Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: як Вы ставіцеся да фінансаваньня беларускай апазыцыі з-за мяжы?


Галіна Абакунчык, Менск У часе штогадовага пасланьня парлямэнту й народу Беларусі Аляксандр Лукашэнка чарговы раз зьвінаваціў апазыцыю ў атрыманьні фінансавай падтрымкі з-за мяжы. Як Вы ставіцеся да фінансаваньня беларускага апазыцыйнага руху з боку краінаў Эўразьвязу й Злучаных Штатаў Амэрыкі? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Наколькі я ведаю, у сусьветнай практыцы існуюць такія праклады, калі апазыцыя нейкай краіны фінансуецца з-за мяжы. Таму, я лічу, нічога ў гэтым ганебнага няма”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэтага ня мусіць быць. Бо калі нейкая партыя існуе, то яна й мусіць сябе ўтрымліваць. А пры чым тут фінансавая падтрымка Захаду? Няправільна гэта”.

(Юнак: ) “Па-першае, яны таксама гэткім чынам абараняюць свае інтарэсы. А па-другое, нам гэта карысна, беларускай апазыцыі, якая стаіць на дэмакратычных пазыцыях. Такой ёсьць міжнародная практыка ў супрацоўніцтве дэмакратычных партыяў і рухаў”.

(Спадарыня: ) “Рэч такая, што ў нас не даюць разьвівацца апазыцыі. Тут не даюць апазыцыянэрам выступаць і гэтак далей. І вось гэтыя людзі, якія прапалі, гэта ўсё – нагнятаньне страху. Але не хачу больш нічога казаць”.

(Юнак: ) “Галоўнае, каб яны ўзамен нічога не прасілі. Тады можна браць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы ставіцеся да фінансаваньня беларускага апазыцыйнага руху з боку краінаў Эўразьвязу й Злучаных Штатаў Амэрыкі?”

(Спадарыня: ) “Наколькі я арыентуюся ў абстаноўцы, то ўсе гэтыя абвінавачаньні – характэрная лінія для нашага кіраўніцтва. Гэта значыць, што вакол усе ворагі народу, правакацыі імпэрыялізму й гэтак далей. Гэта вельмі зручная пазыцыя, толькі й усяго”.

(Юначка: ) “Для нашага дзяржаўнага ладу кіраваньня ў краіне гэта можа й дрэнна. Але гэта добра для разьвіцьця краіны і для нашых кантактаў з замежжам”.

(Спадар: ) “Па-першае, таму, што кажуць на вышэйшым узроўні ў мяне веры вялікай няма. Па-другое, канечне такая падтрымка неабходная. Але тое, што тычыцца нашых праблемаў, то яны гэткімі й застаюцца”.

(Спадарыня: ) “Навошта карыстацца зьнешнімі грашовымі ўнёскамі? Ня варта гэтага рабіць”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца – якая там падтрымка? Яно б добра было, каб падтрымалі, але зараз ніякай падтрымкі з Захаду ў нас няма”.

(Юнак: ) “Ды я ўвогуле прыхільнік таго, што павінная быць здаровая канкурэнцыя. У Беларусі ж мала канкурэнцыі, і ад гэтага няма разьвіцьця”.

(Спадар: ) “На жаль, існуе такое сумнае правіла, што грошы трэба адпрацоўваць. Але, калі яны ідуць сапраўды на праўдзівае пашырэньне дэмакратыі, на агульначалавечыя вартасьці, то й сораму ў гэтым ніякага няма”.
XS
SM
MD
LG