Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры КХП-БНФ прыбіралі панішчаныя вандаламі Курапаты


Любоў Лунёва, Менск Каля чатырох дзясяткаў сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі першую сёлета талаку ў Курапатах. Людзі прыбіралі сьмецьце, паваленыя дрэвы, рабілі клюмбы. 26 красавіка, у дзень гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, сябры партыі зноў прыйдуць у Курапаты.

Людзі некалькі гадзінаў прыбіралі ўсю тэрыторыю мэмарыяльнага комплексу “Курапаты”. За зіму было зламана некалькі вялікіх крыжоў, устаноўленых уздоўж дарогі. Яшчэ некалькі маленькіх крыжоў невядомыя вандалы папросту спалілі ў вогнішчы. Зьнікла маленькая каплічка.

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ падзялілі паміж сабой працу. Жанчыны рабілі новыя клюмбы, садзілі кветкі і прыбіралі гальлё. Мужчыны займаліся рэстаўрацыяй крыжоў, выносілі на поле ў вогнішча старыя паваленыя дрэвы і сьмецьце, якое засталося ў лесе пасьля ўік-эндаў жыхароў мікрараёну.

Я сустрэла Ўладзімера Юхо, калі той нёс вялікі мех са сьмецьцем.

(Юхо: ) "У гэтых месцах, дзе крыжы – няма вогнішчаў, і яны абыходзяць гэтае месца. Безумоўна, ведаюць, нават калі пытаеш, усе кажуць – мы ведаем, што гэта сьвятое месца, і тут ужо нічога ладзіць ня будзем – сыходзяць далей у Курапаты. За гэтую зіму зьнікла каплічка, якая стаяла на полі, калі пачыналі весьці дарогу. Казалі, што вось тут будзе праваслаўная каплічка, і нельга вакол Курапат весьці дарогу, дык вось яна зьнікла".

Каардынатар партыі па Менскай вобласьці Генадзь Банкевіч дадаў:

(Банкевіч: ) "Напалохала надвор''е, таму што ішоў сьнег страшэнны, мяне сама жонка не пускала: куды ты, яшчэ там захварэеш ці што, але ж бачыце, Бог на нашым баку, надвор''е файнае, і я рады, што людзей цяпер шмат выйшла, больш-менш. За нас ніхто ня зробіць. Тое, што мы зробім тут, тое й будзе".

Аліна Дуброўская адмыслова прыехала зь Дзяржынску ў Менск на талаку.

(Дуброўская: ) "Я не прапусьціла ніводнай талакі. Сюды ежджу зь вялікім задавальненьнем. Прыбаўляюцца сілы, хочацца працаваць. Тут вельмі прыемныя людзі, мае аднадумцы. Я як папрацую тут адзін дзень, мне дадаюцца сілы, і цэлы тыдзень я думаю аб тым, што зрабіла нешта карыснае для сваёй краіны".

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі падалі заяўку ў Менгарвыканкам, каб 26 красавіка ім дазволілі сабрацца ў сквэры Янкі Купалы, але атрымалі адмову. Яны паведамілі Радыё Свабода, што на гадавіну Чарнобыльскай трагедыі прыйдуць у Курапаты і там запаляць жалобныя сьвечкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG