Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Познані праходзіць беларуска-польская канфэрэнцыя па СМІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 21 красавіка ў Познані пачалася двухдзённая канфэрэнцыя “Беларусь – журналісты па-за ізаляцыяй”. У канфэрэнцыі бяруць удзел каля 20 беларускіх журналістаў зь незалежных мэдыяў, а таксама знаныя журналісты з Польшчы.

У часе канфэрэнцыі, арганізаванай познанскім Аб’яднаньнем маладых творцаў “Да тэатру” сумесна зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, слова даецца перадусім гасьцям, якія прадстаўляюць сваё бачаньне заканадаўчай і этычнай сытуацыі, у якой апынуліся незалежныя мэдыі ў Беларусі.

Паводле Ялянты Кіліян з Аб’яданьня маладых творцаў, адной з галоўных мэтаў канфэрэнцыі ёсьць таксама арганізацыя супрацоўніцтва паміж беларускімі і польскімі мэдыямі, каб, сярод іншага, разам апісваць тое, што адбываецца ў Беларусі.

У тым ліку і дзеля гэтага ў Познань прыехалі шэраг вядомых польскіх журналістаў, сярод якіх – Войтэк Мазярскі з часопісу “Newsweek Polska”.

(Мазярскі: ) “На маю думку гэта важна для абодвух бакоў. Для палякаў, таму што мы павінны ведаць, што адбываецца ў нашых суседзяў, а сытуацыя там увесь час мяняецца, і яе варта адсочваць. А для беларусаў кантакты з намі таксама важныя. Я памятаю, як у часе ваеннага становішча важныя для нас былі кантакты з калегамі з Захаду. А цяпер, калі выразна відаць, што беларускі дыктатар ўзмацняе ізаляцыю свайго народу ад цывілізаванага сьвету, такія кантакты – гэта як глыток сьвежага паветра”.

Удзельнікі канфэрэнцыі абмяркоўваюць таксама ролю інтэрнэту і замежных мэдыяў у палітычных і грамадзкіх пераменах у Беларусі.

Цягам двух дзён канфэрэнцыі будуць дэманстравацца таксама дакумэнтальныя фільмы пра Беларусь, з канцэртам выступіць Кася Камоцкая.
XS
SM
MD
LG