Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: кнігу заўвагаў і прапановаў абавязаныя мець у тым ліку і рэлігійныя арганізацыі


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

Слуцкі “Інфа-кур’ер” распавядае, як горад рыхтуецца да дажынак. Чамусьці арганізатарам сьвята перашкаджаюць помнікі. Напярэдадні 135-й гадавіны Леніна помнік правадыру вырашылі перанесьці на іншы бок аднайменнай плошчы. Не пашанцавала і адзінаму ў Беларусі помніку маршалу Жукаву – з цэнтральнага парку яго вырашылі перанесьці чамусьці на плошчу Леніна.

У Слуцку ўрэшце рэшт затрымана арганізаваная група фальшываманэтчыкаў. Адны скупалі мабільныя тэлефоны і расплачваліся фальшывымі далярамі, другія пад выглядам эўра прадавалі даверлівым бабулям валюту экзатычных афрыканскіх краінаў.

Лунінецкая “Інформ-прогулка” паведамляе нярадасную навіну для жыхароў: гарачая вада з 20 красавіка і ажно да зімы будзе падавацца толькі ў выходныя дні. А прыхаджане Лунінецкай Сьвята-Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы даслалі ў рэдакцыю газэты абуральны ліст: кнігу заўвагаў і прапановаў абавязаныя мець усе арганізацыі, у тым ліку і рэлігійныя. Прыхаджане выказваюць недаўменьне: навошта ў царкве, якая зьяўляецца месцам прысутнасьці Бога на зямлі, такая кніга, як у краме. У храме наагул не прынята выказваць незадавальненьне.

Гэтую тэму ўздымае і “Белорусская деловая газета”. Артыкул называецца “І Бога пад кантроль”. “Такога нават ў часы Савецкага Саюза не было”, пракамэнтаваў сытуацыю з абавязковым увядзеньнем у храмах кнігі скаргай і прапановаў ксёндз аднаго з касьцёлаў. І дадаў: “Прымусь дурня богу маліцца, дык ён лоб расшыбе”.

“Вайна па законах подласьці” – матар’ял з такім загалоўкам друкуе “БДГ”. За апошні год 30 менскіх крамаў з той альбо іншай прычыны адмовіліся гандляваць незалежнай прэсай. Сярод пацярпелых – “БДГ”, “Белорусская газета”, “Салідарнасьць” і, безумоўна, іх чытачы. Як высьветлілася, у аснове ўсіх адмоваў – ціск на дырэктараў крамаў з боку намесьнікаў кіраўнікоў адміністрацыяў раёнаў па ідэалёгіі, якімі кіруе намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімер Зубрык, што адказвае за выключна правільную асьвету жыхароў беларускай сталіцы.

Днямі ў рэдакцыю газэты “Коммерческий курьер” патэлефанаваў чытач і паведаміў, што падчас будаўнічых работ на плошчы Перамогі знойдзеныя рэшткі старой цаглянай кладкі і старажытныя манэты сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Чырвоную цэглу, пазначаную кляймом вядомага ў Бабруйску ўладальніка цаглянага заводу Розэнбэрга сапраўды знайшлі, а вось манэты некуды зьніклі. “Ці быў клад?” – пытаецца “Коммерческий курьер”.

А “Брестский курьер” у рубрыцы “Энцыкляпэдыя” распавядае гісторыю цэнтральнай плошчы Берасьця, якая да вайны называлася Пляцам Сьвятога Крыжа, у часы Вялікай Айчыннай насіла імя Адольфа Гітлера, і вось ўжо амаль 60 гадоў завецца плошчай Леніна. Газэта прапануе правесьці рэфэрэндум па вяртаньні плошчы старога назову Сьвятога Крыжа, тым больш, што побач знаходзіцца касьцёл з такім жа назовам.
XS
SM
MD
LG