Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь наведала прадстаўніца АБСЭ ў праблемах гандлю людзьмі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адмысловая прадстаўніца АБСЭ ў праблемах гандлю людзьмі Хельга Конрад адзначыла, што заканадаўчая база барацьбы з гандлем людзьмі ў Беларусі “вельмі моцна скіраваная на кантроль” і надае недастаткова ўвагі “абароне ахвяраў гэтага гандлю”.

22 красавіка завяршыла свой візыт у Беларусь Хельга Конрад, адмысловая прадстаўніца АБСЭ ў праблемах гандлю людзьмі. У Менску Хельга Конрад узяла ўдзел у нарадзе міністраў унутраных справаў краінаў СНД і сустрэлася з шэрагам кіраўнікоў міліцэйскага ды іншых ведамстваў. “Я прыемна зьдзіўленая тым, як афіцыйныя асобы ў Беларусі скіраваныя на вырашэньне гэтай праблемы”, — сказала спадарыня Хельга Конрад у інтэрвію Радыё Свабода. Пры гэтым яна адзначыла моманты, якія, на яе думку, варта ўлічваць пры ацэнцы дзеяньняў беларускіх уладаў. У прыватнасьці, яна заўважыла, што акрамя законаў, у гэтай галіне дзейнічаюць прэзыдэнцкія дэкрэты, якія вызначаюцца вялікім адміністрацыйным ухілам.

(Конрад: ) “Яны вельмі моцна скіраваныя на кантроль, гэта адзін бок. Таксама не распрацаваная база для дапамогі ахвярам — выкрадзеным людзям, незаконна перамешчаным за мяжу з мэтай эксплюатацыі. Я ведаю, што абяцана гэта выправіць у будучым законе, і мы будзем уважліва сачыць за тым, як, у якой меры гэта будзе выпраўлена, ці будуць законы ў барацьбе з гандлем людзьмі адпавядаць дэмакратычным нормам. Таксама важна, наколькі хутка і эфэктыўна гэтыя захады будуць ажыцьцёўленыя”, — заявіла адмысловая прадстаўніца АБСЭ ў праблемах гандлю людзьмі Хельга Конрад.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што ў барацьбе з гандлем людзьмі магчыма ўзмацніць адміністрацыйныя захады. Кіраўнік Беларусі сваім дэкрэтам увёў пэўныя абмежаваньні ў дзейнасьці фірмаў, якія займаюцца наймам працоўнай сілы за мяжу, у тым ліку накіраваньнем студэнтаў на вучобу і працу ў заходнія краіны. Таксама Аляксандар Лукашэнка заявіў, што будзе спынены вываз беларускіх дзяцей за мяжу праз усынаўленьне. Усе гэтыя захады падаюцца як барацьба зь незаконным гандлем людзьмі з мэтай іх сэксуальнай эксплюатацыі.
XS
SM
MD
LG