Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея падпісала дамову з НАТО, адмовілася дапамагаць зь "беларускім пытаньнем"


Ганна Соусь, Прага У Вільні на нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу Расея і НАТО падпісалі пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве. Гэты дакумэнт тычыцца прававога статусу ўзброеных сілаў НАТО і дзяржаваў-удзельнікаў праграмы “Партнэрства дзеля міру”.

Пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж НАТО і Расеяй рэгулюе розныя аспэкты знаходжаньня войскаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў. Яно дазваляе транзыт войскаў НАТО праз расейскую тэрыторыю, у прыватнасьці дастаўку войскаў і абсталяваньня ў Аўганістан.

Нягледзячы на тое, што падпісанае пагадненьне аб вайсковым супрацоўніцтве накіраванае на актывізацыю партнэрства паміж НАТО і Расеяй, аналітыкі кажуць, што Масква ўсё яшчэ заклапочаная нядаўнім пашырэньнем Паўночнаатлянтычнага альянсу бліжэй да межаў Расеі.

Прадстаўнік НАТО Джэймс Эпэртурэй заявіў, што падпісанае пагадненьне паспрыяе больш эфэктыўнаму правядзеньню супольных вайсковых манэўраў ў Расеі ці краінах НАТО. І хаця расейскі парлямэнт яшчэ павінен ухваліць гэтае пагадненьне, Эпэртурэй гаворыць, што НАТО ўжо супрацоўнічае з Масквой у справе фармаваньня расейскіх міратворчых сілаў.

(Эпэртурэй: ) "Гэтае пагадненьне не набудзе моц адразу ж. Яго павінна ратыфікаваць ніжняя палата расейскага парлямэнту. І гэта ўнутраныя працэсы ў Расеі, якія маюць быць. Мы не чакаем ускладненьняў з гэтым. Застаецца яшчэ шэраг тэхнічных момантаў, якія неабходна выканаць. Мяркую ўсё ж, што ўсё гэта будзе завершана вельмі і вельмі хутка".

Генэральны сакратар НАТО Яп дэ Гоп Схефэр высока ацаніў дзейнасьць гэтак званага зьвязу НАТО-Расея, які выконвае камунікацыйную функцыю паміж Масквой і НАТО.

(Схефэр: ), "Зьвяз НАТО-Расея стаў эфэктыўным форумам для канкрэтнага практычнага супрацоўніцтва. Аднак аднолькава важная ягоная роля і як форуму для палітычнага дыялёгу, дзе ідзе адкрытае абмеркаваньне, – нават калі мы і ня можам цалкам пагадзіцца, – у атмасфэры сапраўднага партнэрства і пошуку наколькі магчыма агульных падыходаў да асноўных выклікаў у сьвеце”.

Пасьля падпісаньня пагадненьня міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў журналістам у Вільні, што Масква адкідае нядаўнія заклікі ЗША і Эўразьвязу аб дэмакратызацыі і палітычных зьменах у Беларусі.

Паводле Лаўрова дэмакратычныя рэформы немагчыма прынесьці ў краіну звонку. Лаўроў гэтаксама крытычна паставіўся да заклікаў НАТО хутка вывесьці расейскія ваенныя базы з Грузіі. Паводле кіраўніка расейскага МЗС, Масква ўсё яшчэ вядзе перамовы на гэты конт з грузінскім прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі.

У Вільні гэтаксама абмяркоўвалася магчымае далучэньне Ўкраіны да Паўночнаатлянтычнага альянсу. Аднак прадстаўнікі НАТО сказалі, што пакуль ня будуць прызначаць дакладнага тэрміну ўступленьня, каб не раздражняць Расею.
XS
SM
MD
LG