Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйскія ўлады не далі дазволу на акцыю да ўгодкаў Чарнобылю


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск Улады Бабруйску не дазволілі дэмакратам правесьці 26 красавіка ў цэнтры гораду пікет, прысьвечаны 19-м угодкам чарнобыльскай катастрофы.

Прадстаўнікі розных палітычных партыяў і арганізацыяў (АГП, БНФ, Свабоднага прафсаюзу, сацыял-дэмакратаў ды іншых) зьвярнуліся з заявай на гэты конт у Бабруйскі гарвыканкам. Апазыцыянэры таксама прапанавалі ўладам правесьці сумесныя акцыі 26 красавіка.

Аднак учора ўвечары аднаго з заяўнікаў, старшыню Бабруйскай гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімера Куртукова наведала цэлая дэлегацыя з адміністрацыі Ленінскага раёну Бабруйска. Яму афіцыйна паведамілі, што дазволу на акцыі няма з той прычыны, што ў заяве на правядзеньне ня вызначаныя адказныя за правядзеньне мерапрыемства.

Уладзімер Куртукоў назваў прычыну адмовы фармальнай. Прычым, сказаў лідэр АГП у Бабруйску, з падобнымі заявамі дэмакраты штогоду зьвяртаюцца да вэртыкалі, і кожны раз чыноўнікі знаходзяць новыя прычыны для адмовы.

Аднак бабруйцы вырашылі, што 26 сакавіка яны ўсё ж такі правядуць акцыю: у цэнтры гораду са сьвечкамі ўшануюць памяць ахвяраў чарнобыльскай катастрофы. Акцыя да ўгодкаў радыяцыйнай катастрофы рыхтуецца і ў Магілёве.
XS
SM
MD
LG