Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка заявіў, што хоча цалкам спыніць усынаўленьне дзяцей замежнікамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў у Менску на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацыяў міністэрстваў унутраных справаў краінаў СНД. Між тым, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі не падзяляюць падобных падыходаў да вырашэньня праблемы гандлю людзьмі.

21 красавіка ў Менску распачалася нарада міністраў унутраных справаў краінаў СНД. На ёй абмяркоўваюць, як сумесна супрацьстаяць гандлю людзьмі, у прыватнасьці, гандлю жанчынамі і дзецьмі з мэтай іх сэксуальнай эксплюатацыі. Падчас сустрэчы з удзельнікамі нарады Аляксандар Лукашэнка выказаўся за самыя жорсткія адміністрацыйныя захады. У прыватнасьці, ён заявіў, што Беларусь мае намер ня проста скараціць, а спыніць вываз дзяцей за межы краіны. “Мы ў стане і самі выхаваць сваіх дзяцей”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Між тым, Беларусь ужо вызначылася як краіна, дзе ўсынаўленьне дзяцей замежнікамі штучна абмежаванае і з кожным годам умовы для ўсынаўленьня становяцца ўсё больш складанымі. Паводле афіцыйных дадзеных, з пачатку 1990-х гадоў замежнікамі было ўсыноўлена болей за 3 тысячы дзяцей, зь іх ня менш за палову хворых зь дзяцінства і інвалідаў. Жаданьне замежнікаў забясьпечыць лепшы лёс беларускім сіротам з гадамі ня стала меншым — цяпер у адпаведных установах сабраныя дакумэнты на ўсынаўленьне каля 400 дзяцей. Але ці адбудзецца гэта ўсынаўленьне, невядома.

За апошні год, паводле афіцыйных дадзеных, замежнікамі было усыноўлена толькі пяцёра беларускіх дзяцей. Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў, што гэтае скарачэньне адбылося праз адміністрацыйныя захады. “Усё пастаўлена пад жорсткі кантроль”, — заявіў кіраўнік Беларусі міністрам унутраных справаў краінаў СНД.

Добра ці дрэнна, што беларускіх дзяцей усё меней вывозяць за мяжу? Кіраўніца пінскага грамадзкага аб’яднаньня “Калегіюм” Надзея Аўсіевіч бачыць два бакі вырашэньня гэтай праблемы ў Беларусі:

(Аўсіевіч: ) “З аднаго боку, дзяржава мусіць клапаціцца пра сваіх дзяцей і зрабіць так, каб у іх быў добры лёс на радзіме. Але зь іншага боку, што, калі яна гэтага ня можа зрабіць? Прыкладам, дзеці-сіроты, дзеці-інваліды ў нашых дзіцячых дамах папросту ня выжывуць. І таму, напэўна, мае сэнс выкарыстоўваць міжнароднае ўсынаўленьне”.

У нарадзе міністраў унутраных справаў краінаў СНД брала удзел прадстаўніца АБСЭ ў праблемах барацьбы з гандлем людзьмі Хельга Конрад. 22 красавіка яна правядзе сустрэчу з кіраўнікамі беларускай міліцыі і сустрэнецца з журналістамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG