Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс: "Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу"


Аляксей Знаткевіч, Прага і Алеся Сёмуха, Вашынгтон Дзяржаўная сакратарка ЗША Кадаліза Райс правяла сёньня ў Маскве шэраг сустрэчаў, у тым ліку з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Па дарозе ў Маскву спадарыня Райс у размове з журналістамі выказалася наконт сытуацыі ў Беларусі. Чарговы раз з вуснаў дзяржаўнага сакратара Злучаных Штатаў прагучала слова "дыктатура". Міністар замежных справаў Беларусі жорстка адрэагаваў на заявы Кандалізы Райс.

“Беларусь адкінутая назад з-за прыроды цяперашняга рэжыму, і яе немагчыма куды-небудзь інтэграваць. Народ Беларусі заслугоўвае лепшага лёсу", – заявіла дзяржсакратарка ЗША. Паводле яе, "Расея больш, чым хто яшчэ, выйграла б ад рэфармаванай, дэмакратычнай і квітнеючай Беларусі, дзякуючы патэнцыялу для гандлёвых і эканамічных стасункаў, не кажучы ўжо пра роднасныя сувязі паміж народамі".

Кандаліза Райс лічыць, што весьці перамовы з Масквой пра дэмакратычныя пераўтварэньні ўнутры краіны і ў дачыненьнях з суседзямі ня ёсьць марным заняткам.

(Райс: ) “У сытуацыі з Кыргызстанам мы вельмі добра супрацоўнічалі з Расеяй праз АБСЭ. Тая складаная сытуацыя, якая склалася ў Кыргызстане з вулічных пратэстаў зараз набывае палітычныя формы, якія маюць патэнцыял перарасьці ў дэмакратычны працэс. І ў гэтым мы шчыльна супрацоўнічалі з Расеяй. Я спадзяюся, што гэткія адносіны стануцца мадэльлю дачыненьняў у будучыні”.

Заўтра ў Вільні Кандаліза Райс мае правесьці сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх недзяржаўных арганізацый і палітычных партый. Адказваючы сёньня на пытаньне наконт гэтай сустрэчы ў эфіры расейскай радыёстанцыі “Эхо Москвы”, спадарыня Райс заявіла:

(Райс: ) “Нікому ня выгадная гэтая апошняя дыктатура ў Эўропе, якой зьяўляецца ўлада Лукашэнкі ў Беларусі”.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў жорстка адрэагаваў на заявы дзяржсакратаркі ЗША. “Народ абірае ўладу, і народу Беларусі, а не Кандалізе Райс вызначаць будучыню краіны,” – заявіў спадар Мартынаў.

***

Сёньня ж у інтэрвію тэлекампаніі Сі-Эн-Эн, спадарыня Райс заявіла, што дэмакратычныя арганізацыі Беларусі заслугоўваюць прызнаньня і падтрымкі. Адказваючы на пытаньне, ці ня стануць гэта разглядаць, як падбухторваньне да рэвалюцыі, дзяржсакаратарка ЗША сказала:

(Райс: ) “Перадусім, калі гэта выклікае дэмакратычны прагрэс, чаму гэта кепска для людзей – скінуць ярмо тыраніі і вырашыць, што яны самі хочуць кантраляваць уласную будучыню?”

***

Пасьля візыту ў Маскву Кандаліза Райс накіравалася ў Вільню, дзе сёньня правядзе шэраг сустрэч, у тым ліку і з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі:

• Кандаліза Райс сустрэнецца ў Вільні з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі • Кандаліза Райс і Хаўер Саляна сустрэліся ў Вільні з дэлегацыяй беларускай апазыцыі
XS
SM
MD
LG