Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Валянціна Трыгубовіч


Валянціна Трыгубовіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе мастацтвазнаўца, старшыня Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва” Валянціна Трыгубовіч.

18 красавіка, панядзелак

“Дзень стукае ў акно халодным пальцам. Трэба прачынацца”. Сьвядомасьць выплывае з соннага небыцьця разам з гэтым радком Ларысы Геніюш. Чамусьці так бывае даволі часта ў пахмурныя дні. “Трэба прачынацца...” Котка пільна назірае з крэсла насупраць за маімі намерамі. Зразумела, дзеці зноў не пасьпелі пакарміць гэтую Чуню, сьпяшаліся на працу. Удзьвюх выпраўляемся на кухню, шукаем місачку...

Цяпер можна і пра сябе паклапаціцца. Ранішнія малітвы, ранішняя кава... Канал CNN, спадзяюся, не праміне сёньня навінаў з Ватыкану. Так і ёсьць, перад пачаткам працы канкляву ў базыліцы сьвятога Пятра будзе праведзеная імша. Непасрэдна выбары новага папы пачнуцца ў Сыкстынскай капліцы па абедзе. У мяне няма фаварыта ў гэтых выбарах. Належу да іншай галіны хрысьціянства, дык нават не магу пэўна сказаць, хто сёньня больш патрэбны на гэтай пасадзе — кансэрватар, памяркоўны ці лібэрал. Аднак хочацца, каб ён быў эўрапейцам. Ад словаў і дзеяў папы вельмі шмат залежыць у сучасным сьвеце. Ян Павал ІІ пераканаўча гэта сьцьвердзіў.

Гляджу штодня CNN, хоць слаба ведаю ангельскую мову. Слоўнік пастаянна ляжыць пры тэлевізары. Вядома, зручней было б карыстацца расейскамоўным “EuroNews”, але некалькі разоў сутыкнулася ў іх з такой непрыхаванай прамаскоўскай трактоўкай міжнародных падзеяў, што давер да каналу зусім прапаў. Магу спакойна глядзець толькі відэакарцінкі “без камэнтару”. Было б цудоўна, каб зьявіўся беларускамоўны варыянт “EuroNews”, бо тыя куртатыя навіны пра падзеі ў сьвеце, якія з адставаньнем у часе пабачыш на расейскіх або беларускіх тэлеканалах, мяне зусім не задавальняюць. Як і паказ жыцьця ў нашай краіне ўсімі клонамі БТ (язык не паварочваецца назваць гэтае тэлебачаньне беларускім).

Увогуле, часам лаўлю сябе на думцы, што ўсё больш раблюся падобнай да тых бабуляў з майго далёкага дзяцінства, якія цэлымі днямі сядзелі на лавачцы перад сваёй хатай і ведалі ўсё чыста, што робіцца ня толькі ў суседзяў, але па ўсёй вёсцы: хто з кім пасварыўся, хто што скраў на калгасным падворку, хто каго праводзіў пасьля танцаў... Толькі вёскаю маёю праз тэлевізійныя каналы робіцца ўвесь сьвет.

Тым часам праразаецца галасок у тэлефона: сяброўка нагадвае, што сёньня трэба здаваць у падатковую інспэкцыю справаздачу нашага Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская пэрспэктыва”. Як старшыня мушу ехаць падпісваць цэлы жмут папераў... Вось дурата! Арганізацыя некамэрцыйная, працуюць усе дабрачынна. У паперах пазначаем прочыркі ва ўсіх клетачках. Але мусім рабіць гэтую непатрэбшчыну штомесяц, як і шмат чаго іншага, бо жывём у краіне, дзе лёгіка і здаровы сэнс — мала шанаваныя паняцьці.

Вяртаюся дахаты позна ўвечары. Доўгім было пасяджэньне партнэрскай грамадзкай арганізацыі — “Сацыяльных тэхналёгіяў”. Яе кіраўніцтва вырашыла самаліквідавацца, бо заеў бюракратычны прэсінг. А праекты паспрабуюць ажыцьцяўляць і безь юрыдычнага статусу. Некаторыя сапраўды можна будзе. Разьвітальнае пасяджэньне таму не было сумным. За некалькі гадоў супольнай працы мы ўсе добра паразумеліся. Калісьці сабраліся (задоўга да сёньняшняй “Пяцёркі плюс”) у адной грамадзкай ініцыятыве камуністы і нацыяналісты, лібэралы і сацыял-дэмакраты. Паступова навучыліся цывілізавана спрачацца, шукаць кампрамісаў, якіх патрабавала супольная праца, усьвядомілі агульныя каштоўнасьці і праблемы. Такія асяродкі даюць “аб’ёмнасьць” бачаньня грамадзкіх працэсаў, школяць больш актыўна, чым каманда аднадумцаў.

Вось у сёньняшняй размове зачапілі наяўнасьць у атачэньні Лукашэнкі выразных расеяфобаў. Прагучала меркаваньне, што гэта надзейныя абаронцы незалежнасьці краіны. Каб жа было так адназначна! Прасьцей кіраўнікам не любіць Расеі, Злучаных Штатаў, эўрапейскіх арганізацыяў і звычак, чым стаць упоравень з патрабаваньнямі часу і грамадзтва, з тымі задачамі, якія мусіць вырашыць краіна, каб не заставацца камуністычным запаведнікам і не заядаць лёс маладога пакаленьня, кожнага тутэйшага чалавека, нацыі як самакаштоўнасьці.

19 красавіка, аўторак

У гэты дзень, паводле альфабэту, штомесяц мушу ісьці на пошту, каб атрымаць сваю пэнсію. Стаю ў чарзе, разглядаю цішком суседзяў, слухаю (самой размоваў лепш не ўсчынаць, ужо ня раз праверана) і каторы раз спрабую знайсьці адказ на пытаньне: “Чаму старэйшыя людзі так горача падтрымліваюць прэзыдэнта Лукашэнку?”

Гарадзкія пэнсіянэры ў маім Заводзкім раёне ў сваёй пераважнай большасьці ўзгадаваныя ў вёсках ці малых мястэчках, іх жыцьцёвыя каштоўнасьці і погляды мала адрозьніваюцца ад пазыцыяў тых аднагодкаў, якія ня выбраліся калісьці ў горад, а засталіся на родным котлішчы. Усе яны з маленства шмат і цяжка працавалі, харчаваліся аднастайна, заробкі мелі невялікія (можна прыгадаць, што ў калгасе доўгі час плата ўвогуле была ўмоўная — “палачкі” ды працадні), каб зводзіць канцы з канцамі, шчыравалі ў дадатак на падворку або дачы... Словам, цяжка працавалі, а платы за тое адпаведнай ня мелі. І ў іх сфармаваліся вельмі сьціплыя жаданьні і патрэбы. У дачыненьні ежы, адзеньня, баўленьня вольнага часу... (Калі ня браць за норму савецкія стандарты, вядома.) Узрост толькі звузіў гэтыя памкненьні: цукеркі або бутэлька салодкай газіроўкі для вясковай бабулі здольныя і сёньня стварыць адчуваньне сьвята. Цяпер гэтыя людзі не працуюць, аднак грошы маюць штомесяц дзень у дзень. І сума час ад часу павышаецца. У абсалютных лічбах, вядома. (Інфляцыя і рост цэнаў, як кажуць, існуе за плотам.) Ствараецца ілюзія, што гэтая штомесячная плата — падарунак лёсу. І “лёс” гэты пэрсаніфікуецца ў асобе Аляксандра Рыгоравіча. Зразумела, праз сыстэмную прапаганду дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё.

Тая акалічнасьць, што пэнсія ЗАРОБЛЕНАЯ, існуе толькі на ўскрайку сьвядомасьці. А развагі “фінансавых мудрацоў” мала хто з пэнсіянэраў слухае, яшчэ менш — разумее, пра што гаворка. Маўляў, сваіх будзённых праблемаў хапае. Ды сэрыялу каб чарговага не прапусьціць... Для душэўнага спакою лепш думаць, што ўсё добра, што жылі недарэмна, хоць, вядома, нагараваліся...

А можа, яшчэ прасьцей усё з нашымі пэнсіянэрамі? У людзей, якія цяжка працавалі, недаядалі, не атрымлівалі належнай зарплаты, у падсьвядомасьці міжволі сфармавалася мара: каб не працаваць, але ўсё мець. (Калісьці мая бабуля Сьцепаніда гаварыла: дай Бог, дзеткі, усё ўмець і нічога не рабіць.) І вось гэтыя бабулі цяпер УСЁ маюць! Мізэрны аб’ём гэтага “ўсяго” відаць нам збоку, а на іхныя сёньняшнія патрэбы яго як бы й хапае... І, бітыя жыцьцём, яны баяцца страціць, што маюць, сваю дасягнутую мару. Таму — ніякіх зьменаў, ніякіх зрухаў, кожны, хто кліча да зьменаў, асабісты вораг. І ня варта апанэнтам існага рэжыму спрабаваць ім штосьці ўнушыць. Марна! Проста трэба дапамагчы дзецям і ўнукам сфармаваць інакшую мару — каб у ёй было месца для свабоды, заможнасьці, культуры, цікавай працы і вясёлага адпачыку. І яны тады некалі дасягнуць гэтай мары, зробяць у нашым утульным кутку Эўропы годнае грамадзтва — без калгаснага прымітыву, гвалту і прымусу.

Атрымала сваю пэнсію ў адным акенцы, а ў двух суседніх імгненна яе спусьціла: заплаціла за кватэру, электрычнасьць, тэлефон і тэлевізар. На руках засталося 28 тысячаў 320 рублёў. Ну, пакет кефіру можна будзе купляць штодзень. І нічога больш!

На пятую гадзіну еду ў Палац мастацтва на адкрыцьцё выставы Алеся Ксяндзова. Цікавы мастак з драматычным лёсам. Намерылася пісаць пра яго жыцьцё і творчасьць. Прагледзела за папярэднія дні колішнія свае інтэрвію, публікацыі іншых аўтараў. Дзіўна, аказваецца, яму ўжо 50! Залаты юбілей.

А ў вячэрніх навінах даведваюся пра абраньне новага папы. Эўрапеец! Трэба патэлефанаваць сваёй сяброўцы з грэка-каталіцкай грамады, якая пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ выказвала жаданьне бачыць новым папам кардынала Ёзэфа Рацынгера. Мусіць пачувацца шчасьлівай!

20 красавіка, серада

Пішу пра выставу Алеся Ксяндзова. Вэрнісаж дадаў мала новага, тлум вялікага натоўпу і выпадковыя размовы трэба чым хутчэй адсячы, тады застануцца патрэбныя ўражаньні ад прамоваў і твораў — старых і новых, маё ўспрыманьне мастака ў атачэньні сёньняшніх абставінаў і акалічнасьцяў... Праца рухаецца марудна. Каб здаць тэкст у абяцаны час, змушана прапусьціць прэзэнтацыю беларускамоўнага выданьня “Ўспамінаў Сапліцы” Генрыка Жавускага. Шкадую, бо там будзе цікавая публіка, шампанскае, выступленьне гурту “Стары Ольса”... Адно супакойвае: “Лімарыюс” ахвяруе мне кожную сваю новую кнігу за слушную кадравую параду, якую я дала ім калісьці пры стварэньні гэтага прыватнага выдавецтва. Унікальная на сёньняшні час зьява — такая працяглая ўдзячнасьць. “Успаміны Сапліцы” ўжо стаяць на маёй кніжнай паліцы.

Увечары выцягваем з халадзільніка прыпасены раней торцік з “Салодкага фальварку”. У Янкі (малодшага сына) — дзень нараджэньня. Сябры завітаюць у суботу, у будны дзень віншуюць толькі свае, вузкім сямейным колам.

21 красавіка, чацьвер

З раніцы сьвеціць лагоднае сонейка (а халадзіна ў хаце адчувальная), таму ўсе творчыя пляны пасоўваюцца ўбок. Гадзіны тры забірае хатні кветнік. Калі мы зашклілі лёджыю, стала магчымым сад-агарод стварыць як бы ў кватэры. Зручна і прыемна. Жаданьне вясной штосьці садзіць і сеяць, відаць, закладзенае ў беларускіх жанчынах генэтычна. Мы амаль усе (большасьць — дакладна) сялянкі з паходжаньня. Сам працэс калупаньня ў скрынках —пасадзіць-перасадзіць — дае асалоду. Дзяды мелі сваю зямлю, бацька вывучыўся на агранома, а ў мяне вось толькі кветкі ды зялёная цыбуля...

Ружы, на жаль, перазімавалі ня ўсе. А герані, пераселеныя колькі дзён таму сюды з кватэры, ужо цьвітуць і няблага сябе адчуваюць. Гэты сад-агарод — зручнае месца для ўцёкаў ад абрыдлага пісьмовага стала, дзе паперы, здаецца, размнажаюцца самастойна. Трэба сёньня ўсім напісаць адказы на дасланыя лісты, бо ў найбліжэйшыя дні час зойме падрыхтоўка да велікодных сьвятаў. Вербная нядзеля на падыходзе...

Па абедзе еду праз увесь горад, каб перадаць пакунак з кнігамі для сяброў у Нью-Ёрку. Перасылка па пошце робіць кнігу залатою... А ня кожны падарожнік праявіць салідарнасьць, багаж дазваляецца браць невялікі. Сярод іншых паклала “На высьпе ўспамінаў” Валянціна Тараса. Кніга ўразіла мяне імкненьнем аўтара да гранічнай праўдзівасьці ў паказе розных жыцьцёвых сытуацыяў, часам вельмі нявыйгрышных для яго. Ёсьць некалькі старонак, над якімі я плакала. Не магу прыпомніць, калі такое было са мною... Да сэнтымэнтальных асобаў сябе не залічаю. Мэмуарысты звычайна прыхарошваюць сябе, можа, нават незаўважна для саміх. А Валянцін Тарас здолеў неяк абысьці гэтую спакусу. Ён бязьлітасна адкрыты ў дачыненьні да сябе самога і вельмі тактоўны ў ацэнках іншых людзей. Ягоныя ўспаміны і развагі выразна паказваюць, як цяжка і складана ідзе працэс дэсаветызацыі сьвядомасьці, калі сам чалавек да гэтага імкнецца, які гэта няпросты працэс, якія падводныя камяні і рэцыдывы на гэтым шляху сустракаюцца. А новыя ідэі і ўяўленьні, станоўча ўспрынятыя розумам, могуць адштурхвацца эмацыйна, падсьвядомасьцю, сэрцам, так бы мовіць. І тады чытачу збоку падаецца, што аўтар крывіць душою, піша пра тое, што ісьцінаю для аўтара ня ёсьць.

Зачапілі за жывое і “зьвяздоўскія” ўспаміны аўтара, іншадумства “групы таварышаў”. А я была ў свой час знаёмая зь іншымі “зьвезьдзюкамі”. Дык вось, разумею цяпер, сябры Валянціна Тараса бунтавалі, пратэставалі супраць саветызацыі жыцьця, а іншая група выступала супраць дэнацыяналізацыі грамадзтва. І яны не перасякаліся, нават варагавалі паміж сабою. Проста перакуленая пэрспэктыва нашага часу! “Демократы вообще” и “нацыяналісты” ўсё ніяк ня могуць паразумецца, ня здольныя дзейнічаць супольна. Яшчэ няма ўсьведамленьня таго, што толькі суладзьдзе, узгодненыя дзеяньні актывістаў розных палітычных плыняў дадуць жаданы плён.

Вось і апошнія навіны... На сустрэчы з Кандалізай Райс у Вільні “беларускі букет”, так бы мовіць, быў настрыжаны з адной клюмбы... Які ж марудны працэс трансфармацыі сьвядомасьці! А жыцьцё так хутка мінае...

22 красавіка, пятніца

Трыма клічнікамі ў штодзёньніку на гэты дзень пазначаны візыт у Міністэрства юстыцыі. Трэба высьветліць, ці задаволіў іх наш апошні ліст — тлумачэньне “па сутнасьці зададзеных пытаньняў”, ці прынялі яны да ўвагі нашыя довады. Калі не, трэба сьпешна падаваць пазоў у Вярхоўны суд, каб аспрэчыць папярэджаньне, вынесенае Міжнароднаму грамадзкаму аб’яднаньню “Беларуская пэрспэктыва” за… выкарыстаньне ангельскай мовы на блянку. Пяць гадоў мы ім пісалі на тым блянку, усё было добра, нікому не замінала ўнізе, збоку сьціпла прадубляваная па-ангельску назва арганізацыі. Патрэбныя афіцыйныя зьвесткі належным чынам падаваліся ж на блянку па-беларуску! Усе магчымыя кансультацыі з калегамі па “трэцім сэктары” намі праведзеныя. Парады атрыманыя. “Вы ня першыя і не апошнія, хто трапіў пад татальную “зачыстку” грамадзкіх арганізацыяў. Пастарайцеся выжыць! Вашай працы за вас ніхто ня зробіць”.

Застаецца толькі працытаваць незабыўнага для майго пакаленьня Мікіту Хрушчова: “Мэты акрэсьленыя, задачы вызначаныя. За працу, таварышы!” Раблю рэдактарскую праўку: “Працуйма, спадарства...”
XS
SM
MD
LG