Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: адкрыўся памежны пераход Белая Вежа – Перарэў


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Курьер из Борисова” распавядае кранальную гісторыю, як чацьвярых дзяцей з Барысаўскага Дому дзіцяці ўзялі ў новыя сем’і, і трое зь іх – у выніку акцыі “Знайдзі мяне, мама”, якую правяла газэта. Пасьля сэрыі публікацыяў, у якіх “Курьер из Борисова” прадставіў некаторых дзетак, у дзіцячы дом зьвярнулася шмат сем’яў, якія б хацелі ўсынавіць дзяцей. У далейшым рэдакцыя зьбіраецца працягваць такія акцыі.

Газэта праводзіць журналісцкае расьсьледаваньне “Талёнчыка лішняга ня знойдзецца?, альбо як трапіць на прыём да доктара”. Чаму ва ўсіх паліклініках горада трэба адстаяць вялізную чаргу, каб узяць талёнчык? Галоўны лекар Барысаўскага тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня Ірына Сянкевіч тлумачыць гэта кадравай неўкамплектаванасьцю – участковы доктар абслугоўвае 4200 чалавек замест 1300 па норме. Не хапае ў горадзе і вузкіх спэцыялістаў, канстатуе “Курьер из Борисова”.

“Брестский курьер” на першай старонцы зьмяшае артыкул “Гандаль віртуалаў”. У горадзе над Бугам Упраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю раскрыла групу маладых людзей, якія праз Інтэрнэт прадавалі адказы на пытаньні цэнтральнага тэставаньня. Прайдзісьветы пасьпелі зарабіць на гэтым неблагія грошы.

Радасная навіна для турыстаў – беларуска-польскую мяжу цяпер можна перайсьці пешшу альбо пераехаць на ровары. У Белавескай пушчы днямі адкрыты новы памежны пераход Белая Вежа – Перарэў. На ўрачыстым адкрыцьці пераходу з польскага боку прысутнічалі маршалак Сэйму Ўладзімеж Цімашэвіч (які, дарэчы, родам з Ваўкавыску) і Падляскі ваявода. А зь беларускага боку – толькі генэральны консул у Беластоку Леанід Каравайка, паведамляе “Брестский курьер”.

“Газэта Слонімская” распавядае, як становяцца бамжамі. Суд Слонімскага раёну вынес ужо трэцяе рашэньне па высяленьні людзей, якія ператварылі дзяржаўнае жытло ў тое, што сёньня называюць прытонам ці "бамжатнікам". У апошнім выпадку са спадарыняй Панасеняй, якая была пазбаўленая бацькоўскіх правоў, а яе трое дзяцей накіраваныя ў інтэрнат, суд вырашыў, што кватэра застанецца дзецям, а гора-маці будзе прымусова выселеная.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” нагадвае сваім прыхільнікам, што так званая “таўстушка” выходзіць цяпер не па пятніцах, а па чацьвяргах.

Беларускі крыміналіст з 23-гадовым стажам Уладзімер Красаўскас знайшоў агульныя рысы ў адбітках пальцаў маньякаў: “Я адабраў дактылякарты тых злачынцаў, якія доўга забівалі сваіх ахвяраў і пачаў вывучаць адбіткі пальцаў. І таксама знайшоў у 95% агульную прыкмету – перавагу радыяльнай пятлі, якая павернутая да вялікага пальца (а не да мезенца, як у звычайных людзей)”. Так было ў Чыкацілы, у Міхасевіча, якія забілі больш за 30 жанчын, паведамляе “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
XS
SM
MD
LG