Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы палітыкі актыўна камэнтуюць заявы Кандалізы Райс пра Беларусь і сытуацыю ў самой Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд пагадзіўся з ацэнкай Кандалізы Райс аб тым, што Беларусь - гэта апошняя дыктатура ў Цэнтральнай Эўропе.

Адначасна кіраўнік польскага МЗС падтрымаў меркаваньне міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова, які заявіў, што дэмакратычныя перамены нельга прынесьці ў краіну звонку.

“Гэта павінен быць унутраны працэс. Грамадзтва павінна ўсьвядоміць, што яно ўжо дасьпела да дэмакратыі – так, як гэта здарылася ва Ўкраіне”, - заявіў Ротфэльд.

Паводле ягоных словаў, Беларусь - гэта своеасаблівы “музэй пад адкрытым небам”, краіна, яшчэ больш адсталая ў справе пабудовы грамадзянскай супольнасьці, чым “Савецкі Саюз яшчэ перад Гарбачовым”.

Між тым у часе паседжаньня камісіі замежных справаў польскага Сойму, былы міністар абароны Польшчы Браніслаў Камароўскі заявіў, што “мы павінны экспартаваць у Беларусь не рэвалюцыю, а дэмакратыю”.

Камароўскі адзначыў, што заявы Кандалізы Райс - гэта выклік і для Польчшы.

“Польшча адыграла вялікую ролю ў рэвалюцыі ва Ўкраіне, так павінна быць і цяпер. Мы павінны падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, знайсьці грошы на дапамогу недзяржаўным арганізацыям. Можна таксама ўдарыць па рэжыме, блякуючы ўдзел беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах”, - заявіў Браніслаў Камароўскі.
XS
SM
MD
LG