Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абшукалі на мяжы сябраў дэлегацыі, што сустракалася ў Вільні з Кандалізай Райс


Алесь Дашчынскі, Менск Намесьнік старшыні БГК Гары Паганяйла, старшыня грамадзкай арганізацыі “Жаночы незалежны дэмакратычны рух” Людміла Пеціна і шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна пасьля сустрэчы ў Вільні зь дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс і высокапастаўленым прадстаўніком Эўрапейскага зьвязу Хавіерам Салянам былі пільна абшуканы на беларускім памежна-прапускным пункце.

Чаго шукалі беларускія мытнікі і памежнікі — невядома, але яны нічога не знайшлі, падсумоўвае інцыдэнт вядомая журналістка Сьвятлана Калінкіна.

(Калінкіна: ) “Нас з нашым пакункам і наш аўтамабіль абшуквалі па поўнай праграме. У першую чаргу цікавіліся паперамі, якія былі ў нас (у мяне гэта былі артыкулы), і чыталі амаль кожную старонку. Гэта цягнулася ўсё амаль дзьве гадзіны. У аўтамабілі вельмі пільна ўсё рабілі: здымалі і апускалі шкло, паднімалі дыванкі, даставалі попельніцы, сьметніцы і гэтак далей”.

Чым тлумачыцца такая цікавасьць беларускіх памежнікаў і мытнікаў да ўдзельнікаў дэлегацыі апазыцыі, якая правяла ў Вільні сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі ЗША і Эўразьвязу? Вядомы адвакат і праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што апазыцыянэры ўключаны ў адмысловыя сьпісы.

(Паганяйла: ) “Мы неаднаразова заяўлялі: мы ж не злачынцы, мы нармальныя людзі. Так, крытыкуем урад, але ж гэта не азначае, што з намі можна абыходзіцца такім чынам. Мы не давалі і не даём падставаў, каб падазраваць нас у правапарушэньнях. Але, тым ня менш, з мэтай навядзеньня пэўнага страху на прадстаўнікоў апазыцыі, каб неяк перашкодзіць іх дзейнасьці, яны гэта праводзяць”.

Гэты інцыдэнт на мяжы, аднак, не сапсаваў агульнага настрою, зь якім сябры дэлегацыі вярталіся зь Вільні. Актывістка жаночага руху Людміла Пеціна дзеліцца ўражаньнямі ад сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс і прадстаўніком Эўрапейскага зьвязу Хавіерам Салянам.

(Пеціна: ) “Уражаньне вельмі аптымістычнае, бо мы зразумелі, што яны вельмі добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі, яны дэманстравалі намер падтрымліваць тую частку беларускага грамадзтва, якая будзе на чале пераменаў і трансфармацыі”.

Адна з тэмаў, якая закраналася ў часе сустрэчы, — палітычныя зьнікненьні ў Беларусі. Гары Паганяйла згадвае: Кандаліза Райс прывяла прыклад, як у Аргентыне сытуацыя са зьнікненьнямі прывяла да зьмены рэжыму.

(Паганяйла: ) “Асабіста я падняў пытаньне пра паскарэньне працэдураў унівэрсальнай крымінальнай юрысдыкцыі адносна асобаў, датычных да палітычна матываваных выкраданьняў людзей у Беларусі. У гэтым сэнсе мы атрымалі падтрымку ад Хавіера Саляны і дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс”.

Яшчэ адзін удзельнік учорашняй сустрэчы ў Вільні, сябра рады грамадзянскіх ініцыятываў “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка адзначае, што прадстаўнікі ЗША і Эўразьвязу выказалі палітычную салідарнасьць.

(Бародка: ) “Мяне ўразілі словы Кандалізы Райс, яна сказала: “Вы заўсёды будзеце ў нашым думках”.
XS
SM
MD
LG