Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мяне не пусьцілі на сцэну, бо хацеў прачычаць верш Ніла Гілевіча”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Агляд пошты Беларускай Свабоды пачну зь ліста ад вайсковага пэнсіянэра Ўладзімера Лапаціна зь вёскі Пціч Менскага раёну. Слухач паведамляе, што пасьля выхаду на пэнсію купіў у вёсцы хату-развалюху з агародам 60 сотак і пастаянна там жыве. Выпісвае “Народную волю” і слухае Радыё Свабода. Слухае, адзначым, гадзінамі. Тлумачыць ён гэта так:

“За час вучобы і наступныя 26 год вайсковай службы я быў цалкам русіфікаваны. І цяпер ува мне адбываецца зваротны працэс — беларусізацыі. Вашы перадачы на роднай мове мне ў гэтым вельмі дапамагаюць. Апошнія гадоў дзесяць я не прапускаў ніводнага вулічнага шэсьця. І пастаянна назіраў адну і тую ж зьяву: на месцы збору размыты натоўп пры воклічах “Жыве Беларусь!”, “Радзіма! Свабода!…” спакваля выстройваецца ў роўную, па-вайсковаму падцягнутую калёну. Я назіраў гэта і думаў аб тым, як нам, беларусам, не хапае адпаведнай патрыятычнай паходна-маршавай песьні, нацыянальнага гімну.

Я ўважліва сачыў за хадой аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Бачыў, як людзі сьпявалі свой нацыянальны гімн. На нашых вачах у гэты момант утвараўся ўкраінскі народ, украінская нацыя. Украінцаў, якія сьпявалі гэтую песьню, ужо немагчыма было карміць хлусьнёй і ашуканствам, запалохваць АМОНам. У наступным годзе ў Беларусі будуць прэзыдэнцкія выбары. Улада дзейнічае паводле прынцыпу “Падзяляй і ўладар”: разьдзяліла нас на “правільных” і “няправільных”, “сумленных“ і “несумленных”. Перамагчы на выбарах мы зможам, толькі аб’яднаўшыся. На маю думку, у адраджэньні пачуцьця еднасьці вялікую ролю можа адыграць патрыятычная песьня накшталт украінскай”.

Уладзімер Лапацін таксама прапануе правесьці на “Свабодзе” конкурс на патрыятычную песьню ці нацыянальны гімн. Чытаючы ваш ліст, спадар Лапацін, я згадаў пачатак 1990-х гадоў, калі ў Беларусі праводзілася нямала такіх конкурсаў — у тым ліку і на высокім дзяржаўным узроўні. Беларусы дружна шукалі нацыянальны гімн для сваёй маладой дзяржавы. Было нямала варыянтаў, у тым ліку і зусім новых тэкстаў і мэлёдыяў. Але амаль ва ўсіх выпадках у выніковых справаздачах розных конкурсных камісіяў называліся адны і тыя ж апрабаваныя часам творы: “Мы выйдзем шчыльнымі радамі…”, “Магутны Божа”, палянэз Агінскага…

Відавочна, словы і мэлёдыя, якія здольныя аб’яднаць нацыю, выклікаць пачуцьцё гонару за свой народ, павінны валодаць асаблівай энэргетыкай і мець сваю адметную гісторыю. Ці можна стварыць іх на замову, праз конкурс? Пытаньне даволі спрэчнае. Прынамсі, у Беларусі тады, у сярэдзіне 1990-х гадоў, да згоды прыйсьці так і не ўдалося. Ну, а потым дзяржава вярнулася да старых знаёмых песень, і сёньня жыве з крыху падпраўленым гімнам колішняй БССР. Хоць настане час — і да багатых матэрялаў колішніх конкурсаў беларускае грамадзтва, верагодна, яшчэ вернецца.

Наступны ліст — ад Валянціна Цішка з Маладэчна. Слухач распавёў пра тое, чым скончылася ягоная спроба паўдзельнічаць у афіцыйным конкурсе чытальнікаў патрыятычных вершаў. Цытата зь ліста:

“Вырашыў я прачытаць верш Ніла Гілевіча “Сон у бяссоньніцу”. Падышоў з гэтай прапановай да арганізатараў, каб зарэгістравацца. А яны перапалохаліся: “Вы што, — кажуць. — Шукайце іншы верш, гэтых “сьвіней на пагосьце” на сцэну ня выпусьцяць. І вы і мы можам па шапцы атрымаць”. Але пасьля гэтага мне яшчэ больш захацелася прачытаць перад прадстаўнікамі ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму наступныя радкі:

Гэй, дзе вы там? Сьвіньні прыйшлі на пагост І рыюць сьвятыя магілы…”

Алегорыі Ніла Гілевіча вельмі празрыстыя. Тыя, хто пазналі ў іх сябе, натуральна, не дазваляюць чытаць такіх вершаў са сцэны. Гэта адна з адметнасьцяў цяперашняй сыстэмы ўлады ў Беларусі: пад забарону трапілі ў тым ліку і некаторыя паэты (нават народныя). Гэта, бадай, адзіны падобны прыклад у сёньняшняй Эўропе. Хоць, думаю, Валянцін, ня надта далёкі той час, калі вы зможаце чытаць і гэтыя, і іншыя падобныя вершы са сцэны. І можа здарыцца нават так, што ў залі вас будуць вітаць воплескамі тыя самыя чыноўнікі, якія сёньня гэтых вершаў баяцца. Палітычная каньюнктура — рэч зьменлівая. Дзе сёньня тыя начальнікі, якія калісьці ганьбілі і забаранялі вершы Пастэрнака ці Ахматавай? А вершы тыя сёньня на паліцах кнігарняў, у школьных і студэнцкіх падручніках, і ня толькі ў Расеі.

