Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дадуць плён намаганьні ЗША вырашыць “беларускае пытаньне”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 21 красавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналістка газэты “Белорусский рынок” Марыя Садоўская і палітоляг Андрэй Русаковіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Падаецца, што апошнім часам у замежнай палітыцы ЗША Беларусь стала займаць значна большае месца. Кандаліза Райс згадала Беларусь сярод фарпостаў тыраніі падчас уступленьня на пасаду дзяржсакратара Злучаных Штатаў. Потым прэзыдэнт Буш казаў пра Беларусь, выступаючы на плошчы ў сталіцы Славаччыны Браціславе. І вось падчас апошняга візыту ў Маскву і Вільню Райс згадала пра Беларусь чатыры разы: у самалёце па дарозе ў Расею, у інтэрвію радыёстанцыі “Эхо Москвы” і тэлекампаніі Сі-Эн-Эн, нарэшце, пры размове з журналістамі ў Вільні. Прычым, заявы былі даволі наступальныя — там была ня толькі характарыстыка беларускага палітычнага рэжыму як апошняй дыктатуры ў Эўропе, але і тэза пра тое, што прыйшоў час зьмяніць такую сытуацыю, што скінуць ярмо дыктатуры — хіба гэта кепска было б для людзей.

Сёньня Райс сустракаецца ў Вільні з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. А сустрэча кіраўнікоў беларускай апазыцыі з прэзыдэнтам Бушам заплянаваная ў Рызе 7—8 траўня падчас ягонага візыту ў Латвію. Што гэта азначае? Наколькі вялікая рашучасьць ЗША зьмяніць сытуацыю ў Беларусі?”

(Марыя Садоўская: ) “Згадку пра Беларусь у інтэрвію Райс трэба разглядаць у кантэксьце дачыненьняў ЗША з Расеяй. Цалкам магчыма, што падчас сустрэчы Пуціна і Буша ў Браціславе абмяркоўвалася “беларускае пытаньне”. Цяпер гэтае пытаньне будзе ўздымацца ЗША зноў і зноў. Праблема дэмакратызацыі Беларусі становіцца важнай для палітыкі Злучаных Штатаў. І згадваньне Беларусі так часта падчас гэтага візыту Райс у Маскву сьведчыць пра тое, што ў дачыненьнях з Расеяй гэтае пытаньне пастаўленае на парадак дня”.

(Андрэй Русаковіч: ) “Найперш трэба адзначыць, што апошнімі гадамі палітыка ЗША носіць глябальны характар. Прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі вызначаюць такую палітыку як лідэрства. І важным чыньнікам палітыкі ЗША зьяўляецца імкненьне мацаваць дэмакратыю ва ўсім сьвеце. “Беларускае пытаньне” не зьяўлялася і не зьяўляецца цяпер прыярытэтам у палітыцы ЗША. Тут гаворка ідзе толькі пра тактычныя зьмены. ЗША вызначылі сваю пазыцыю да палітыкі беларускага кіраўніцтва пасьля рэфэрэндуму 1996 году, які яны расцанілі як адыход ад ідэалаў дэмакратыі, рынкавай эканомікі і прававой дзяржавы. Потым Злучаныя Штаты высунулі абвінавачаньні ў парушэньні правоў чалавека.

Апошнія два гады можна адзначыць узмацненьне цікавасьці ЗША да ўнутраных працэсаў, замежнай палітыкі Беларусі. Летась упершыню Кангрэс ЗША прыняў заканадаўчы акт адносна Беларусі. Адміністрацыя Злучаных Штатаў таксама прыняла адпаведныя рашэньні. Таму ЗША будуць прыцягваць увесь свой патэнцыял замежнай палітыкі, уключаючы дачыненьні з Расеяй, Эўразьвязам, свой уплыў у міжнародных арганізацыях, каб зьмяніць сытуацыю ў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Зусім невыпадкова заявы Райс былі зробленыя па дарозе ў Маскву, у Маскве, пасьля адлёту з Масквы. Дзяржсакратар не хавала, што хацела б падштурхнуць расейскае кіраўніцтва дзеля сумеснага вырашэньня “беларускага пытаньня”. Яна адзначыла, што Расея больш чым хто выйграе ад таго, што Беларусь стане дэмакратычнай. А што ж Расея? Ці можна лічыць расейскім адказам на гэтыя заклікі візыт у Менск міністра абароны Іванова, які вёў перамовы аб умацаваньні сумеснай абароны на заходнім кірунку?”

(Садоўская: ) “Візыт Іванова ў Менск быў заплянаваны загадзя. Таму яго нельга разглядаць як адказ на выказваньні Райс пра Беларусь. Проста лідэры Беларусі і Расеі рыхтуюцца да чарговай сустрэчы. Вайсковыя пытаньні зьяўляюцца сфэрай найбольш верагоднага і бесканфліктнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма дзяржавамі. Але выказваньні Райс пра Беларусь паказваюць, што “беларускае пытаньне” можа стаць своеасаблівым тэстам на стаўленьне Расеі да дэмакратыі, на гатоўнасьць Пуціна рухацца ў гэтым кірунку. Напярэдадні візыту ў Маскву Райс сказала пра жаданьне ЗША бачыць, што Расея ў адносінах з суседзямі пераходзіць ад практыкі ХІХ стагодзьдзя да практыкі ХХІ стагодзьдзя. Таму стаўленьне да “беларускага пытаньня” і павінна прадэманстраваць, ці зьбіраецца Расея супрацоўнічаць з сваімі трансатлянтычнымі партнэрамі, а не трымаць добрыя дачыненьні толькі на добрых асабістых адносінах паміж прэзыдэнтамі”.

(Русаковіч: ) “ЗША і Расея абмяркоўваюць “беларускае пытаньне” ў комплексе з дачыненьнямі зь іншымі краінамі СНД. Гэтая праблема актуалізавалася ў зьвязку з “каляровымі рэвалюцыямі”. ЗША будуць задзейнічаць расейскі вагар для зьмены сытуацыі ў Беларусі. Яны б хацелі дамовіцца пра плян сумесных дзеяньняў, сумеснай пазыцыі альбо нават заявы. Усё гэта зьяўляецца прадметам гандлю. Расея знаходзіцца ў дастаткова складанай сытуацыі. Акрамя ўнутраных праблемаў, існуюць складанасьці для яе на абшарах СНД. У адносінах да гэтых краінаў гаворка ідзе пра фармаваньне новага падыходу. На меркаваньне расейскага кіраўніцтва, Беларусь павінна заставацца цьвёрдым саюзьнікам Масквы, найперш у сфэры бясьпекі, абароны. Што тычыцца візыту міністра абароны Расеі ў Менск, то, сапраўды, ён быў заплянаваны загадзя. Проста так супала па часе, што часта бывае”.

(Карбалевіч: ) “Цяпер пра пазыцыю афіцыйнага Менску. Апошнім часам былі заўважаныя спробы неяк аддзяліць палітыку Эўразьвязу ад ЗША, нават супрацьпаставіць іх. Камэнтар па БТ быў прыкладна такога зьместу: быццам бы эўрапейскія палітыкі спужаліся, што пасьля рэвалюцыі Беларусь стане такой жа праамэрыканскай краінай, як Польшча, таму ня хочуць падтрымліваць апазыцыю. Але падчас выступу з пасланьнем Нацыянальнаму сходу Лукашэнка найбольш скрытыкаваў палітыку не ЗША, а суседзяў (Літву, Польшчу, Украіну), якія нібыта рыхтуюць “каляровую рэвалюцыю” ў Беларусі. Падаецца, што апошнія дзеяньні і заявы афіцыйнага Менску зводзяцца да акцэнтаваньня вайсковага чыньніку ў беларуска-расейскіх стасунках дзеля супрацьстаяньня Захаду. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?”

(Садоўская: ) “Інтэрфакс” працытаваў словы міністра замежных справаў Мартынава, што народ Беларусі будзе выбіраць сабе ўрад, а ня Райс. Кірунак замежнай палітыкі Беларусі добра апісаў міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд. Ён заявіў, што тыя рэжымы, якія адчуваюць унутраную слабасьць, пачынаюць шукаць вонкавых ворагаў, каб пераключыць увагу насельніцтва. З майго гледзішча, у нейкім сэнсе гэта сапраўды так. Прэзыдэнт Украіны Юшчанка разам з Бушам выказаўся наконт неабходнасьці дэмакратызацыі Беларусі. Польшча і Літва ўзгадняюць пляны магчымай пабудовы на сваёй тэрыторыі тэлестанцыі і радыёстанцыі для вяшчаньня на Беларусь ня толькі з Эўразьвязам, але і з ЗША. І Лукашэнка ўспрымае гэтыя сыгналы як варожыя. Таму ён хоча папярэдзіць суседзяў, што, нягледзячы на добрыя эканамічныя дачыненьня, афіцыйны Менск ня будзе маўчаць у палітычным сэнсе.

Увогуле адбываецца абвастрэньне канфлікту каштоўнасьцяў паміж беларускім кіраўніцтвам і Захадам. Асабліва яскрава гэта відаць у ацэнцы “каляровых рэвалюцыяў”. Кіраўнік Беларусі назваў іх бандытызмам пад прыкрыцьцём дэмакратыі. А Райс, Юшчанка і іншыя палітыкі лічаць іх крокамі да дэмакратыі. Па часе, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, гэтая рыторыка будзе ўсё больш узмацняцца. І таму можна чакаць яшчэ шмат падобных заяваў”.

(Русаковіч: ) “Рэакцыя беларускага кіраўніцтва сьведчыць пра тое, што яно не зьбіраецца істотна зьмяняць сваю ўнутраную і замежную палітыку. Крытыка афіцыйнага Менску ў бок суседзяў зьвязаная з тым, што менавіта яны пасьля ўступленьня ў НАТО, Эўразьвяз ініцыявалі карэктыроўку палітыкі гэтых арганізацыяў адносна Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, нягледзячы на імкненьне да штучнай самаізаляцыі, Беларусь уцягваецца ў геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца ў сьвеце пад уплывам моцных цэнтраў сілы, вялікіх дзяржаваў. Гэтыя працэсы пэўным чынам абмяжоўваюць магчымасьці афіцыйнага Менску адмежавацца ад усясьветных тэндэнцыяў, прымушаюць прыстасоўвацца да іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG