Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераход Беларусі на расейскую валюту зноў адкладваецца


Валер Каліноўскі, Менск У Маскве адбылося пасяджэньне найвышэйшага органу саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падпісалі дакумэнт наконт забесьпячэньня роўных правоў грамадзянаў дзьвюх краінаў. Вырашэньне пытаньня, на якім актыўна настойвае Крэмль, аб пераходзе Беларусі на расейскі рубель, зноў адкладзенае — на лістапад.

Упершыню з кастрычніка 2003 году Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка сабраліся сёньня на паседжаньне найвышэйшай дзяржаўнай рады так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. За гэты час інтэграцыйныя працэсы асабліва не разьвіваліся, што фактычна прызналі кіраўнікі дзяржаваў.

Гаворыць Аляксандар Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) “Мы з Уладзімерам Уладзімеравічам прыйшлі да высновы аб тым, што трэба надаць новы імпульс будаўніцтву саюзнай дзяржавы. З часу правядзеньня папярэдняга паседжаньня найвышэйшага дзяржсавету назьбіралася пытаньняў”.

Уладзімер Пуцін сустракаў Аляксандра Лукашэнку падкрэсьлена ветліва, пад салют крамлёўскіх гвардзейцаў, якія адчынялі ім дзьверы ў вялікім крамлёўскім палацы.

(Пуцін: ) “Тым больш, што мы з гэтай нагоды даўно ўжо не зьбіраліся, я з вамі пагаджаюся абсалютна, некаторыя пытаньні перасьпелі. Таму я вельмі рады вас бачыць, сардэчна запрашаю”.

Першым на парадку дня “перасьпелых”, паводле У.Пуціна, пытаньняў, стаяў пункт наконт увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі. Інфармацыі пра тое, што ў праграму пераходу на адзіную валюту на 2001—2005 гады бакі ўнесьлі карэктывы, няма. Аляксандар Лукашэнка пасьля пасяджэньня паведаміў, што праблема пераходу на адзіную валюту будзе разглядацца ў кантэксьце прыняцьця канстытуцыйнага акту, і на чарговым (як плянуецца, у лістападзе) паседжаньні найвышэйшага дзяржсавету экспэрты павінны будуць дакласьці, які ідзе праца па абодвух пытаньнях.

Тым часам А.Лукашэнка і У.Пуцін зацьвердзілі новы склад камісіі ў справе падрыхтоўкі канстытуцыйнага акту, якую дагэтуль фармальна ўзначальвалі Генадзь Селязьнёў і Вадзім Папоў. Цяпер кіраваць камісіяй будуць новыя сьпікеры ніжніх палатаў парлямэнтаў Барыс Грызлоў і Ўладзімер Канаплёў.

У Маскве Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на выказваньні дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс наконт Беларусі як апошняй дыктатуры ў Цэнтральнай Эўропе:

(Лукашэнка: ) “Ужо добра тое, што яна ведае, што ёсьць такая краіна Беларусь, можа, нават уяўляе, дзе яна знаходзіцца. Кандаліза Райс нядаўна пралятала над гэтай краінай: ні тэрарыстаў, па-мойму, нічога, відаць, нармальна… Таму па-рознаму можна ставіцца, але я, шчыра кажучы, ніяк ня стаўлюся”.

Лукашэнка таксама зазначыў, што Кандаліза Райс пачала вывучаць “нашую мову”, але пакуль мае складанасьці са склонамі.
XS
SM
MD
LG