Ліст ад нашай даўняй слухачкі з Асіповічаў Тацяны Барэль. Яна піша:

“Пайшла сёньня ў краму “Тканіны”, каб купіць патрэбныя гузікі. А крамы, аказалася, ужо няма. Непасільнымі для арандатараў сталі новыя ўмовы ўладальніка будынку — Асіповіцкага аддзелу рабочага забесьпячэньня, вось яны і зачынілі краму. Цяпер давядзецца езьдзіць па гузікі ў іншы горад. Да таго ж яшчэ некалькі асіповіцкіх дзяўчат засталіся бяз працы. Не працуе, паводле афіцыйных зьвестак, і палова асіповіцкага рынку. Куды падзецца маладым жанчынам? На што жыць? Як карміць дзетак? Не працуе і наш колісь багаты кардонна-рубэроідны завод. Пакідаюць працу людзі на мелькамбінаце, маслазаводзе. А цяпер кажуць, што на склад працуюць і аўтазавод, і ялізаўская гута “Кастрычнік”…

Нашы мужчыны езьдзяць гастарбайтэрамі ў Расею, у Маскву. Вельмі шмат маладых, якія пасьля арміі аказаліся непатрэбнымі на радзіме. Зьяжджаюць за мяжу знаёмыя жанчыны і дзяўчаты. Крыўдна і вельмі шкада. Ну, няўжо незразумела, што наша краіна ператвараецца ў пастаўшчыка рабоў і рабынь? Няўжо незразумела, што бізнэс затрымлівае людзей дома, вучыць працаваць іх ва ўмовах рынку, а значная частка прыбытку ад яго ідзе беларускай дзяржаве, а не суседзям. Выспа савецкасьці — гэта выспа рабоў”.

Дробны гандаль, бытавыя майстэрні, прыватныя цырульні, невялікія кавярні — гэта эфектыўны спосаб змаганьня зь беспрацоўем у любой краіне. І асабліва ў постсавецкіх дзяржавах, дзе раней сфэра сэрвісу была неразьвітая, а вялізныя прамысловыя гіганты ў новай эканамічнай сытуацыі аказаліся незапатрабаванымі на рынку. Ва ўмовах Беларусі, аднак, адносіны паміж дзяржавай і прыватным бізнэсам складваюцца супярэчліва і час ад часу заканчваюцца крызіысамі — як нядаўна пасьля ўвядзеньня падатку на даданую вартасьць. Прыватны гаспадар для беларускага чыноўніка — асоба нязручная. Імкнецца быць незалежнай, камандаў ня любіць, палітычная ляяльнасьць яго сумнеўная. Да таго ж, якая яшчэ сацыяльная група, апроч дробных прадпрымальнікаў, адважвалася за апошнія гады на такія частыя і масавыя сацыяльныя пратэсты?

На заканчэньне — ліст зь Менску, ад Паўла Чайкоўскага:

“Добры дзень, паважаны Валянцін Жданко. Вельмі мяне хвалюе тэма адзінага кандыдата на выбарах 2006 году. Посьпех можа быць толькі тады, калі кандыдатам стане правераны, сапраўды варты чалавек. Я пакуль бачу ў гэтай ролі двух палітыкаў — Уладзімера Коласа і Зянона Пазьняка. Колас — патрыятычна скіраваны, усімі паважаны, аўтарытэтны грамадзкі дзяяч. Я ўпэўнены: супраць яго ня выступіць ніводзін з магчымых дэмакратычных кандыдатаў. Вельмі важнае значэньне мае тут і прозьвішча. Колас — гэта сапраўды народны кандыдат. Прынцыповае значэньне мае тое, ці гатовы чалавек у імя Беларусі зацугляць свае палітычныя амбіцыі і падначаліць сябе вышэйшай ідэі. Дык вось, Колас гатовы на гэта, і я яму веру.

Што датычыць Казуліна, дык дзіўна тое, што ён часткова хваліць Лукашэнку. Мяне гэта надзвычай насьцярожвае. Безумоўна, Казулін варты павагі. Але ў канчатковым выніку, калі ўзважыць усе “за” і “супраць”, то, апроч шкоды, Лукашэнка нічога не зрабіў. Асабіста я мяркую, што ў кожнай справе галоўнае — гэта матыў. А ў Лукашэнкі ўсе яго справы апошнія сем-восем гадоў матывуюцца толькі адным — імкненьнем захаваць уладу”.

Пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі Беларусь жыве ўжо амаль адзінаццаць гадоў, спадар Чайкоўскі. Гэта быў супярэчлівы час. Палітык, які прэтэндуе на тое, каб стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі, павінен цьвяроза аналізаваць яго, рабіць высновы з палітычных рашэньняў свайго папярэдніка, а таксама з наступстваў гэтых рашэньняў. Гэтыя адзінаццаць год ня выкрасьліш зь беларускай гісторыі. Гэтак сама немагчыма ігнараваць меркаваньне той значнай часткі беларускага грамадзтва (а гэта, паводле розных падлікаў, 30—40%), якая па-ранейшаму падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым сэнсе меркаваньні і ацэнкі Аляксандра Казуліна, які спрабуе аб’ектыўна ацаніць і нэгатыўныя, і станоўчыя бакі палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, выглядаюць зусім лягічнымі.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Раман Зіноўеў зь Лёзна, Алесь Марціновіч з Баранавічаў, Андрэй Цадко зь Берасьця, Ільля Копыл і Віктар Бута зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG