Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступ Лукашэнкі перад дэпутатамі: ці зьменіцца дзяржаўная палітыка?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 19 красавіка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Валер Карбалевіч: ) “Аляксандар Лукашэнка выступіў з пасланьнем Нацыянальнаму сходу. Традыцыйнае штогадовае пасланьне кіраўніка дзяржавы Нацыянальнаму сходу адметнае гэтым разам найперш гістарычным фонам, на якім яно адбываецца. Летась прайшла буйная электаральная кампанія: рэфэрэндум і выбары ў Палаты прадстаўнікоў. Налета чакаецца такая ж маштабная кампанія — прэзыдэнцкія выбары. Атрымліваецца, што 2005 год — прамежкавы між палітычнымі бітвамі. Магчыма, гэта адбілася на зьмесьце пасланьня. Як бы вы маглі ацаніць агульны зьмест і структуру выступу Лукашэнкі перад Нацыянальным сходам?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Самае галоўнае ўражаньне — што ў пасланьні няма моцных канцэптуальных ідэяў. Гэта, відаць, адчуваў і сам Лукашэнка. Таму што літаральна на першай хвіліне ён сказаў, што, мусіць, расчаруе тых, хто чакае гучных ідэяў. Ён матываваў гэта тым, што мы на фінішы. Гэта прагучала змрочна і сымбалічна. Потым было дададзена: “На фінішы пяцігодкі”. Насамрэч, калі ўжо працягваць гэты вобраз, дык можна сказаць, што ў шырокім гістарычным сэнсе на фінішы знаходзіцца створаная ў Беларусі ўладная сыстэма.

Натуральна, гаворка не пра тое, што яна заўтра абваліцца. У яе ёсьць пэўны рэсурс. Але ў ёй няма месца дэмакратыі, рэформам. І гэтыя словы гучалі ў выступе ў нэгатыўным кантэксьце. Разьвіцьцё асобы зводзіцца найперш да рэгулярнай фізкультуры. Цяперашняму кіраўніцтву ня трэба плюралізму думак, разнастайнасьці меркаваньняў у СМІ. Адпаведна, гэтых ідэяў не было ў пасланьні”.

(Уладзімер Падгол: ) “Гэты выступ складаўся зь дзьвюх частак. Першая частка фармальная, напісаная загадзя. Тут Лукашэнка імкнуўся выглядаць салідным палітыкам. Ён без эмоцыяў, бюракратычна прачытваў гэтыя кавалкі. І другая частка. Дамінантамі выступу былі страхі Лукашэнкі перад беларускай рэвалюцыяй, імкненьне ўсялякімі сродкамі запэўніць і выбаршчыкаў, і Захад, і апазыцыю, што рэвалюцыі ў Беларусі ён не дапусьціць”.

(Карбалевіч: ) “Даволі значная частка пасланьня прысьвечаная эканоміцы, эканамічнай палітыцы. На што вы тут зьвярнулі ўвагу?”

(Класкоўскі: ) “У гэтым выступе дамінаваў погляд гаспадарніка, а не палітыка. Таму што сапраўдная палітыка сёньняшнім вярхам і не патрэбная. У эканамічным блёку гучала шмат лічбаў, валавых паказчыкаў. Гэта нагадвала стылістыку колішніх пленумаў ЦК КПСС. Тады таксама ўсё ў лічбах вельмі расло. А потым усё адразу абрынулася. Некаторыя фразы гучаць нібыта добра. Напрыклад, сельская гаспадарка ўпершыню выйшла на станоўчы ўзровень рэнтабэльнасьці. Але калі ўдумацца, то хіба можна ганарыцца, што да сёньняшняга дня большасьць калгасаў і саўгасаў знаходзіліся ў ляжачым стане?

Ці, напрыклад, такая тэза: усяго мы дамагліся без замежных інвэстыцыяў і насуперак шалёнаму вонкаваму ціску. Зноў жа, хіба гэта падстава для гонару? Калі паразважаць цьвяроза, то, магчыма, лепей было б не сварыцца з астатнім сьветам, атрымліваць тыя самыя інвэстыцыі, карыстацца імі напоўніцу і дасягаць значна большых посьпехаў”.

