Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Воля народу” абірае ў якасьці рэвалюцыйнай атрыбутыкі гістарычныя сымбалі


Ігар Карней, Менск Каардынацыйная Рада грамадзкай ініцыятывы ў стварэньні руху “Воля народу” вынесла на абмеркаваньне выяву знаку, які мусіць стаць візытоўкай руху падчас удзелу ў палітычных кампаніях. Калі да прапановы паставяцца прыхільна, мяркуецца, што і на маючыя адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкія выбары аднадумцы Аляксандра Казуліна пойдуць менавіта пад гэтым сымбалем.

Графічным сымбалем руху “Воля народу” мяркуецца абраць выяву збройнага вершніка ў сонечным авале і з надпісам праз увесь пэрымэтар бел-чырвона-белага поля “Дай сілы, Магутны Божа”. Сёньня знак надрукаваны на першай старонцы “Народнай волі”, і ад гэтага часу прымаюцца прапановы на яго карэктывы. Адзін з аўтараў ідэі — пісьменьнік Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Як на маю думку, дык гэта і вяртаньне да вытокаў, і прычэпка да сучаснасьці. Бог дапаможа, але калі мы толькі будзем разам. Трэба думаць пра сутнасьць, бо сутнасьць без душы, цела без душы ці зьмест бяз формы — гэта марнаваньне часу і ідэі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы спадзеяцеся перадусім на рэзананс сярод чытачоў “Народнай волі” ці мяркуеце ладзіць кампанію з сымбалем руху больш шырокую?”

(Пашкевіч: ) “Безумоўна, хацелі б данесьці ідэю колу як мага больш шырокаму. Публікацыі будуць ня толькі ў “Народнай волі”, цяпер сайт ствараецца, далей будуць пэўныя захады. Мы пра ўсё будзем інфармаваць”.

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў ды рухаў да палітычнай атрыбутыкі ставяцца па-рознаму. Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валеры Буйвал так адгукнуўся да ідэі паплечнікаў былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна ўзяць на ўзбраеньне вершніка з “Пагоні”:

(Буйвал: ) “Справа ня ў колерах, а ў тым, што нельга прывязвацца ні да “васільковага” Статкевіча, ні да Казуліна — нават тады, калі яны прыкрываюцца словам Бог, сьвятой “Пагоняй”. Гэта ўсё чорная імша, якой беларус не павінен верыць. Гэта нават не хаджэньне па пэўнай каляіне, а давядзеньне сапраўдных паняцьцяў і рэчаў да абсурду”.

(Карэспандэнт: ) “А вы пад якімі сымбалямі будзеце браць удзел у палітычных кампаніях?”

(Буйвал: ) “Мы зь першага дня існаваньня Беларускага Народнага Фронту ідзем пад нашым сьвятым бел-чырвона-белым сьцягам і сьвятым гербам беларусаў — “Пагоняй”. І няма прычыны нешта зьмяняць”.

У чым салідарныя прадстаўнікі розных палітычных партыяў, дык гэта ў ігнараваньні колераў цяперашняй дзяржаўнай сымболікі. Чаму палітыкі не выкарыстоўваюць чырвона-зялёнае спалучэньне? З мастацкага гледзішча гэта ацэньвае мастак Сяргей Цімохаў:

(Цімохаў: ) “З пункту гледжаньня мастака гэтае колеравае спалучэньне неэстэтычнае. Нават зялёны — не заўсёды сымбаль аднаўленьня, а ў спалучэньні з чырвоным гэта ўвогуле штосьці вельмі ваяўнічае. Перадусім, як мне падаецца, няма колеравай гармоніі. Значна прыгажэй, калі ідуць спалучэньні белага і чырвонага, гармонія вельмі прыгожая ў спалучэньні чорнае-белае-ультрамарын. Дарэчы, у расейскім сьцягу таксама спалучэньне чырвонага з блакітным у колеравым спалучэньні вельмі дысануе. Заўсёды гэта страката і не стылёва”.

Тым часам лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч мае намер ладзіць сваю перадвыбарчую кампанію ў цалкам зялёнай гаме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG