Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Канадзе памёр Барыс Рагуля


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня раніцай у Канадзе на 86-ым годзе жыцьця памёр намесьнік Старшыні Рады БНР Барыс Рагуля.

Барыса Рагулю можна назваць легендай беларускай дыяспары, адным з выбітных асобаў паваеннай хвалі эміграцыі.

Ён нарадзіўся на Наваградчыне. У канцы 30-ых гадоў быў арыштаваны ворганамі НКВД як быццам бы польскі шпіён, з турмы ўцёк у першыя дні вайны і вярнуўся ў Наваградак. Рагуля належаў да тых, хто ў часе нямецкай акупацыі спрабаваў адрадзіць беларускую дзяржаўнасьць, яму ўдалося арганізаваць беларускую самаахову.

Пасьля вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі і прыходу Чырвонай Арміі пасьля вайны ў ліку тысячаў беларускіх патрыётаў Рагуля быў вымушаны шукаць прытулку ў Заходняй Эўропе. Скончыў мэдычны факультэт, быў лідэрам беларускага студэнцтва, потым пераехаў у Канаду, дзе зрабіў выбітную мэдычную кар’еру. Аднак Беларусь заўсёды заставалася ягоным клопатам. Ён зьбіраў сродкі для ахвяраў Чарнобылю, дапамагаў былым ахвярам бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Менавіта Барыс Рагуля ў 1997 годзе ініцыяваў абнаўленьне Рады БНР.

Вось як сам Рагуля ацэньваў свой жыцьцёвы шлях у інтэрвію для “Свабоды” летась у сьнежні :

(Рагуля: ) “Так, я задаволены. Я маю ўражаньне, што я зрабіў усё, што можна было зрабіць. Хацелася б большы ўдзел браць у жыцьці Беларусі. Надзея ёсьць, што пасьля падзеяў ва Ўкраіне магчыма гэта неяк пазытыўна паўплывае і на Беларусь.

Маё пакаленьне жыве ўспамінамі і надзеяю, што тое, што было зроблена, не змарнуецца і дасьць пазытыўныя вынікі. Праўда, надзея невялікая, але я думаю, што ў Беларусі беларускае жыцьцё ня будзе зусім зьліквідаванае. Я маю надзею, што маладыя людзі глядзяць з надзеяю на будучыню... Тыя, што прыехалі зь Беларусі, шмат хто зь іх добрыя патрыёты, і працягваюць нашу працу тут на чужыне”.

Гаворыць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла:

(Сурвілла: ) “Гэтак як і ўся беларуская дыяспара, і беларусы Канады, я зь вялікім сумам даведалася пра сьмерць доктара Барыса Рагулі. Барыс быў чалавекам шчодрым і разумным. Быў ён вялікім беларусам. Я моцна цаніла ягонае супрацоўніцтва як у Радзе БНР, так і ў Канадыйскім Фондзе дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Цяжка будзе безь яго. Дык вечная яму памяць!”

На сувязі зь Нью-Ёрку – Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) “Адыходзяць Рыцары беларускай справы. Адыйшоў сьмелы беларускі афіцэр, які змагаўся за беларускую справу. Вечная яму памяць!”

Барыс Рагуля – аўтар кнігаў успамінаў “Беларускае студэнцтва на чужыне і “Жыцьцё пад агнём” (супольна зь Лявонам Юрэвічам). Апошняя кніга, напісаная ім па-ангельску, выйдзе ў канцы гэтага году ў Канадзе. Разьвітаньне з Барысам Рагулем пройдзе ў суботу ў горадзе Лёндан (Канада), пасьля, паводле ягонай волі, адбудзецца крэмацыя.
XS
SM
MD
LG