(Падгол: ) “Эканамічны блёк выглядае тыпова прапагандысцкім. Лукашэнка імкнуўся запэўніць выбаршчыкаў, што ўсё цудоўна разьвіваецца. Я, вось, прынес на перадачу прэзыдэнцкую газэту “Советская Белоруссия” якраз за 19 красавіка. І на першай жа паласе паведамленьне пра тое, што ў Баранавіцкім раёне разваліўся шматпавярховы дом за чатыры дні да здачы. Потым, калі прачытаць усю газэту, то высьвятляецца, што тое ж самае здарылася і ў Рэчыцы. Па ацэнках адмыслоўцаў, прыкладна так жыве ўся беларуская эканоміка.

Лукашэнка імкнецца не расказваць пра разваленыя заводы, а пераконвае, што стратных прадпрыемстваў стала менш. Але ён часта шчыра прагаворвае цікавыя прыклады. Так кіраўнік дзяржавы сказаў: у нас ідзе добры гандаль таму, што мы танна прадаем”.

(Класкоўскі: ) “Сапраўды, іншым разам у яго бываюць такія шчырыя фразы. Напрыклад, калі Лукашэнка крытыкаваў будаўнікоў, то кажа: паклалі труну ў лужыну і лічаць, што гэта дом. Вось гэта вельмі красамоўна і, мусіць, аб’ектыўна”.

(Карбалевіч: ) “Галоўная выснова з гэтай часткі пасланьня — курс на ўмацаваньне мабілізацыйнай мадэлі эканомікі. Пра гэта сьведчыць намер прычапляць нерэнтабэльныя прадпрыемствы да прыбытковых, увядзеньне крымінальнай адказнасьці гаспадарчых кіраўнікоў за дрэнныя эканамічныя паказчыкі, вяртаньне акцыянэрных таварыстваў у дзяржаўную уласнасьць, імкненьне забавязаць турысцкія агенцтвы займацца ўязным турызмам. Гонар за нашыя эканамічныя посьпехі дасягнуў такой вышыні, што Лукашэнка заявіў: мы абышлі “іх” у вытворчасьці кампутараў і праграмнага забесьпячэньня. І увогуле, паводле Лукашэнкі, Крэмніевую даліну ў ЗША стварылі беларусы, расейцы і габрэі.

Шмат увагі надаў Лукашэнка тэме “каляровых рэвалюцыяў” і імкненьню іх прадухіліць у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы назваў рэвалюцыі “бандытызмам пад выглядам дэмакратыі”. Як вы можаце пракамэнтаваць гэты сюжэт?”

(Класкоўскі: ) “Відавочна, колькі б беларускае найвышэйшае кіраўніцтва не казала, што ў нас такога ня можа быць, гэтае пытаньне яго моцна непакоіць, яно сядзіць,як стрэмка. Інакш яму б не прысьвячалася столькі часу. Прычым ня толькі падчас публічных выступаў. З пасланьня вынікае, што Лукашэнка чытае стэнаграму ў Вільні, дзе апазыцыя нібыта прасіла шмат грошай у Захаду. Іншая справа, як гэты дакумэнт трапіў да кіраўніка дзяржавы. Заўважце, гэтая частка выступу была найбольш эмацыйнай і найменш дыпляматычнай. “Атрымалі” пэўныя амбасады, замежныя краіны, якія, маўляў, мяхамі даюць грошы апазыцыі.

Быў згаданы сюжэт, які паказалі па беларускай тэлевізіі днямі — пра нібыта 200 тысяч даляраў, якія везьлі з суседняй краіны на дапамогу аднаму апазыцыянэру. Хоць там пытаньне вельмі цьмянае. Калі рэзюмаваць, то адчуваецца, што чым бліжэй да выбараў, тым болей будзе такіх сюжэтаў. Карацей, у нас “каляровую рэвалюцыю” будуць прадухіляць старым правераным мэтадам: праз рэпрэсіі і правакацыі”.

