Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Райс абяцае падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі


ВІЛЬНЯ. Дзяржаўная сакратарка ЗША Кандаліза Райс правяла сёньня ў Вільні сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацый і палітычных партый. Стоячы поруч з кіраўніком Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавай палітыкі Хавіерам Салянам і міністрам замежных спраў Літвы Антанасам Валёнісам, спадарыня Райс сказала беларускім суразмоўцам, што кіраўніцтва Злучаных Штатаў захапляецца іх мужнасьцю. Дзяржаўная сакратарка ЗША паабяцала падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

(Райс: ) “Мы можам даць падтрымку -- што мы ўжо і робім, як і Эўрапейскі Зьвяз -- групам грамадзянскай супольнасьці, у навучаньні незалежных мэдыяў, і незалежных палітычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці. У гэтым роля зьнешніх сілаў. Для ЗША ці для міжнароднай супольнасьці было б недарэчна гаварыць беларусам ці некаму іншаму “Вы павінныя ці мусіце зрабіць гэта ці гэта”.

Спадарыня Райс таксама заявіла, што ўсясьветная супольнасьць уважліва сочыць за дзеяньнямі беларускіх уладаў. Тым часам прадстаўнікі Беларусі і Расеі працягваюць рэагаваць на учорашнія заявы Райс, у якіх яна назвала Беларусь “сапраўднай дыктатурай” і сказала пра неабходнасьць зьмены беларускага рэжыму. Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Віктар Гайсёнак заявіў, што Беларусь не будзе часткай чужой гульні. Раней міністра замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, які знаходзіцца ў Вільні на сустрэчы прадстаўнікоў НАТО, сказаў:

(Лаўроў: ) “Натуральна, мы нідзе ня будзем падтрымліваць тое, што некаторыя людзі называюць зьменай рэжыму. Мы лічым, што дэмакратычны працэс, працэс рэформаў нельга навязаць звонку”.
XS
SM
MD
LG