Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія шанцы Беларусі патрапіць у Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю?


Уладзімер Глод, Менск У Жэнэве на гэтым тыдні скончыўся чарговы раўнд перамоваў аб магчымым далучэньні Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Адметнай рысай менавіта гэтага этапу дыскусіі стала тое, што ўпершыню прадстаўнікі Беларусі ня ўзгадвалі пра сумесны ўступ ва ўплывовую міжнародную арганізацыю ні разам з Расеяй, ні з квартэтам краінаў Адзінай Эканамічнай Прасторы (Беларусь, Казахстан, Расея, Украіна). Між тым, раней беларускі бок са спасылкай на высокую ступень інтэграванасьці беларускай і расейскай эканомікаў спачатку настойваў на адначасовым далучэньні да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі абедзьвюх краінаў, а пасьля – нават чатырох. Чым можна патлумачыць такую зьмену арыентыраў?

Пра тое, што Беларусь страціла шанец патрапіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю разам з Расеяй, упершыню загаварылі напрыканцы траўня мінулага году, калі на саміце Эўразьвяз – Расея быў падпісаны адмысловы дакумэнт, які фактычна даў зялёнае сьвятло Маскве. Крэмль тады атрымаў эўрапейскую канцэсію – згоду на далучэньне да ЎГА. І незалежныя аналітыкі, прыкладам, Юры Кажура акцэнтавалі ўвагу на тым, што ў сумесным эўрапейска-расейскім дакумэнце Беларусь наагул ня згадваецца. Ягоны артыкул тады, я памятаю, называўся "Саюзьнікі" пра нас зноў забыліся..."

Невыпадкова восеньню Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы лідэраў краінаў Адзінай эканамічнай прасторы агучыў новую ініцыятыву – аб пажаданым уступленьні ва ЎГА ўсім квартэтам адначасова. Аднак прэзыдэнты Расеі й Казахстану адкрыта заявілі: на іх думку, кожная з краінаў чацьвёркі можа самастойна рашаць гэтую праблему. Што, дарэчы, і рабілі яны разам з Украінай.

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў так тлумачыць нерэальнасьць адначасовага далучэньня да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі:

(Злотнікаў: ) "Па-першае, тут у кожнага свае ўласныя інтарэсы. А па-другое, у Беларусі далёка ня рынкавая эканоміка, і ёй не "пагражае", што яе прымуць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Мы вельмі далёка ад гэтага. Я мяркую, што, прыкладам, Злучаныя Штаты Амэрыкі не дадуць зялёнае сьвятло Беларусі. І гэта будзе адказам на тое, што ў Беларусі няма рынкавай эканомікі".

Ад якіх яшчэ краінаў перадусім залежыць вырашэньне гэтай праблемы? Фактычна, Беларусь павінна падпісаць двухбаковыя пагадненьні з усімі краінамі-чальцамі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. А іх больш за 100. Але назіральнікі, спашлюся на таго ж спадара Кажуру, вылучаюць некалькіх, так бы мовіць, кітоў, да думкі якіх асабліва ўважліва прыглядаюцца. Гэта – краіны Эўразьвязу, Злучаныя Штаты Амэрыкі, Японія і Кітай. І таму ў практычнай працы кандыдаты на далучэньне да ЎГА стараюцца, перадусім, атрымаць “дабро” ўзгаданых краінаў. А што тычыцца ацэнкі перамоўнага працэсу, дык міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў выказаўся на гэты конт так:

(Мартынаў: ) "Перамовы, якія прайшлі ў Жэнэве, скончыліся, з нашага пункту гледжаньня, пасьпяхова. Хачу, перадусім, паведаміць, што наступнае паседжаньне рабочай групы ў справе далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі пройдзе 24 траўня. І мы спадзяемся, што падыдзем на гэтым паседжаньні да падрыхтоўкі праекта справаздачы – выніковага дакумэнту, неабходнага для ўступленьня ва ЎГА. Зразумела, што нам трэба працягваць працу па падпісаньні двухбаковых дакумэнтаў, паколькі для далучэньня неабходныя двух- і шматбаковыя пагадненьні. Ужо падрыхтаваныя пратаколы для падпісаньня з 12-14 дзяржавамі".

Сёлета зьнешні гандаль Беларусі ўпершыню за многія гады пакуль мае станоўчае сальда. Пра гэта шмат казаў, прынамсі, Аляксандар Лукашэнка ў сваім традыцыйным пасланьні Нацыянальнаму Сходу Беларусі. Атрымліваецца, пэўнага прагрэсу краіна можа дасягнуць нават тады, калі яна – ня сябра Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі?

Я таксама зьвярнуў увагу на гэтую частку выступу Аляксандра Лукашэнкі. Але і Леанід Злотнікаў, якога мы ўжо чулі, і кіраўнік фонду Мізэсу Яраслаў Раманчук гавораць, што гэты посьпех часовы, якому дапамагае зьбег пэўных абставінаў. І тут аналітыкі акцэнтуюць увагу, па-першае, на нафтадалярах, якія дазваляюць Расеі купляць мноства тавараў беларускай вытворчасьці, а па-другое – на істотную розьніцу курсаў даляра й эўра. І вось як камэнтуе сытуацыю Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) "Я ня бачу рэалізацыі стратэгіі продажу тавараў альбо выхаду на эўрапейскі рынак. Безумоўна, калі існуе маржа ў 30% паміж далярам і эўра, дык і беларускія тавары становяцца канкурэнтаздольнымі. Але іншыя факты сьведчаць пра тое, што гэта такі кароткатэрміновы посьпех, так бы мовіць, адзін стрэл, а ня нейкая тэндэнцыя, стратэгія".
XS
SM
MD
LG