(Падгол: ) “Напярэдадні гэтага выступу Лукашэнкі ў дзяржаўных СМІ былі проста ўнікальныя паведамленьні. Па-першае, газэта “Звязда” за 14 красавіка зьмясьціла інтэрвію зь віцэ-прэзыдэнтам Расейскай акадэміі геапалітычных праблемаў генэрал-палкоўнікам Івашовым. Ён кажа, што ЦРУ распрацавала плян захопу Калінінградзкай вобласьці. І калі гэта адбудзецца, то з боку Беларусі будзе прарваны пярэсмык да Калінінградзкай вобласьці. Прарваны ён можа быць толькі праз тэрыторыю Літвы і Польшчы. З інтэрвію вынікае, што менавіта беларускія войскі будуць прарываць пярэсмык і адваёўваць Калінінград у НАТО. Вось цана прадухіленьня беларускай рэвалюцыі.

Другая публікацыя. Газэта “Рэспубліка” за 5 красавіка надрукавала тэкст Скобелева “Не допустить белорусского Майдана” на цэлую паласу. Гэты ж артыкул зьявіцца ў часопісе “Нёман”. У гэтым артыкуле ўтрымліваецца праграмны погляд каманды Лукашэнкі на Беларусь і ейныя адносіны з іншымі краінамі. Гэты артыкул шэраг дыпляматаў назваў другім выданьнем “Пратаколу сіёнскіх мудрацоў”. Пра ўсё гэта ня кажацца ў пасланьні. Але ўсе гэтыя матэрыялы надрукавалі дзяржаўныя газэты”.

(Карбалевіч: ) “Зьвяртаюць на сябе ўвагу такія дэталі з выступу Лукашэнкі. Зь ягоных словаў вынікае, што ў яго ёсьць стэнаграма закрытага сэмінару ў Вільні прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і Эўразьвязу. Мы ведаем, чым займаюцца ў польскай амбасадзе, сказаў Лукашэнка. Узьнікае пытаньне: адкуль? Чаму ён не баіцца прызнацца, што беларускія спэцслужбы парушаюць міжнародныя законы, вядуць падслухоўваньне замежнай амбасады, зьдзяйсьняюць шпіёнскія дзеяньні на тэрыторыі суседняй дзяржавы? Увогуле, якая вашая ацэнка міжнароднага разьдзелу пасланьня?”

(Класкоўскі: ) “Калі казаць коратка, то нічога новага. Гучалі знаёмыя тэзы, што нашая палітыка шматвэктарная, мы гатовыя разьвіваць стасункі з Захадам, але бяз ціску зь ягонага боку. Лукашэнка патлумачыў кепскія дачыненьні з Эўропай тым, што камусьці ў Эўразьвязе не падабаецца нашая стабільнасьць ды сацыяльная скіраванасьць унутранай палітыкі. Натуральна, гэтая тэза не вытрымлівае ніякай крытыкі. Калі заклік да дэмакратыі і шанаваньня правоў чалавека лічыцца ціскам, то гэта адмоўна характарызуе зусім ня Захад, а мэнталітэт беларускай улады”.

(Карбалевіч: ) “Затое гэтае тлумачэньне, што Захад крытыкуе нас ад зайздрасьці, вельмі зразумелае лукашэнкаўскаму электарату”.

(Падгол: ) “У адносінах да заходніх амбасадаў бачыцца імкненьне запалохаць іх супрацоўнікаў, каб яны згарнулі сваю дзейнасьць у кантактах з апазыцыяй. Некалькі гадоў таму Лукашэнка казаў, што ён ведае пра перамовы ў амбасадзе Вялікабрытаніі. Калі абагульняць міжнародны блёк, то адносіны з усім сьветам зводзяцца да прынцыпу: не чапайце мяне, а я тут буду будаваць квітнеючую Беларусь. Лукашэнка разважаў пра пляны да 2015 году. І як бы жартам сказаў: вы ж ня думайце, што я тут буду да 2015 году. Што ў перакладзе на нашую мову азначае: буду да 2015 году. Пасланьне Нацыянальнаму сходу было найперш пасланьнем пра тое, як моцна ён трымае ўладу. Вось сутнасьць выступу”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова з агучанага пасланьня Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу ў тым, што палітычны курс краіны ва ўнутранай і замежнай палітыцы мяняцца ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG