Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

21 красавіка нарадзіліся Шарлота Брантэ, Віктар Каліноўскі, Макс Вэбэр


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 21 красавіка

21 красавіка 1597 году быў пакараны сьмерцю Севярын Налівайка. Правадыр казацкага паўстаньня Налівайка сабраў пад сваім кіраўніцтвам вялізнае войска, аднак быў выгнаны ўрадавымі войскамі з Украіны на тэрыторыю Беларусі і тут распачаў сапраўдную вайну. Паўстанцы захапілі Слуцак, Магілёў, Пінск ды іншыя гарады, аднак урэшце і тут вайна была спыненая, Налівайка схоплены і пакараны сьмерцю.

21 красавіка 1919 году войскі генэрала Жалігоўскага авалодалі Вільняй. У выніку спыніла сваё існаваньне марыянэткавая Беларуска-Літоўская савецкая рэспубліка, бальшавікі мусілі ўцякаць, а Вільня разам з усёй Заходняй Беларусяй на дваццаць гадоў апынулася ў складзе Польшчы. Цікава, што Ленін даведаўся пра захоп Вільні толькі праз тыдзень, калі ўжо зьмяніць сытуацыю і вярнуць горад пад бальшавіцкую ўладу было немагчыма.

21 красавіка 1996 году расейскія фэдэральныя войскі забілі першага прэзыдэнта чачэнскай рэспублікі Ічкерыі генэрала Джахара Дудаева. Паводле афіцыйных расейскіх зьвестак, Дудаева забілі простым пападаньнем ракеты, якая была наведзеная на сыгнал ягонага спадарожнікавага тэлефону.

21 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет ангельская пісьменьніца Шарлота Брантэ, удзельнік беларускага вызвольнага руху, родны брат Кастуся Каліноўскага Віктар і нямецкі сацыёляг Макс Вэбэр.

21 красавіка 1910 году памёр знакаміты амэрыканскі пісьменьнік Марк Твэн, а ў такі самы дзень 1923-га году адыйшоў у лепшы сьвет беларускі філёзаф Ігнат Канчэўскі, аўтар праграмнага эсэ “Адвечным шляхам”.

А яшчэ сёньня дзень нараджэньня ангельскай каралевы Элізабэт ІІ. Нарадзілася яна ў 1926 годзе, а на каралеўскі пасад уступіла ў 1952-м, калі ёй было 26 гадоў. Пяць гадоў перад тым Элізабэт узяла шлюб з грэцкім прынцам Піліпам. Апроч вядомага ўсім прынца Чарльза, у ангельскай каралевы яшчэ трое дзяцей: Ганна, Эндру і Эдуард. Сярод апошніх заняткаў каралевы, пра якія паведамілі СМІ, – дабрачынныя акцыі, забойства кавенькай недабітага паляўнічымі фазана і паездкі на хуткасным браняваным цягніку ў суседні Парыж.
XS
SM
MD
LG