Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы журналіст мусіць выплаціць амаль 3 мільёны членам выбарчай камісіі "за маральныя страты"


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Мікалай Брыч мусіць сплаціць 2 мільёны 700 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральных стратаў сябрам участковай камісіі, што працавалі ў часе апошняй выбарчай кампаніі.

Старшыня выбарчай камісіі Леанід Грыцук і чацьвёра ягоных падначаленых патрабавалі ад Мікалая Брыча кампэнсаваць нанесеныя маральныя страты агулам на 4 мільёны рублёў. Судзьдзя Лявонці Станкевіч часткова задаволіў гэтыя патрабаваньні.

Падставай для судовага разьбіральніцтва сталі падзеі, што адбываліся ў Драгічыне ў дзень леташніх парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Мікалай Брыч, які тады працаваў карэспандэнтам незалежнага выданьня “Газэта для Вас”, выявіў на адным з участкаў шэраг парушэньняў выбарчага заканадаўства, пасьля чаго быў выдалены з памяшканьня.

У сваёй заяве ў пракуратуру спадар Брыч паведаміў таксама, што на ягоны погляд, старшыня і некаторыя сябры выбарчай камісіі знаходзіліся ў гэты час у нецьвярозым стане.

Паводле сведчаньняў Драгічынскай пракуратуры, гэтыя зьвесткі журналіста не пацьвердзіліся, і на Мікалая Брыча завялі адміністрацыйную справу за паклёп. У часе суду былі адхіленыя высновы спадара Брыча аб тым, што мэдычны агляд праходзілі зусім іншыя сябры камісіі і вынікі гэтага агляду ў абласным наркалягічным дыспансэры прызнаныя несапраўднымі.

Цяпер сябра БНФ Мікалай Брыч — беспрацоўны, бо пасьля апошняй выбарчай кампаніі, вымушаны быў звольніцца з рэдакцыі.

(Брыч: ) “Было так, што я працаваў у газэце, а жонка ў мяне прадпрымальніца, і была дадзеная каманда, каб яе кожны месяц штрафавалі. Ёй адкрыта тлумачылі: кажыце “дзякуй” свайму мужу”.

Рашэньне, паводле якога спадар Брыч мусіць сплаціць штраф 2 мільёны 700 тысяч рублёў, драгічынскі актывіст БНФ зьбіраецца абскарджваць у Берасьцейскім абласным судзе.
XS
SM
MD
LG