Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка на суботніку бэтанаваў бібліятэку


Алег Грузьдзіловіч, Менск 23 красавіка ў Беларусі прайшоў агульнанацыянальны суботнік. 50 працэнтаў заробленых на ім сродкаў будзе накіравана на рамонт і ўпарадкаваньне ваенных мэмарыялаў, помнікаў, а таксама вайсковых пахаваньняў з часу мінулай вайны. Беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка працаваў сёньня на будоўлі новай Нацыянальнай бібліятэкі. Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч спрабаваў далучыцца да ўдзельнікаў суботніку.

Першую стужку гэтага рэпартажу я запісаў у 10 гадзінаў раніцы побач з уваходам на будаўнічую пляцоўку новай Нацыянальнай бібліятэкі.

(Карэспандэнт: ) "Вось я прыехаў да бібліятэкі на ўсебеларускі суботнік, але нешта мяне туды не пускаюць. Тут вакол ахова, брэша сабака, ахоўнік зь мікрафончыкам за вухам некаму тэлефануе. Ісьці да вас?"

(Ахоўнік: ) “Што ў Вас у сумцы?”

(Карэспандэнт: ) “Нічога. Кнігі, газэты. А Лукашэнка ўжо прыехаў?”

(Ахоўнік: ) “Рэпартаж з чаго Вы хочаце зрабіць? З суботніка? Добра”.

Аднак мае перамовы закончыліся нічым, бо й праз гадзіну на суботнік мяне так і не пусьцілі. Пасьля ахоўніка да мяне падышоў чалавек ў цывільным, які не назваўся. Ён патлумачыў, што ўваход на аб’ект забаронены.

Убачыўшы, што ў мяне працуе дыктафон, гэты чалавек загадаў сьцерці ягоныя словы. Потым ён рашуча вывеў мяне за агароджу, якой абкружаная будаўнічая пляцоўка.

Адтуль я й назіраў за суботнікам. Бачыў купку жанчын у чырвоных жакетах, якія старанна грэблі зямлю вакол бібліятэкі, некалькі зварачных агнёў сьведчылі, што ўнутры яшчэ ідзе зварка. Блізу 12-й гадзіны ўбачыў ля бібліятэкі групу мужчынаў зь белымі каскамі на галовах. Будаўнікі, што ўжо адпрацавалі, сказалі, што сярод іх быў і Аляксандр Лукашэнка. Увогуле, пра суботнік будаўнікі размаўлялі даволі ахвотна.

(Карэспандэнт: ) "Вы Лукашэнку бачылі?"

(Зваршчык: ) "Так, я бачыў, ён там бэтон раскідаў. Я вось на той вышыні быў, я зваршчык, а яны ўнізе. А колькі часу ён працаваў, я не зьвяртаў увагі. Там ён не адзін, іх група вялікая. Ну, ня вельмі вялікая. Не лічыў. Зь іншых арганізацыяў я ня ведаю, як хто ходзіць, а мы з нашай арганізацыі ўсе прыйшлі. Сказалі нам, што заўтра працуем, мы й выйшлі”.

(Карэспандэнт: ) "Добры дзень. Раскажэце, як прайшоў суботнік, што вы на ім зрабілі?"

(Мантажнік: ) “Добры дзень. Працу сваю зрабілі. Дзень быў звычайны. А што ужо дамоў ідзем, дык адпрасіліся раней, трэба ж і ў вёсцы дапамагчы. Аляксандра Лукашэнкі на суботніку ня бачылі. Ён з другога боку бібліятэкі працаваў. Цікава было б пабачыць, але не ўдалося. Што да заробкаў, то яны тут розныя. Вось у мяне 500-550 тысяч, але для мантажніка гэта й ня вельмі, сярэдні заробак. А за гэты дзень нам нічога не заплацяць. Адмовіцца і не прыйсьці можна было, але з нашай брыгады ўсе прыйшлі”.

(Карэспандэнт: ) "Дзяўчаткі, вы таксама працавалі на суботніку?"

(Тынкаркі: ) "Так, мы ж тынкары. Ужо працуем. Лукашэнку бачылі, яны там сьцяжку рабілі, бэтанавалі. Ён у дзесяць раніцы прыехаў, а палове на дванаццатую скончылі. Вось паўтары гадзіны”.

Паводле зьвестак, якія ўжо зьявіліся ў паведамленьнях мэдыяў, у агульнанацыянальным суботніку бралі ўдзел 3 мільёны 700 тысяч чалавек. Гэта амаль стопрацэнтны ўдзел працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. А калі я завітаў на Менскі гадзіньнікавы завод, на прахадной вартаўнік мне сказаў, што суботнік на заводзе не праводзіўся. “Калі людзям месяц заробку ня плацяць, то які можа быць суботнік? Галоднага працаваць не прымусіш”, – патлумачыў вартаўнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG