Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі Андрэя Клімава


Любоў Лунёва, Менск Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. У сьледчым камітэце яму надалі статус падазраванага ў крымінальнай справе, якую распачалі за падзеі 25 сакавіка. У той дзень адбылася дэманстрацыя пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Сьледчыя падазраюць Андрэя Клімава ў арганізацыі вулічнай акцыі. Тым часам у Першамайскім судзе Менску знаходзіцца яшчэ адна крымінальная справа супраць яго — за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Андрэя Клімава затрымалі на аўтастаянцы на вуліцы Платонава і адвезьлі ў будынак па вуліцы Сапёраў, 7. Сьледчы Ігар Прахарэнкаў, які вёў справу Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца, пазнаёміў новага падсьледнага з пастановай. Паводле яе, Андрэя Клімава падазраюць у арганізацыі “групавых дзеяньняў, якія парушалі грамадзкі парадак”. У той дзень, 25 сакавіка, амонаўцы затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Сьледчы вырашыў пакуль на 72 гадзіны пакінуць Андрэя Клімава ў камэры ізалятару часовага ўтрыманьня. Ня выключана, што пасьля выходных правядуць новы допыт, і тэрмін ізаляцыі будзе падоўжаны. Андрэй Клімаў пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода ў часе допыту:

(Клімаў: ) “Я мяркую, што ўсё гэта зьвязана з заявай, якую зрабіла Кандаліза Райс. Паколькі ЗША і Эўропа супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, у выніку якой у Беларусі груба парушаюцца правы чалавека. Акцыя 25 сакавіка праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Лукашэнкі, а ўлады цяпер баяцца вулічных выступаў людзей. Улады баяцца маіх актыўных дзеяньняў на вуліцы. Яны ізалююць людзей, якія могуць павесьці за сабой натоўп. Я спытаў у сьледчага: “Чаму мяне хочуць трымаць за кратамі, а не пад падпіскай пра нявыезд?” І адказу не пачуў. Упэўнены, што сьледчы папросту выконвае загад. Менш за ўсё ў іх пыталіся. Ведаеце, Лукашэнка ня самая горшая бяда для краіны. Самая горшая — нежаданьне жыць лепш”.

На 25 красавіка прызначана чарговае паседжаньне ў Першамайскім судзе ў крымінальнай справе супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Нагодай для крымінальнай справы сталі яго кнігі і інфармацыйны бюлетэнь, якія распаўсюджваліся на тэрыторыі Беларусі. Першае паседжаньне адбылося 6 красавіка. 25 красавіка, хутчэй за ўсё, у суд яго прывязуць пад аховай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG