Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што думаюць пра суботнік жыхары Дзяржынскага раёну?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Ці апраўданае вяртаньне да савецкай традыцыі красавіцкага суботніку ва ўмовах цяперашняй Беларусі? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да жыхароў Дзяржынскага раёну.

(Спадарыня Вера: ) “Ня ведаю”.

(Спадарыня Людміла: ) “Працаваць трэба, каб чыста было, горад прыбраць”.

(Спадар Аляксей: ) “Сельскагаспадарчыя працы пачынаюцца, а тут прыдумляюць нейкія суботнікі”.

(Спадар Іван: ) “Я наагул не хаджу. Бо працаваць трэба за “дзякуй”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Трэба проста выйсьці і прыбраць тэрыторыю, свой горад. Але каб ня вылічвалі грошай на працы. Я за такія суботнікі”.

(Спадар Ігар: ) “Вельмі патрэбна. Суботнік наагул карысная справа”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Навошта гэтыя суботнікі? Мы ж адзін суботнік ужо адбылі. А гэты дзеля чаго?”

(Спадарыня Клаўдзія: ) “Асабіста я не хачу ісьці на гэты суботнік, бо атрымліваю капейкі. У мяне няма ніякай ахвоты ісьці. Але ж, калі не пайсьці, то ад начальства будуць непрыемнасьці”.

(Спадар Анатоль: ) “Суботнік павінен быць абавязкова. І вельмі трэба прыцягваць да яго моладзь. Бо сталыя людзі пра гэта ведаюць”.

(Спадарыня Хрысьціна: ) “Да мяне ня ходзяць і нічым мне, адзінокай, ня дапамагаюць. А яшчэ прымушаюць, каб я тут дапамагла касіць. Ды вось, так і я да іх не пайду”.

(Спадар Аляксей: ) “Мы працавалі на суботніку ў мінулыя выходныя. Але нас прымушаюць яшчэ раз выйсьці ў гэтыя выходныя”.

(Спадарыня Ніна: ) “У нас таксама вылічваюць грошы, і яшчэ трэба працаваць у дадатак да гэтага!”

(Карэспандэнт: ) “Куды ідуць грошы ад суботнікаў?”

(Спадар Аляксандар: ) “Ня ведаю. Ня ў курсе справы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці апраўдана вяртаньне да савецкай традыцыі красавіцкага суботніку ва ўмовах цяперашняй Беларусі?”

(Спадарыня Галіна: ) “Я б сказала, што ня трэба гэтых цяпер суботнікаў. Альбо калі б ведаў, куды насамрэч пойдуць гэтыя грошы… Калі б гэтыя грошы пайшлі на шпіталь, то я б з задавальненьнем выйшла — і не адзін раз. А так хто яго ведае, куды ідуць гэтыя грошы”.

(Спадарыня Люба: ) “Суботнік мы ўжо адбылі. У нас у школе ўсе дзеці прыбіраюць, усе настаўнікі”.

(Спадар Аляксей: ) “І калі гэтая сваволя скончыцца?! Паспрабуй толькі ня выйдзі. Прымушаюць”.

(Спадарыня Яніна: ) “У нас кожную суботу суботнік. Мінулую суботу быў, у гэтую будзе, і ў наступную, відаць, таксама”.

(Спадарыня Насьця: ) “Я таксама адмоўна стаўлюся. У нас на пошце, дзе я працую, суботнікаў няма, бо працуем кожны дзень. Але затое на суботнік вылічваюць грошы”.

(Спадарыня Юлія: ) “Я працую ў аддзеле кадраў. І таксама выходжу на суботнік. А хто ж зробіць? У бюджэце грошай няма”.

(Спадарыня Галіна: ) “Калі б яшчэ начальства выходзіла на суботнік! А то мы, рабочыя, выходзім на суботнік, а начальства ўсё сядзіць па кабінэтах. Ні ў тую суботу не выходзіла, ні ў гэтую ня выйдзе”.

(Спадарыня Марыя: ) “Хто станоўча ставіцца да суботніка, хто адмоўна”.
XS
SM
MD
LG