Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі Ленінскага ўпраўленьня міліцыі Менску затрымалі дзьвюх актывістак моладзевага руху “Зубр”


Любоў Лунёва, Менск Зуброўкі вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг на даху будынку насупраць рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Студэнтак “узялі” ў той момант, калі тыя пакідалі дах. Міліцыянты перапісалі ў аддзяленьні міліцыі дадзеныя Алы Ковач і Надзеі Носік і адпусьцілі дзяўчат. Актывісткі “Зубра” паведамілі Радыё Свабода, што ў міліцыянтаў не было доказаў і таму справа не дайшла да суду. Гаворыць Ала Ковач:

(Ковач: ) “Мы адмыслова ўсталявалі гэты сьцяг. Хацелі нагадаць беларусам, што ёсьць такія людзі, якія яшчэ змагаюцца, якія могуць казаць: “Не!”, калі прымушаюць казаць: “Так”. Мы ня спынім сваіх акцыяў і будзем іх працягваць. Трэба ж камусьці гэта рабіць”.

Сябры арганізацыі паведамляюць, што цягам апошняга тыдня штодня супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць іх актывістаў у Менску і рэгіёнах за распаўсюд газэтаў і вывешваньне сьцягоў на будынках. Часьцей за ўсё міліцыянты ўжываюць артыкул за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Але на чатырох чалавек з Барысава склалі пратакол за парушэньне грамадзкага парадку ў часе масавых мерапрыемстваў. Так супрацоўнікі міліцыі кваліфікуюць вывешваньне партрэтаў Міхаіла Марыніча на гарадзкіх будынках.
XS
SM
MD
LG