Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГУУАМ, Літва і Румынія дамовіліся стварыць “дэмакратыю ад Балтыкі да Чорнага мора”


Юры Сьвірко, Кіеў На кішынэўскім саміце кіраўнікі гэтых дзяржаваў дамовіліся стварыць новую рэгіянальную арганізацыю, галоўнай мэтай якой, паводле ўкраінскага прэзыдэнта Віктара Юшчанкі, будзе прасоўваньне дэмакратыі й свабоды ў рэгіёне. Удзельнікі саміту мелі на ўвазе перадусім Беларусь і Прыднястроўе.

Прэзыдэнт Грузіі, якая дагэтуль старшынявала ў ГУУАМе, заявіў, што мэтай гэтай арганізацыі ёсьць дэмакратызацыя тае часткі Эўропы, якая не дасягнула гэтага падчас “аксамітных рэвалюцыяў” у канцы 80-х гадоў. Міхаіл Саакашвілі дадаў: “Мы маем справу з новай хваляй вызваленьня Эўропы”. Ён перадаў старшынёўства ў ГУУАМе гаспадару саміту – прэзыдэнту Малдовы Ўладзімеру Вароніну.

Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў на кішынэўскі саміт не прыехаў і нават заявіў напярэдадні, што ягоная краіна можа выйсьці з ГУУАМу, улічваючы новую пазыцыю Грузіі ды Ўкраіны пасьля іх рэвалюцыяў ружаў і памаранчаў. Аднак Узбэкістан да Эўропы не належыць, а на ўсходзе Эўропы пасьля гэтых рэвалюцыяў, пашырэньня НАТО ды Эўразьвязу засталіся толькі 2 праблемныя тэрыторыі – Беларусь і непрызнаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка. Хоць найбольшую ўвагу падчас гэтага саміту прыцягнула Прыднястроўе, кіраўнікі дзяржаваў ГУУАМу, Літвы й Румыніі падпісалі супольную заяву з назовам “Стварэньне дэмакратыі ад Балтыкі да Чорнага мора”.

Украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка паабяцаў праз 3 тыдні прадставіць дакладны плян разьвязаньня канфлікту паміж Малдовай і Прыднястроўем на базе эўрапейскіх стандартаў і малдоўскай канстытуцыі, і заявіў:

(Юшчанка: ) “Наша мэта – стварэньне зоны стабільнасьці, бясьпекі й росквіту, якая найшчыльнейшым чынам зьвязаная з Эўрапейскім Зьвязам ды якая разьвіваецца паводле эўрапейскіх правілаў і стандартаў. Думаю, што дзеля яе рэалізацыі нам ужо сёньня трэба пераходзіць на іншы ўзровень – распачаць стварэньне на базе ГУУАМу міжнароднай рэгіянальнай арганізацыі са сваім офісам, са сваім сакратарыятам, са сваім плянам дзеяньняў”.

Спадар Юшчанка дадаў, што чырвонаю ніткаю праз усе дакумэнты кішынэўскага саміту праходзіць арыентацыя на каштоўнасьці дэмакратыі й свабоды.

А грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі падтрымаў прапанову свайго літоўскага калегі Валдаса Адамкуса згадаць у Кішынэўскай дэклярацыі пра становішча ў Беларусі. Паводле спадара Саакашвілі, беларускі “народ мае права таксама свабодна выказваць сваю волю”. Спадар Адамкус наўпрост заявіў на саміце: “Беларускія ўлады рухаюцца ў бок аўтакратыі, і гэта выклікае ў рэгіёне ўсё большую занепакоенасьць. Мы ўжо прызвычаіліся да ярасных выпадаў Менску супраць Эўразьвязу й НАТО – няважна, зь якімі мэтамі. Эўразьвяз нават асудзілі ў сувязі з намаганьнямі аказаць дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы”, - падкрэсьліў літоўскі прэзыдэнт. Валдас Адамкус выказаў меркаваньне, што “дзеяньні беларускага кіраўніка ўсё мацней вядуць да самаізаляцыі, і можна толькі шкадаваць, што такім чынам ізалююцца й жыхары Беларусі”.

Прэзыдэнт Літвы сказаў, што ягоная краіна прыкладае шмат намаганьняў, каб пераканаць сваіх партнэраў у Эўразьвязе ў неабходнасьці адмысловага стаўленьня да Беларусі, і дадаў, што тут важны голас маюць і краіны ГУУАМу. “Мы павінны дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасьці адкрыта й бесьперашкодна выказваць свае законныя інтарэсы”, - сказаў Валдас Адамкус і заклікаў ГУУАМ даць ясны сыгнал, што гэтыя дзяржавы далучаюцца да такой дапамогі.
XS
SM
MD
LG