Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грузія прагаласавала за дэмакратычную Беларусь – 128:0


Сяргей Навумчык, Прага Сёньня парлямэнт Грузіі аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой выказваецца “глыбокае абурэньне сытуацыяй, якая склалася ў Беларусі”. У дакумэнце пералічваюцца факты парушэньняў правоў чалавека, гаворыцца арышты апанэнтаў улады, у апанэнтаў улады. Ініцыятар рэзалюцыі Катэ Габашвілі, дэпутат першага парлямэнту Грузіі, былы амбасадар у Нямеччыне і мэр Тбілісі, а цяпер старшыня камітэту ў парлямэнце сказаў Радыё Свабода: "Лукашэнка атрымае ўрэшце рэшт паразу".

Нагадваецца, што за кратамі знаходзяцца Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі, Аляксандар Васільеў, Юры Бандажэўскі. “Усе вязьні сумленьня былі асуджаныя па абсурдных абвінавачваньнях і з дапамогай незаконных працэдураў” – гаворыцца ў заяве.

“Грузінскі парлямэнт заклікаў парлямэнт, выканаўчую і судовую ўлады Беларусі не дапусьціць замацаваньня дыктатуры. Асобы, якія карыстаюцца даверам людзей Беларусі, чыноўнікі, службовыя асобы павінны зрабіць усё, каб не дазволіць распаўсюдзіцца антыграмадзкім зьявам і антыдэмакратычным працэсам. У дэмакратыі няма альтэрнатывы – нішто ня можа перашкодзіць яе гістарычнаму руху і замацаваньню” – гаворыцца ў заяве.

Мы патэлефанавалі ў Тбілісі і папрасілі выказаць сваё стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі ініцыятара заявы Катэ Габашвілі, старшыню Камітэту парлямэнту Грузіі ў справе міжнародных стасункаў.

(Габашвілі: ) "Наш камітэт і я асабіста ўжо другі раз ініцыявалі заявы з нагоды тых страшэнных парушэньняў, якія адбываюцца ў сфэры правоў чалавека ў Беларусі. Я лічу, што Беларусь – сяброўская для нас краіна. Але формы тамтэйшай дыктатуры прымаюць усё больш пагрозьлівы характар, і сытуацыя з правамі чалавека ў краіне пагаршаецца. Немагчыма, каб людзі не малі магчымасьці элемэнтарна выказаць сваё меркаваньне.

Усе мітынгі, якія ў апошні час адбываліся, былі жорстка разагнаныя. Была арыштаваная вялікая колькасьць людзей. У турме знаходзяцца вядомыя апазыцыянэры, прафэсар, які вядомы сваімі дасьледаваньнямі ў чарнобыльскай праблематыцы. Гэта страшна. Мы, канечне, занепакоеныя і просім нашых калег у парлямэнце беларускім – а таксама сілавыя структуры – не паддавацца аднаасобнаму кіраваньню ў краіне. Мы просім стварыць дэмакратычныя стандарты, каб не ізаляваць Беларусь ад усёй Эўропы. Немагчыма падпарадкоўвацца жаданьням аднаго чалавека, і ўзмацняць гэтыя тэндэнцыі, якія там зрабіліся ўжо вельмі небясьпечнымі для жыцьця людзей.

Я запытаўся ў Катэ Габашвілі, як успрынялі грузінскія дэпутаты праект заявы адносна Беларусі.

(Габашвілі: ) "Абсалютна станоўча. Усе дэпутаты, якія знаходзіліся ў гэты момант у залі – 128 дэпутатаў – прагаласавалі "за", супраць – "нуль". Усе прагаласавалі за прыняцьце гэтай рэзалюцыі".

Заява парлямэнту, бясспрэчна, сур''ёзны палітычны дакумэнт. Але ў якой ступені ён будзе ўплываць на рэальныя грузінска-беларускія дачыненьні, ці можна цяпер чакаць нейкіх крокаў з боку Міністэрства замежных справаў Грузіі?

(Габашвілі: ) "Канечне, калі парлямэнт краіны прымае нейкае рашэньне, МЗС павінна рэагаваць. І трэба, напэўна, на ўсіх узроўнях дыпляматычных патрабаваць ад нашых калег у Беларусі – ад ўраду, ад выканаўчай улады ў Беларусі – прыйсьці да той нормы, якая будзе азначаць элемэнтарныя дэмакратычныя правы, правы чалавека ў гэтай краіне. Я лічу, што так яно і будзе. Калі здарыцца інакш – я буду вельмі зьдзіўлены".

Я запытаўся ў кіраўніка міжнароднага камітэту Катэ Габашвілі, ці ведае ён пра выступ Лукашэнкі перад дэпутатамі ў Менску са штогадовым зваротам, у якім ён вельмі крытычна паставіўся да, як ён выказаўся, “каляровых рэвалюцыяў”, маючы на ўвазе нядаўнія дэмакратычныя пераўтварэньні ў некаторых краінах – былых савецкіх рэспубліках.

(Габашвілі: ) "Ён сказаў больш. Я разумею, што Вы тактоўна, чыста па-эўрапейску не жадаеце назваць рэчы сваімі словамі... Ён сказаў, што ўсе мы, "каляровыя рэвалюцыянэры" – "бандыты". Ну калі ён так гаворыць – значыць, мы яшчэ больш блізкія да ісьціны, чым раней ўяўлялася. Канечне, гэта яго нэрвуе. Тады, калі ён выступіў, у гэтым самым... у парлямэнце, ён ужо ведаў, што мы прымем такую рэзалюцыю. Таму што за дзень да гэтага электронныя СМІ паведамілі, што мы падрыхтавалі праект. Такім чынам, ягоныя словы – фактычна рэакцыя. І іншай ад яго рэакцыі ня будзе, напэўна. Калі на яго ня будзе агульнага ціску, усімі намі створанага нейкага адзінага фронту. Каб ён зразумеў, што жыць так, як ён жыве – нельга".

Катэ Габашвілі – вопытны палітык. Ён працаваў журналістам, быў дэпутатам першага парлямэнту, абранага ў незалежнай Грузіі, быў амбасадарам у Нямеччыне, мэрам Тбілісі. Цяпер ўзначальвае адзін з галоўных парляманцкіх камітэтаў. Што падказвае яму палітычны досьвед адносна пэрспэктыў дэмакратыі ў Беларусі?

(Габашвілі: ) "Я лічу, што адказ вельмі просты – і гэта якраз апошняя фраза ў нашай Заяве – ніхто і ніколі яшчэ не здолеў спыніць дэмакратыю. Ніхто, ні ў воднай краіне. Ёсьць, канечне, нейкія часы, нейкае запавольваньне, нейкія праблемы, але – дэмакратыю ня можа спыніць ніхто. Таму што дэмакратыя – я кажу прапісныя ісьціны – гэта воля народу. Народ можна прымусіць замаўчаць, але зрабіць гэта назаўсёды ніхто не здолее. Таму ў Лукашэнкі таксама няма ніякіх шанцаў быць назаўсёды на сваёй пасадзе. Ён атрымае, урэшце рэшт, паразу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG