Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія сем гадоў колькасьць сялянскіх гаспадарак у заражанай радыяцыяй вёсцы Рудня Споніцкая Веткаўскага раёну скарацілася амаль удвая


Казімір Яноўскі, Рудня Споніцкая Веткаўская газэта “Голас Веткаўшчыны” паведаміла, што 26 красавіка раён наведае Аляксандар Лукашэнка. Ён будзе знаёміцца з тым, як жывуць людзі на заражанай радыяцыяй тэрыторыі. Вёска Рудня Споніцкая Веткаўскага раёну ў маршруце кіраўніка дзяржавы ня значыцца.

Афіцыйна пасьля Чарнобылю жыхароў вёскі Рудня Споніцкая не адсялялі. Аднак за апошнія сем гадоў колькасьць сялянскіх гаспадарак скарацілася тут амаль удвая, і цяпер у вёсцы ўсяго толькі 20 жыхароў. Сталага веку людзі паміраюць, а моладзь сюды ня едзе.

Калісьці Рудня Споніцкая ўваходзіла ў склад саўгасу “Веткаўскі”. З прычыны банкруцтва саўгас далучылі да раённага аграпрамсэрвісу. Ня стала ў вёсцы ні фэрмы, ні іншага занятку, ні добрага жытла для моладзі.

Распавядае 66-гадовы вясковец Аляксей Зарэцкі:

(Зарэцкі:) “Маладых у нас няма – адныя пэнсіянэры. Толькі адзін наш вясковец, яму 52 гады, працуе на суседнім комплексе. Астатнія ўсе на пэнсіі”.

Спадар Зарэцкі раней сам працаваў на сьвінакомплексе ў суседняй вёсцы Чыстыя Лужы. Цяпер, нягледзячы на паважаны ўзрост, займаецца ўласнаю гаспадаркаю:

(Зарэцкі:) “Каня трымаю, парасят, курэй”. (Кар.:) “А карову”? (Зарэцкі:) “Каровы няма. Чарнобыль быў, дык папрадавалі, паздавалі. Праўда, праз хату – сусед трымае карову”. (Кар.:) “А ці правяраеце вы тое, што вырошчваеце”? (Зарэцкі:) “Нічога не правяраем! Так жывём, нічога не правяраем”.

Вяскоўцы звыкліся з радыяцыяй. Тым больш цяпер, калі паводле пастановаў Саўміну, дзясяткі паселішчаў пераводзяцца зь ліку заражаных у чыстыя. І хоць Рудня Споніцкая па-ранейшаму знаходзіцца ў зоне 10-15 кюры, мясцовыя жыхары на радыяцыю ўвагі не зьвяртаюць:

(Зарэцкі:) “Была радыяцыя, а цяпер, кажуць, няма яе нідзе”. (Кар.:) “Куды ж яна падзелася”? (Зарэцкі:) “А хто ж ведае?! Мы ж ня бачым, дзе яна лётае (сьмяецца). Ці ў зямлі яна ці дзе яшчэ”?

Вяскоўцы ведаюць, што праз колькі дзён у недалёкую вёску Старое Сяло павінен прыехаць кіраўнік дзяржавы. Аднак на сустрэчу туды пакуль ніхто не зьбіраецца. Чаму – расказаў былы трактарыст Васіль Якаўцаў:

(Якаўцаў:) “Ён да нас прыяжджаў у Чыстыя Лужы. Раней гэта было, гадоў дзесяць таму. Камбайн там новы выпрабоўвалі, дык ён прыяжджаў на поле. Пабыў – і паехаў”.

Раю вяскоўцам: дык можа наконт прыбаўкі да пэнсіі папрасілі б у кіраўніка?

(Зарэцкі:) “Трохі пэнсіі прыбавяць, а цэны ўверх ідуць”.

Спадар Якаўцаў у сваю чаргу па-вясковаму мудра разважае: пэнсіянэру трэба не прыбаўкі прасіць, не адпачываць, а працаваць - тады і будзеш жыць:

(Якаўцаў:) “Во, бачыце могілкі? Там і будзем адпачываць! А да таго часу, пакуль ногі ды рукі варушацца, трэба працаваць – тады і будзеш жыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG