Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць гарадзенцы пра заявы Кандалізы Райс?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Як ацэньваюць гарадзенцы выказваньне Дзяржсакратара ЗША Кандалізы Райс аб тым, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі зьяўляецца апошняй дыктатурай у Эўропе? Гэтым на вуліцах Горадні сёньня цікавіўся наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “Усім ён ня можа быць добрым, у чымсьці будзе добры, у чымсьці будзе дрэнны. Але парадку тут хапае ў параўнаньні з той жа Расеяй”.

(Маладая спадарыня: ) “Я не лічу гэта дыктатурай. Адзінае, што мне не падабаецца, гэта — ягоныя адносіны і палітыка дзяржавы ў дачыненьні да самотных мацярок і маладых сем’яў. Вельмі малая матэрыяльная падтрымка”.

(Спадарыня сярэдняга веку: ) “Можа ў нас і не апошняя дыктатура, можа яшчэ нейкая ёсьць. Ну, цяжкавата бывае, вельмі многа бюракратызму стала. На аднаго працаўніка па пяць правяраючых”.

(Бізнэсмэн: ) “З нагоды дыктатуры я скажу, што ў кожнага сваё меркаваньне. Рэч у тым, што наш малы бізнэс Лукашэнка хоча спляжыць з каранямі. Гітлер пайшоў крыху іншым шляхам, у яго была іншая мэта. Тут я бачу мэту зусім іншую. Натуральна, што ў Лукашэнкі ёсьць пэўныя карысьлівыя мэты”.

(Спадарыня: ) “Апошняя дыктатура ў Эўропе? Я згодная напалову. Тут не дыктатура, тут нешта іншае, хутчэй — таталітарызм”.

(Маладая спадарыня: ) “Я думаю, што дыктатура сапраўды існуе. Таму што глушыцца ўсё і ў тым ліку, самае галоўнае, – прадпрымальніцтва, бо яно магло б разьвіваць Беларусь вельмі добра”.

(Чыноўнік: )“Канкрэтна я? Цяжка адказаць. Гісторыя паставіць усё на свае месцы. Рэч у тым, што я дзяржаўны чыноўнік і я ад дзяржавы трошку залежу”.

(Сталы спадар: ) “Ня ведаю, напэўна, Кандаліза Райс мае рацыю”.

(Спадар: ) “А мяне потым не забяруць у КГБ? Не, я лепей ня буду адказваць”.

(Спадар: ) “У прынцыпе я згодны: ёсьць дыктатура”.

(Працоўны: ) “Ну што я магу сказаць? Мне тут шмат чаго не падабаецца, груба кажучы”.

(Студэнт: ) “Я згодны, ёсьць у нас дыктатура”.

(Спадар: ) “Ёсьць у яго дыктатарскія праявы, ён уціскае людзей”.

(Спадар: ) “Ды я ўвогуле супраць Лукашэнкі, нічога ён ня робіць добрага, да сябе толькі грабе. Дыктатар ён, Лукашэнка — дыктатар”.

(Спадар сталага веку: ) “Я думаю, што яна на сто адсоткаў мае рацыю, я на сто адсоткаў падтрымліваю пазыцыю Кандалізы Райс”.

• Заявы Кандалізы Райс наконт Беларусі камэнтуюць у Менску • Кандаліза Райс і Хаўер Саляна сустрэліся ў Вільні з дэлегацыяй беларускай апазыцыі • Кандаліза Райс: "Прыйшоў час для пераменаў і ў Беларусі" • Кандаліза Райс у Вільні: “Беларусь – гэта ня цёмны куток, дзе могуць адбывацца рэчы, якія не заўважаць” • Кандаліза Райс сустракаецца ў Вільні з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі • Кандаліза Райс: "Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG