Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Парлямэнт саюзнай дзяржавы разгледзіць пытаньне аб "антыбеларускай кампаніі"


Уладзімер Глод, Менск 21 красавіка ў Маскве адкрываецца чарговая сэсія так званага Парлямэнцкага Сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Беларускія ды расейскія дэпутаты мусяць прыняць бюджэт на 2005 год, абраць першага намесьніка і намесьніка старшыні Парлямэнцкага сходу, абмеркаваць пытаньне "Аб узмацненьні антыбеларускай кампаніі з боку вядучых заходніх дзяржаваў і падкантрольных ім міжнародных арганізацыяў і аб''яднаньняў", разгледзець некаторыя іншыя тэмы. Усяго ў парадак дня аднадзённай сэсіі прапануюць уключыць больш за 10 пытаньняў. Чым выклікана жаданьне парлямэнтароў за такі кароткі час разгледзець так многа праблемаў?

Цяпер вельмі цяжка дакладна сказаць, колькі разоў ужо пераносілася гэтая сэсія. І зразумела, чым больш праходзіць часу, тым больш зьбіраецца пытаньняў. Прыкладам, да гэтага часу сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў не ўваходзіць у кіраўніцтва Парлямэнцкага сходу. Чаму? Таму што з моманту абраньня новага складу Палаты – а гэта, між іншым, кастрычнік мінулага году – саюзныя парлямэнтары яшчэ ні разу не зьбіраліся разам. Спачатку казалі, што яны сустрэнуцца ў студзені. Потым двойчы называўся люты, затым аб''яўлялі некалькі датаў у сакавіку. Ну і вось нарэшце дачакаліся аж да трэцяй дэкады красавіка. Нават напачатку гэтага тыдня старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў дакладна ня ведаў, калі ж пройдзе паседжаньне:

(Папоў: ) "Дата паседжаньня Парлямэнцкага сходу прамоўленая, але канчатковае яе вызначэньне залежыць ад падрыхтоўкі праекту Саюзнага бюджэту. Цяпер усе дакумэнты знаходзяцца ў кіраўніка саюзнага ўраду Міхаіла Фрадкова. І там ёсьць пытаньні сталага камітэту Саюзнай дзяржавы, аплаты працы ягоных супрацоўнікаў. Папярэдне вызначана трэцяя дэкада траўня як самая апошняя дата правядзеньня сэсіі Парлямэнцкага сходу".

Са словаў спадара Папова зразумела, што галоўная затрымка тлумачылася непадрыхтаванасьцю бюджэту. Але ж бюджэт, які традыцыйна называюць галоўным фінансавым дакумэнтам году, звычайна абавязкова зацьвярджаюць загадзя. Прыкладам, у той жа Расеі так практыкуецца апошнія пяць гадоў. Ды і ў Беларусі два гады запар бюджэт прымаюць напярэдадні Новага году. Чаму ж так не атрымліваецца і з саюзным бюджэтам?

Спэцыялісты перадусім падкрэсьліваюць дзьве рэчы. Першая – параўнальна невялікі памер бюджэту. Напрыклад, летась ён складаў усяго 80 мільёнаў даляраў. Сёлета кажуць, што ён будзе толькі крышку большым. І другое (а хутчэй нават першае): выказваецца меркаваньне, што так званая Саюзная дзяржава – утварэньне даволі аморфнае, якое ня мае ні сур''ёзнага статусу, ні палітычнай мэтазгоднасьці. І вось што гаворыць пра гэта вядомы эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка:

(Заіка: ) "Сам бюджэт зьяўляецца такім парадным і дэманстрацыйным, паколькі ён не зьяўляецца моцнай падтрымкай фінансаваньня розных аб''яўленых саюзных праграмаў. Таму і адносіны да яго, так бы мовіць, спэцыфічныя. І яшчэ цікава, што кожны бок – і расейскі, і беларускі – свае ж грошы фактычна на сябе і выдаткоўвае. Прыкладам, расейцы гавораць, што яны даюць грошы на абсталяваньне памежных пераходаў, але мадэрнізуюць выключна сваю частку мяжы. Дзейнічае так званы паасобны прынцып фінансаваньня праектаў. Ды і пра што казаць, калі не існуе адказнасьці бакоў за нявыплату сваёй часткі ўнёскаў?!"

Прэсавая служба Парлямэнцкага сходу паведаміла пра тое, што ў парадак сёньняшняга паседжаньня прапанавана ўключыць пытаньне "Аб узмацненьні антыбеларускай кампаніі з боку вядучых заходніх дзяржаваў і падкантрольных ім міжнародных арганізацыяў і аб''яднаньняў". Раней пра яго нідзе ня ўзгадвалася. Што чакаюць у Менску ад абмеркаваньня гэтай праблемы?

Я даведаўся ў той жа прэсавай службе, што зь ініцыятывай абмеркаваць так званую "антыбеларускую кампанію" выступіла міжнародная камісія парлямэнцкага сходу. Быццам бы такія захады, перадусім, зьвязаныя з апошнімі падзеямі вакол Беларусі – гэта і заява міністра замежных справаў Люксэмбургу – краіны, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, – і галасаваньне ў Жэнэве камісіі па правох чалавека ААН, і згадка пра Беларусь падчас сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны ды іншае. Незалежны экспэрт Андрэй Фёдараў лічыць, што абмеркаваньне саюзных парлямэнтароў нічога не дасьць:

(Фёдараў: ) "Колькі ўжо заяваў прымалі і беларускі парлямэнт асобна, і Дума вакол нейкіх падзей – нічым гэта не заканчвалася. Гэта будзе чарговае ўстрэсваньне паветра, як звычайна. Нічога большага тут ня будзе".
XS
SM
MD
LG