.

У такія моманты Ігар імкнуўся не разгубіцца, ня страціць надзею ў тое, што жыцьцё наладзіцца.

(Лазоўскі: ) “Усё ж такі, я адчуваў, што я знайду тое, што трэба. Не магло быць ніякіх цяжкасьцяў, не павінна было быць на доўгі пэрыяд”.

Асабліва цяжка было ў часы, калі пачалася перабудова і эканамічныя рэформы. Тады зачыняліся прадпрыемствы, і на вуліцах апынулася мноства людзей. Але Ігар па-ранейшаму быў перакананы, што доўга ягоныя непрыемнасьці й перашкоды на працягнуцца.

(Лазоўскі: ) “Вядома было, што хто-небудзь або што-небудзь дапаможа. Так яно нарэшце і здарылася: мяне запрасілі на працу туды, дзе я быў сапраўды патрэбны”.

Калі Ігар пераехаў у Ізраіль, ён пачаў з вывучэньня іўрыту.

(Лазоўскі: ) “Тое, што я ведаў ангельскую мову, таксама дапамагала, так што асаблівых цяжкасьцяў ня было”.

Калі Ігар зьяжджаў зь Беларусі, ён быў перакананы, што праблемаў з працаўладкаваньнем ня будзе, і ён пойдзе працаваць настаўнікам ангельскай мовы.

(Лазоўскі: ) “Гэта былі мае пляны такія, але ж тут даводзілася заканчваць спэцыяльныя курсы для настаўнікаў ангельскай мовы, якія прыехалі зь іншых краінаў, каб пацьвердзіць дыплём. Дыплём у мяне зараз пацьверджаны, я маю права працаваць настаўнікам тут у школе”.

Цяпер на ўсё, што адбывалася на пачатку жыцьця ў Ізраілі, Ігар глядзіць з усьмешкай.

(Лазоўскі: ) “Ніякіх цяжкасьцяў зусім ня было, ніякіх праблем. Наадварот, гэта было перавагай, што трэба было давучыцца, і тут сапраўды вельмі добра”.

Дасягнуўшы адной вяршыні, Ігар пачынае думаць пра новыя.

(Лазоўскі: ) “Нельга сказаць, што я зусім задаволены, таму што гэта праца часовая, няпоўная занятасьць. Калі працаваць тут у дзяржаўных установах, дык гэта зусім іншы ўзровень, іншы заробак”.

Але і школьны настаўнік для Ігара Лазоўскага – гэта не апошняя мара. На пытаньне, ці зьбіраецца ён рухацца далей, Ігар адказвае адразу:

(Лазоўскі: ) “Канешне, канешне зьбіраюся. Добра, што не даводзіцца пачынаць з самага пачатку, але ж я думаю, што калі б давялося знайсьці працу ў школе, дык насуперак таму, што гэта асноўнае, на што я магу разьлічваць, тым ня менш, гэта таксама ня самы вялікі заробак, ня самыя вялікія грошы”.

Для гэтага ёсьць аб’ектыўныя прычыны – у Ізраілі ідзе значнае скарачэньне настаўнікаў у школах, і таму новым людзям знайсьці працу даволі цяжка. Але ў Ігара ёсьць новы плян дзеяньняў. У Менску ён працаваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў:

(Лазоўскі: ) “Я думаў і тут знайсьці такую працу, тым больш, што ёсьць такія кампаніі, зь якімі мы супрацоўнічалі”.

Жанчына, якая стала Мэнэджэрам 2001 г. у Чэхіі – Яна Кратахвілава – аднойчы сказала: “Калі чалавек знаходзіцца наверсе, ён ня мае права забывацца на тое, што існуе дно. А калі знаходзіцца на нізе, ён мусіць рыхтавацца да таго моманту, калі жыцьцё ізноў дасьць яму магчымасьць пайсьці ўгару. І ён павінен ухапіцца за гэтую магчымасьць, і рэалізаваць сябе”. Далей – Тацьцяна Поклад зь Вільні.

(Поклад: ) "Тыя беларусы, хто мае ўласны бізнэс, хто самастойна працуе за мяжой, ведаюць пра “ўздымы” і “падзеньні”, прынамсі, з тэорыяў маркетынгу ды мэнэджмэнту. А вось што да тых беларусаў, чыя актыўнасьць палягае, так бы мовіць, у больш рамантычнай сфэры – альбо, прынамсі, так выглядае звонку, што больш рамантычнай – у сфэры разьвіцьця і падтрымкі ідэяў беларушчыны за мяжой? Як прафэсійныя і грамадзкія кіраўнікі асяродкаў беларушчыны за мяжой ацэньваюць сваё разьвіцьцё, ці сутыкаюцца з рознымі цыклямі, ці даюць ім рады?

Мая суразмоўца жыве у Латвіі крыху менш за 20 гадоў. Да беларускай дзейнасьці Тацяна Казак далучылася, як яна сама узгадвае, у першыя гады свайго жыцьця у Рызе:

(Казак: ) “Я апынулася сярод беларусаў, бо лічыла гэта патрэбным для сябе”.

З 1993-га году, калі крыху падрасьлі дзеці, а іх у Тацяны двое, яна больш актыўна далучылася да беларускай дзейнасьці, і ад 1999-га году яна кіруе Латвійскім таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак”.

(Казак: ) “Я наагул па натуры больш аптымістка, чым пэсымістка, і лічу, што якія б ні былі чорныя палосы у жыцьці, усё роўна будуць і белыя. І галоўнае – гэты момант недзе не упусьціць і прыкласьці намаганьні, каб чагосьці дасягнуць".

Тацяна Казак мае дзьве вышэйшыя адукацыі, дзьве спэцыяльнасьці – інжынэра і эканаміста. Пры гэтым сваю працу ў “Сьвітанку” яна лічыць адным з прыярытэтаў, як сама яна кажа, чымсьці настолькі дарагім і блізкім, як і уласная сям''я. Але, натуральна, як і ў жыцьці кожнага, у яе ёсьць досьвед цяжкіх момантаў і няўдачаў, ёсьць і ўласная тактыка, як даваць рады ў такія пэрыяды.

(Казак: ) “Калі такія моманты бываюць, я кажу сабе: калі ня я, то хто?! Кажу сабе, што трэба гэта пераадолець і выйсьці з гэтага становішча".

У жыцьці “Сьвітанку” ёсьць і такія падзеі, пра якія можна сказаць як пра сапраўдныя посьпехі. Пра тое, што праца рухаецца наперад пасьпяхова, сьведчаць удалыя праекты па выданьні дзьвюхмоўнай кнігі пра гэты беларускі асяродак і беларусаў Латвіі, дзейсны сайт у сеціве (www.svitanak.lv), на якім стала зьяўляюцца навіны, імпрэзы, якія ладзяцца для ўсяго гораду, а ня толькі для вузкага кола ўнутры сваёй грамады.

(Казак: ) “Прыгожа адсьвяткавалі нашае 15-годзьдзе, і ня ў цесным коле, гэта было гарадзкое мерапрыемства – вялікая выстава беларускіх вырабаў, канцэрт гурту “Стары Ольса”. Можна многа такіх прыкладаў прывесьці. Вось з гэтага складаецца нашая праца. Ладзім многа публічных мерапрыемстваў, каб яны праходзілі ў вялікіх залях, на 500 чалавек, каб гэта гучала заўсёды ў прэсе, вось з гэтай мэтай мы стварылі таксама сайт. Бо гэта – магчымасьць данесьці людзям, што вось мы такія беларусы, у нас такія погляды. Мы вяртаемся да гісторыі, да адраджэньня беларушчыны ў 1920-1930 гады ў Латвіі. Мы лічым сябе прадаўжальнікамі гэтай справы тут, што мы тут невыпадкова, што беларусы – аўтахтоннае насельніцтва ў Латвіі”.

За часы сваёй кіраўнічай працы разьвіцьцё “Сьвітанку” Тацяна Казак ацэньвае як паступальны рух наперад, у якім былі і ёсьць і цяжкасьці, і праблемы – як нармальнае разьвіцьцё, калі на кожныя некалькі крокаў наперад прыпадае і крок-другі назад.

(Казак: ) “Апошнія 6 гадоў такіх падзеньняў не было, ідзе хуткі, ня хуткі, але ж пад''ём. А складанасьці рознага пляну – і людзей цяжка арганізаваць. Але ўсё адно знаходзяцца людзі, і такія, што і дзесяць гадоў ня мелі патрэбы, тыя, што даўно жывуць у Латвіі. На энтузіязьме трымаецца нашая школа, вельмі добрыя выкладчыкі.Усё гэта складана, але пакрысе рухаецца, таму што беларусы – яны ўсюды працавітыя і старанныя”.

Надзеі Дробінай давялося шмат вандраваць у сваім жыцьці. Надзея нарадзілася на Гомельшчыне, але потым разам з мужам пераехала жыць у Крым. Ужо адтуль сям’я Дробіных зьехала ў Канаду. Але з працай адразу не пашанцавала.

(Дробіна: ) “Гэта было вельмі цяжка. Мы настаўнікі – і муж, і я. Калі прыехалі, трэба было шукаць любую працу – я і за дзецьмі прыглядала, і офіс мыла, потым працавала ў кафэтэрыі два гады. Муж мой таксама пераспрабаваў розныя прафэсіі, пакуль знайшоў сталую працу”.

Цяпер Надзея працуе ў краме і займаецца бізнэсам. У дадатак, у яе ёсьць некалькі праектаў, якія яна марыць рэалізаваць. Напрыклад:

(Дробіна: ) “Па-першае, я хацела зрабіць беларускую тэлевізійную перадачу. У мяне гэта ня вельмі атрымалася, хаця некалькі канадыйскіх каналаў адазваліся й прынялі гэты праект. Але крышку гэты праект зараз замарожаны”.

Тым ня менш, Надзея ня зьбіраецца адмаўляцца ад ідэі рэалізаваць сваю мэру, для яе гэта праграма – нібыта наступная вышыня, да якой трэба рухацца. Саму ідэю Надзея цяпер

(Дробіна: ) “Толькі крыху замарозіла. Часова. Я думаю, што я вярнуся да гэтага. Калі – я ня ведаю, але я вярнуся да гэтага. Гэта ўжо засела ў мяне ў душы, так моцна засела, і я думаю, што я вярнуся да гэтага праекту”.

Надзею называюць маторам беларускага жыцьця ў Таронта. Яна сама пра гэтае жыцьцё гаворыць так:

(Дробіна: ) “Вельмі актыўнае жыцьцё. Мне здаецца, што ў нашым цэнтры зьбіраюцца людзі вельмі нацыянальна сьведамыя. Яны сапраўды любяць беларускую культуру, мову, і ня зьбіраюцца адмаўляцца ад сваіх каранёў”.

Апроч аматарскага тэатру, пра які мы распавядалі ў адной з папярэдніх праграмаў,

(Дробіна: ) “У нас ёсьць такая фальклёрная група, якая называецца “Яваровы людзі”. Нас паўсюль запрашаюць – ня толькі беларусы, але й палякі запрашаюць, і ўкраінцы, і расейцы, і канадыйцы. Нашыя дзяўчаты сьпявалі тут у розных канадыйскіх арганізацыях. Мы езьдзілі і ў Злучаныя Штаты Амэрыкі”.

Натуральна, што жыцьцё не дае кожны дзень толькі падарункі. Бываюць і праблемы, і перашкоды нават у людзей-матораў. У Канадзе –

(Дробіна: ) “Гэта вельмі цяжка, гэта нашмат цяжэй, чым калі б мы жылі дома, у Беларусі. Таму што пераяжджаючы ў любую новую краіну сьвету чалавек нібыта занава нараджаецца ўва ўсім – пачынаючы з мовы, з грамадзкага транспарту, з самых простых такіх рэчаў. Чалавек усюды сутыкаецца зь цяжкасьцямі. Тады шмат думаеш “А дзеля чаго?”, пачынаецца дэпрэсія”.

Надзея сама перажыла такі стан безвыходнасьці, і яна знайшла сваё выйсьце з гэтай сытуацыі.

(Дробіна: ) “З галавой у працу, у любую працу з галавой – у грамадзкую, у фізычную – у любую”.

Надзея гаворыць, што чалавеку нельга забывацца на свае жыцьцёвыя пляны, на свае мары, таму што яны дапамагаюць ратавацца ад смутных думак, а шлях да выкананьня гэтых плянаў – лепшы лек ад няверы ўва ўласныя сілы. У самой Надзеі, апроч пляну стварыць беларускую тэлепраграму

(Дробіна: ) “Яшчэ ў мяне ёсьць вельмі добрая думка – дапамагчы пабудаваць царкву ў вёсцы на Беларусі. У часы вайны царква была спаленая разам з жыхарамі”.

Пасьпяховым людзям звычайна не патрэбны спэцыяльны кантроль звонку. Яны добра ведаюць, чаго хочуць дасягнуць у жыцьці, і самі распараджаюцца сваім часам і магчымасьцямі, якія патрэбныя дзеля дасягненьня гэтай мэты. Самадысцыпліну называюць галоўным складнікам асабістага посьпеху. Пра тое, як выхоўвалі самадысцыпліну тыя, хто пераехаў жыць у іншую краіну – у наступнай праграме цыклю "Беларусы за мяжой".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG