Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Дудараў: “Вэтэраны ўспрымаюць Цёркіна, а ня Чонкіна”


Ігар Карней, Менск 23 красавіка на сцэне Цэнтральнага Дому афіцэраў мусіў адбыцца спэктакль “Чонкін” паводле твору вядомага расейскага пісьменьніка Ўладзімера Вайновіча. Аднак за некалькі дзён да прэм’еры кіраўніцтва Дому афіцэраў адмовілася даваць арганізатарам сцэну.

Агенцтва “Альфа-канцэрт” кажа, гэта першы выпадак, калі выступ скасоўваюць, бо заля нібыта тэрмінова спатрэбілася Міністэрству абароны. Адмыслоўцы, між тым, згадваюць, што нэгатыўнае стаўленьне да “Чонкіна” бярэ пачатак з савецкага часу, калі вэтэраны вайны адкрыта пратэставалі супраць пэрсанажа, які нібыта ганьбіць усю армію.

У агенцтве “Альфа-канцэрт”, якое выступала арганізатарам паказу “Чонкіна”, пацьвердзілі: спэктакль на запатрабаваньне кіраўніцтва Цэнтральнага Дому афіцэраў адменены, грошы гледачам ужо вяртаюць. Апавядае дырэктар агенцтва Яўген Яршоў:

(Яршоў: ) “У дамове ёсьць пункт: калі дзеля патрэбаў Міністэрства абароны запатрабуецца заля, то яны яе забяруць. Але такога ў гісторыі яшчэ не было, каб адмянялі спэктакль менавіта з такой прычыны”.

На пытаньне, ці будуць спробы прывезьці “Чонкіна” ў Беларусь яшчэ раз, спадар Яршоў адказаў катэгарычна: за сем гадоў працы ў гэтай галіне ён ніколі і нічога не паўтараў двойчы.

Расейскі пісьменьнік Уладзімер Вайновіч, аўтар “Чонкіна”, цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, узяць у яго адпаведны камэнтар не атрымалася. Драматург Аляксей Дудараў, які ў сваёй творчасьці таксама шмат увагі надае мінулай вайне, згадвае: з Вайновічам вэтэраны “ваююць” яшчэ ад савецкага часу, калі “Чонкін” упершыню зьявіўся ў самвыдаце. Сам Дудараў, дарэчы, цалкам на баку вэтэранаў.

(Дудараў: ) “Што тычыцца прыманьня ці непрыманьня з боку вэтэранаў? Калі гэты твор яшчэ толькі зьявіўся, то вэтэраны Вялікай Айчыннай вайны да яго паставіліся пэўным чынам. Яны прымаюць Цёркіна, а ня Чонкіна. Зрэшты, мне таксама герой Твардоўскага бліжэй і цяплей, чым іранічнае стаўленьне да тых падзеяў і да крыві, якая пралілася, — дарэчы, усіх народаў”.

Я нагадаў спадару Дудараву, што кніжныя і кінавобразы салдатаў-недарэкаў уласьцівыя для многіх народаў. Самыя знакамітыя — ангельскі салдат Піткін, а больш раньні прыклад — вядомы на ўвесь сьвет бравы салдат Швэйк. У адказ на гэта спадар Дудараў сказаў:

(Дудараў: ) “Мы не ангельцы, мы славяне. І я не разумею, чаму мы, задраўшы порткі, так бяжым за Захадам. Мы такімі ня можам быць, і мастацтва нашае ня можа быць такім, як на Захадзе. І перарабляць сябе пад іх ня трэба. Заходні чалавек спакойна глядзіць на тое, як кішкі накручваюць на руку, як галовы лопаюцца. А славянін — ён суперажывае, яму балюча. Ён прывык казку ўспрымаць гэтак жа, як успрымае жыцьцё. Таму трэба да гэтага ставіцца ашчадна. Той жа самы Цёркін — гэта былінны герой. Сьмешнымі Алёша Паповіч, Ільля Мурамец і Дабрыня Нікіціч могуць быць толькі ў анэкдотах. Але анэкдоты расказваюць у лазьнях пасьля добра выпітага піва”.

Крыніцы ў Міністэрстве абароны тым часам сьведчаць, што ў ведамства быў дасланы ліст за подпісам шэрагу вэтэранаў вайны, якія абураліся рэпэртуарам Цэнтральнага Дому афіцэраў. Зрэшты, гэта ўжо ня першая падобная скарга: летась вэтэранаў абурыла спроба ўдзелу ў канцэрце да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі Барыса Маісеева. А сёлета вэтэраны дамагаліся адмены ў тым жа Доме афіцэраў спэктаклю “Чапаеў і пустэча”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG