Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і колькі грошай можна прывозіць з-за мяжы?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Як правезьці грошы з-за мяжы ў Беларусь? Што кажа пра гэта закон? Якія патрабаваньні дзяржавы да атрымальнікаў замежнай фінансавай дапамогі?

Ці ня ўсё роўна, якія сумы чалавек вязе праз мяжу ў Беларусь? Фінансавы экспэрт Уладзімір Тарасаў спасылаецца на інструкцыю Нацыянальнага банку і Мытнага камітэту, прынятую ў жніўні 2004 году. Яна рэглямэнтуе перамяшчэньне беларускіх рублёў і замежнай валюты. Адносна колькасьці грошай, якія можна правезьці, сказана наступнае:

(Тарасаў: ) “Там запісана, што ўвоз замежнай валюты на тэрыторыю Беларусі адбываецца без абмежаваньняў, але калі сума болей за 3 тысячы даляраў, ці іншых грошай у эквіваленце, то яна падлягае дэклярацыі. Паходжаньне грошай пазначаць ня трэба. Трэба, аднак, ведаць, што зьвесткі пра дэкляраваньне потым трапляюць у падаткавую інспэкцыю і розныя правяраючыя органы, таму пазьней яны могуць пачаць расьледаваньне: што гэта за грошы, ці сплочаныя зь іх падаткі? Але пры перасячэньні мяжы ніякіх дакумэнтаў ня трэба”.

Што тычыцца расейска-беларускай мяжы, дык празь яе дазволена правозіць любую колькасьць валюты без аніякага дэкляраваньня. Аднак на іншых межах недэкляраваныя грошы, па-першае, канфіскуюць, па-другое, могуць нават распачаць крымінальную справу аб кантрабандзе. Такое злачынства караецца грашовым штрафам альбо зьняволеньнем да 5 гадоў турмы.

А ці дазваляе беларускае заканадаўства замежную фінансавую дапамогу няўрадавым арганізацыям? “Дазваляе, аднак атрыманьне гэтых грошай – працэдура вельмі складаная, і яна не гарантуе посьпеху”, дзеліцца досьведам выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Цяпер няўрадавая арганізацыя можа карыстацца атрыманай на яе рахунак дапамогай толькі пасьля рэгістрацыі. Калі гэта тэхнічная дапамога, яе трэба зарэгістраваць у адмысловай урадавай камісіі, калі гуманітарная – у Дэпартамэнце гуманітарнай дзейнасьці.

Але чыноўнікі, якія рэгіструюць пераведзеныя сродкі, кіруюцца не законам, а мэтазгоднасьцю, кажа Алег Гулак. Адпаведна, дапамогу могуць не зарэгістраваць, і аспрэчыць такое рашэньне ў судзе немагчыма… Алег Гулак прывёў прыклад: БХК мог атрымаць 150 тысяч эўра на прававую дапамогу былым ваеннаслужачым, аднак чыноўнікі палічылі гэта немэтазгодным, і грошы ў Беларусь не патрапілі.

Другой заслонай на шляху фінансавай падтрымкі няўрадавых арганізацыяў зьяўляецца іх ліквідацыя, кажа Алег Гулак.

(Гулак: ) “Прэзыдэнт усіх запэўніў, што грошы на рэвалюцыю ў Беларусь ня прыйдуць. Гэта значыць, што будуць прымацца нейкія далейшыя захады па абмежаваньні магчымасьцяў увезьці грошы і легальна імі карыстацца. А што дзяржава зробіць, магчыма толькі гадаць. Тое, што ўжо сёньня зроблена – гэта выпадае з правілаў, якія прынятыя ў дэмакратычных краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG