Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя жыхары шматкватэрных дамоў плаціць падатак на зямлю?


Юлія Шарова, Менск У жыхароў шматкватэрных дамоў, якіх адгэтуль абавязваюць кампэнсаваць дзяржаве зямельны падатак, з траўня ў рахунках за кватэру зьявяцца новыя сумы. У сярэднім гэта каля 1 тысячы рублёў з адной кватэры, хоць сума кампэнсаванага падатку можа істотна вагацца ў залежнасьці ад раёну, колькасьці паверхаў у доме ды агульнай плошчы жытла. Такі новы парадак уводзіцца ў адпаведнасьці з законам “Пра плацяжы за зямлю”.

Ці гатовыя вы да таго, што з траўня ў рахунках за кватэру зьявіцца новая сума — падатак на зямлю? Такое пытаньне я задала мінакам на менскіх вуліцах. Большасьць маіх суразмоўцаў ужо ведаюць пра гэтую навіну ды ўспрымаюць яе даволі спакойна.

(Спадарыня: ) “Я інвалід другой групы, мяне гэта ня тычыцца, я так пачула”.

(Іншая спадарыня: ) “Калі ўсё гэта разьлічана ды апраўдана, то… Я ня ў курсе”.

(Спадар: ) “Для мяне тысяча рублёў — гэта грошы. Гэта бохан хлеба. Гэта вельмі кепска, я б сказаў”.

(Іншы спадар: ) “Усё даражэе. Шукаюць грошы зь нечага. Але ўжо тысячу плаціць я ня супраць”.

(Спадарыня: ) “Нікуды ня дзенесься. Зямля каштуе грошай. Паўсюль, па-мойму, за гэта грошы плацяць. І мы ад гэтага нікуды ня дзенемся, усё адно давядзецца плаціць”.

Сярэдняя сума кампэнсацыі падатку на зямлю, які раней плацілі ЖЭСы, а цяпер вымушаныя плаціць самі жыхары шматкватэрных дамоў, не перавышае 1 тысячы рублёў з адной кватэры. Але, як патлумачыў начальнік упраўленьня эканомікі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Ўладзімер Кісялёў, прыкладна такую суму павінны плаціць жыхары стандартнай двухпакаёвай кватэры. За большыя кватэры плаціць давядзецца болей. Пэўныя катэгорыі грамадзянаў (інваліды, адзінокія пэнсіянэры ды іншыя) ад неабходнасьці кампэнсаваць падатак дзяржаве вызваленыя.

Што да магчымага падвышэньня ставак падатку на зямлю, ад якіх залежыць сума кампэнсацыі, то адпаведныя рашэньні прымаюць толькі заканадаўцы ды мясцовыя ўлады, патлумачыў спадар Кісялёў. Да таго ж ён паведаміў, што цяпер распрацоўваецца праект указу прэзыдэнта, паводле якога падаткі на зямлю для фізычных і юрыдычных асобаў могуць зраўняць.

(Кісялёў: ) “Юрыдычныя асобы — арганізацыі — цяпер плацяць падатак па стаўках для юрыдычных асобаў. А грамадзяне, якія пражываюць у прыватных дамах, і за дзялкі лецішчаў плацяць па стаўках для фізычных асобаў. Таму, магчыма, зраўняюць усё гэта, і стаўка будзе як для фізычных асобаў, а яна ў дваццаць разоў ніжэйшая — таму, магчыма, зусім будуць сьмешныя сумы”.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што ў Беларусі падатак на зямлю вызначаецца штучна — у адпаведнасьці з тым, наколькі трэба напоўніць бюджэт, а ня з рынкавым коштам зямлі.

(Залескі: ) “Гэта звычайны дадатковы падатак на ўладальнікаў жытла. Ён ня мае ніякай сувязі з рынкам, ня мае ніякай сувязі зь якасьцю жытла, зь ягоным месцазнаходжаньнем і з платаздольнасьцю кватэраўладальнікаў. Сацыяльнай справядлівасьці ў гэтым падатку няма ніякай, хоць у нас сацыяльна арыентаванае грамадзтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG