Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы судзяць камуністычных лідэраў за падзеі 25-гадовай даўніны


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы стануць перад судом пяцёра былых чальцоў Дзяржаўнай Рады, якія 13 сьнежня году 1981 падпісвалі дэкрэт ад увядзеньні ваеннага становішча.

Калі суд прызнае рацыю за пракурорам з Інстытуту нацыянальнай памяці Польшчы, дык былыя чальцы Дзяржаўнай рады могуць атрымаць па тры гады турэмнага зьняволеньня.

У Інстытуце нацыянальнай памяці ўпэўненыя, што былыя фунцкыянэры ПНР перавысілі свае паўнамоцтвы, даючы згоду на ўвядзеньне ваеннага становішча і падпісваючы ў пэрыяд з 1981 па 1983 год некалькі дэкрэтаў.

Справа ў тым, што паводле канстытуцыі народнай Польшчы, Дзяржаўная рада магла ўхваляць дэкрэты і прыймаць рашэньне аб увядзеньні ваеннага становішча выключна ў пэрыяды, калі не працаваў Сэйм. А ў сьнежні 1981 году парлямэнт як раз працаваў, а значыць сябры Рады парушылі канстытуцыю.

З 17 колішніх чальцоў Дзяржаўнай рады дагэтуль жывуць толькі шасьцёра.
XS
SM
MD
LG